Урэшце нашы павадыры без нашай волі ўвялі нас у НАТА. Кажуць, дэмакратычна, ажыццяўляючы адвечныя памкненні продкаў.
— Мы ўжо ў свабодным доме! — уздыхнуў з палёгкай вызваленага ГУЛАГаўца Юрась Бузук.
— Аб чым ён? — навастрыў вушы Вялікі Электрык. — Дык у чыім доме жылі мы дзесяць год, калі я вывеў вас з Пакутнай зямлі? — лыпаў няўцямнымі вачыма.
— У сваім,— патлумачыў адсталаму электрыфікатару мудры Санюта Квас. — Але вісеў над намі меч Лукашэнкі.
— Цяпер дамо прыкурыць калгаснай гнідзе! —дзвынкнуў бліскучымі шпорамі апрануты пад улана міністр абароны.
— Цяпер — мы! — падтрымаў міністра дучэ.
— На Лукашэнку! — вытыркнуўся як Піліп з канапель pan Zenon, экзыльны антылукашэнка.
— На гніду! — падхапіў кінутае фанабэрыстым уланам слова pan Stanisław, антылукашэнка падпольны.
Ваяўнічых рупліўцаў астудзіў разважлівы міністр замежных інтарэсаў. Узняўшы ў блакітную столь прафесарскую бародку, ён глыбокапаважна спытаўся:
— Панове браты, а што на гэта скажа Вялікі Брат? Дык за ім вырашальнае слова.
Прысаромленыя госці, праклінаючы ў душы Сексаголіка, апусцілі насы і ў журботным настроі пакінулі ўрачыстую сустрэчу. Нашым павадырам свята не сапсавалі. Юрась Бузук і Санюта Квас, абняўшыся, віравалі ў эйфарыйным танц-парадзе і з вышыні свайго рангу ўперамешку ўзбуджана вяшчалі:
— Я!
— Я!
— Гэта ўсё я!
— Я!
— Мне дзякуй, народзе!
— Мне!
У сваю чаргу натаапрануты ўлан апантана малоў пра нейкую „першую лінію”.
— Я цяпер на першай лініі! — захліпаўся ад шчасця. — Я — першалінеец! — выпучваў грудзі.
— Усе за аднаго, адзін за ўсіх! — храбрыўся.
— Я гатоў! — кляўся.
— Wolnoć Tomku w swoim domku! — падагуліў узнёслую ўрачыстасць Вялікі Электрык, забыўшыся на падзею, дзеля якой зышлася павадырская эліта. А мо ляпнуў старапольскім выслоўем так сабе, без палітычнага падтэксту? Ён, вядома, за словам у кішэнь не лезе.
Як і я:
НАТАслоўцы
НАТА. Ад Наталій, Наталія (лац. natalis — родны).
Ната, Даната, Натан, Рэната, Фартуната.
Натала, Наталенька, Наталечка, Наталка, Наталанька, Наталачка, Наталушка, Наталька, Наталюшка, Натальля.
Натанечка, Натанька, Натанюшка, Натаня.
Натаха.
Натачка.
Наташа, Наташанька, Наташачка, Наташка, Наташонка, Наташонак.
Натка.
Наток.
Натоленька, Натолечка, Натолька, Натоля.
Натоха.
Натоша, Натошачка, Натошка.
Натуленька, Натулечка, Натулік, Натулька, Натульчык, Натуля, Натуня.
Натусенька.
Натусечка, Натусік, Натуська, Натуся.
Натушка.
Націк.