Увесь свет — тэатр, а ўсе людзі — акцёры.
Адны кажуць, час мяняецца. І заўсёды ў неспрыяльны бок для беларусаў. Іншыя перакананы, што кожны народ жыццё сваё робіць сам. Адны і другія адно гавораць, а іншае робяць. Як мой сусед. Непітушчы, а даказвае, што нарадзіўся з чаркай у руцэ. І алкашы падваротныя яму вераць. Клянуцца, што і яны з такога самага генафонду. Іх права, кожны чымсьці ганарыцца. Нас нічым не здзівіш. Толькі і ведаем, што пераключаемся з аднаго коду на другі. Тым больш маўленчага. Мова — пачатак наш і працяг. Хто гэта сказаў? Нейкі сляпы правідзец. Хоцькі — наш працяг!
Усё ідзе як мае быць. Правы чалавека? Аб чым вы, ахрыплыя клоуны словаблудства? Уздумалася Пазьняку паваяжыраваць па дыяспары — Very good! Пожалюста! Вырашыў Шарэцкі адмаліць старыя грахі ў Вострай Браме — гоп у Вільню! Намеціў Быкаў узяць Лінію Манергейма — узяў. Вы, як сабе хочаце, а я за правы для Лукашэнкі. Што ён — не чалавек? Дык чаму вымушаны ездзіць на спектаклі толькі ў Маскву?
Але Лука ўзяўся за розум, даў дазвол на эксперымент — і ў Мінску ўзнік прэзідэнцкі тэатр. Значыць, я туды. А там чарга, як у польскім банку, разгалінаваная. У які хвост учапіцца, хто яго знае. Вымахваючы загранічным пашпартам, праціскаюся да касы. Чаравікі ўзнімаюць вэрхал:
— Нахабнік! — крычаць. — У чаргу!
— Я натавец! — бяру іх на кручок. — Бум-бум!.. Polska! Zagranica! — паясняю.
— Польшча не заграніца! — чую паўзабытую прыказку. — У чаргу! — не здаюцца. — Натапаніўся! — наступаюць.
З выбуховай сітуацыі выцягнуў мяне rodak. Пачуўшы польскую мову, ён клікнуў:
— Пан, иди сюда!
І прапанаваў за долары білет у мрою.
Увайшоў я ў фае і разгубіўся. Усе дзверы на замках. Адчынены толькі ўваход на сцэну. І туды плывуць шчаслівыя ўладальнікі білетаў. Уключаюся ў плынь. Уплываю на сцэну як артыст. Бачу, і іншыя пачуліся артыстамі. Былі імі і спусціўшыся ў глядзельную залу.
— Ці добра я трапіў? — пытаю суседа па мяккіх крэслах. — Гэта той тэатр?
— Той! — супакойвае сусед, ляпаючы мяне панібрацкі па плячы. — Будзь спок, Сіда...
Хто гэта? Па ўсім відаць, важны чын. І адначасова адкрытая ўсмешка радавога грэшніка. І вусы смаляныя дзіўна знаёмыя. Углядаюся... Лукашэнка!..
— Вайшол в театр — і ты воленс-неволенс до последней дзеі раб Melpomeny? — як роўны роўнаму тлумачыць высокі паплечнік.
Во дзе дэмакратыя! Сяджу з прэзідэнтам і не адчуваю, што ён прэзідэнт. Не бачу ў ім ніякага пачуцця ўласнай значнасці. Быццам сышліся старыя аднакурснікі. Ах, Сашка, Сашка! Даўно не бачыліся. Колькі зім, колькі лет! І табе здаецца, што я прызабыў цябе і не здагадваюся, кім ты стаў. А помніш Алачку-Людаедку? Як мы змагаліся за яе! А яна выбрала Лёньку...
А Сашка сваё:
— Понимаешь, автором проекта „Уваход праз сцэну” является директор театра, — накіроўвае мае думкі на патрэбны троп. — А толкнул на творческий взлёт я, — ганарыцца. — Директор точно исполнил указ своего президента, — выяўляе дзяржаўную тайну. — Отличный парень! — хваліць.
— І талерантны народ, знуджаны фарсамі тупіковай апазіцыі, штурмуе касу прэзідэнцкага тэатра, — уваходжу ў слова.
— Ты, Сида, правильно меня понял, — сказаў прэзідэнт і падкрэсліў: — И учти, без применения силовых структур.
— Усё ў ажуры, — стаўлю кропку над „і”.
Раптам прэзідэнт насцярожыўся.
— А ты якой пазіцыі прытрымліваешся? — перайшоў на раўнапраўную.
— Прэзідэнцкай! — без замінкі выпаліў я. І ён, паклаўшы мне руку на плячо, моўчкі кіўнуў галавою і заглыбіўся ў падзеі, якія разгарнуліся на сцэне.
А я, пад свежым уражаннем перажытага, зусім адхіліўся ад тэатральнай пастаноўкі. Мае вочы затуманіла беспрасветная імгла, у якой узнікалі і раствараліся розныя акцёры гістарычнай драмы. Усе з аглабельнай кагорты. На бераг Новага Свету атлантычныя хвалі выкінулі зняможанага Пазьняка. Ачомаўшыся, прамаўляе ён да Статуі Свабоды і аб'яўляе Лукашэнку агентам КДБ і ганьбуе квазідэмакратаў з прэзідэнцкай „гунты”, што пайшлі на калабарацыю з „вар'ятам”. Быкаў, змяўшы Лінію Манергейма, ідзе на паўторны штурм Берліна. Бліскае высунуты ў рэванш валявы падбародак Мар-дэ-Янкі. За беларускую гасціну патрабуе ад цывілізаванага Захаду санкцый (не на каленях праводзілі). Змагарным пугаўём смаліць Лукашэнку наш Мірановіч: то за касацыю нацыянальнай памяці, то за патаптаныя сімвалы. Лясь-лясь-лясь! У арэоле славы на першы план выходзіць шчодры Шарэцкі. За стратэгічнае партнёрства ў барацьбе з „крымінальным” прэзідэнтам узнагароджвае „Ніву” спонсарскім фондам. За сцэнай чуваць дружны вокліч ніўскіх шчалкапераў „Служым Шарэцкаму!” Бум-бум-бум! Бах! На чале бандфарміраванняў урываецца ў мой калейдаскоп ярасны Шушкевіч. Шалее:
— Я паваліў Савецкі Саюз, павалю і Луку! — пора плакатаўказальным пальцам у нас...
Грымнула, ляснула, зашумела. І я за межамі рэальнага жыцця. Нейкі форум. У прэзідыуме кіруючыя галовы. На ўквечанай трыбуне прафесійны лапатун. Пляце кашалі з лапцямі. Слухачы заняты сваім: хто ў носе калупае, хто ў вушах. А найбольш кемлівыя сядзяць у буфеце: асвяжаюцца вінцом, падсілкоўваюцца „татарам”. Кіраўніцтву таксама маўленчая трыбуна не ў галаве. У калектыўным чэрапе варыцца інтэграцыйная думка: як мабілізаваць дысцыпліну аўдыторыі? Узнёслая ідэя стыне ў дрымотнай фазе варкі кіруючых галоў. Бедныя, зрабілі б уваход у залу цераз прэзідыяльнае ўзвышша — і галаваломнае пытанне знікла б з павесткі дня.
Не дадумаліся. Якія цельпукі кіравалі намі!