Комплекс лідэраў


Лідэр — вядучы. Спасцігшы хітрасць слова, лідэр ператвараецца з павадыра ў пастыра, затым у правіцца, правадыра, увасабленне партыі, нацыі. Спынімся на першай ступені таінства — павадырстве. Павадыр — той, хто водзіць каго-небудзь, паказвае дарогу. З'яўляецца ім, для прыкладу, вядучы белвытоцкага тэлецэнтра. Яму здаецца, што калі ён прывёў у студыю разгубленага барана, дык без ягонай дапамогі кучаравы сваяк згубіць арыентацыю і, замест да пустарогага сямейства, будзе бэкаць да ваўкоў. Таму ён, хоць у матэрыі ні бэ ні мэ, сцябае чэмпіёна жвачкі павадырскім словам, пакуль той не завые па-воўчы.

Гэта яшчэ паўбяды. Бяда пачынаецца, калі на арэну павадырства выходзіць палітык. Яскравым прыкладам Хрушчоў. Куды ён толькі ні ўсоўваў сваю бульбяную нюхаўку. У Запаляр'і сеяў кукурузу, вучоных пасылаў на курсы да кузькінай маці, паэтам раіў пісаць вершы пад Дзямяна Беднага, з музыкі вымятаў какафонію, кампазітарам загадваў смажыць кукурузныя частушкі, у ААН уводзіў чаравічны бон тон.

Ну, але гэта быў найвялікшы расійскі прыдурак. А на Русі прыдуркаў заўсёды шанавалі. А як павадырыў Горбі, найсвятлейшы крамлёўскі цар? Тыя ж мужыцкія манеры. Запамяталася ягонае павадырства на сесіі Вярхоўнага Савета. Дзейнічаў бы памянёны тэлевядучы. Як толькі Сахараў увайшоў на трыбуну, перапыняў вучонага, збіваў з панталыку, іранізаваў, прыніжаў, аж той зніякавеў. Гэты момант вялікім планам пусціла тэлебачанне. І гэта быў апошні жывы партрэт сумлення нацыі.

А як у нас? Тут кожны павадыр. Пасадзіце ў тэлек Мар-дэ-Янку, Калінку і Млынара. Адзін другога не дапусціць да слова. Кожны будзе цягнуць адначасова сваю песню і мы з гэтага тэрцэту толку не вулузаем.

Комплекс лідэраў — пакута ад няздзейсненага. Гэта вялікая бяда.

Загрузка...