Фалас лунае над Сеймам


У гарадах з гукам сыплюцца „шкляныя” дамы, у трушчобах бясшумна замярзаюць бамжы, вымірае вёска, карупцыя точыць дзяражву — усе даюць, усе бяруць. А над Сеймам лунае здань Фаласа.

Матэрыя дэбатаў не новая, з сеймавай гісторыяй: „Prezentacja organów płciowych w trakcie stosunku”. На затрыбунным экране эратычны канал. Знямоглыя ў эмоцыях паслы таўкуць у грахоўнай ступе губную пену. Ужо вызначылі грахоўнасць палавых органаў. Найперш падзялілі „інструмент”, які заўсёды носяць з сабою, на дзве катэгорыі: „мяккія” і „цвёрдыя”. Паколькі пераважалі лысыя імпатэнты, чупрыністая меншасць пагадзілася аднесці „мяккія” ў разрад безграхоўных. Бой успыхнуў за „цвёрдыя”. Імпатэнты аб'явілі гэты гатунак ачагом парнаграфіі і патрабавалі суровага пакарання: 10 гадоў турмы за само выяўленне „цвёрдасці”.

У спрэчках выступілі:

Я. Нямцэвіч (віцэ-міністр справядлівасці): — Нідзе яшчэ ў Еўропе, а мо і на свеце, няма такога вобразнага паняцця парнаграфіі. Мы апярэдзілі Еўропу! Толькі трэба завастрыць форму „цвёрдасці”, каб суддзі ў час працэсу не рагаталі.

С. Іваніцкі (AWS): — Пытанне да прэм'ера. Ці становішча пана міністра Нямцэвіча з'яўляецца становішчам міністра справядлівасці?

Е. Бузэк: — Гэта становішча Міністэрства справядлівасці.

З. Пупа (АWS): — Ваюем за Польшчу! Хай пан прэм'ер не ўхіляецца ад такой важнай справы. Хай пан прэм'ер скажа, ці пан за парнаграфію ці супраць?

Э. Бэндэ (UW): — Прашу прабачэння, гэта дурдом?

Маршалак: — Пытанне не на тэму.

А. Бэнткоўскі (PSL) ставіць пытанне на тэму: — Калі селянін асемяняе казу, гэта парнаграфія ці навуковы эксперымент?

Маршалак: — Proszę o zachowanie powagi.

Я. Сасноўская (SLD): — Пара канчаць навуковыя разважанні. Калі пачнём караць за калектыўны гвалт, а не за „цвёрдыя” карцінкі?

Дэбаты скіраваліся на імпатэнцыю Міністэрства справядлівасці. Цікава, чым закончыцца вайна з Фаласам? Дык сам белы папа прыхільнік гэтага бога. Усё заахвочвае да цялеснага кантачання.

Мая прапанова: трэба пачынаць з сябе, спадары засядацелі. Выдаць загад сеймавай стражы: — Упускаць у Сейм толькі „мяккачленных”, „цвёрдаінструментальных” — у астрог!

Застаецца нявырашанай юрыдычная загваздка: колькі гадоў атрымае зламыснік за парнаграфію з законнай жонкай?

Але гэта я ляпнуў без канкрэтнага адрасу.

Загрузка...