Падзеі пайшлі не ў той бок. Сталіцу свету з Масквы перанеслі ў Нью-Йорк. А на якога ражна? Каб з поступу часу ўвайсці ў наступ бясчасся? Муляла братняя рука дапамогі? Варшаўская дамова не падабалася?
Апанавала нас засцянковая мегаламанія. І выстаўляем яе як казырную карту. Куды ні накіруй тэлевізар, узбуджаныя дзяржаўныя твары. „Учарашнія” і „пенапластыкі”. Торжышча словаблудства!
Далдоняць да знямогі. Усе „най”. Усе за законы Дабра, Ісціны і Хараства. Бы зышлі з іканастаса. Палякі, чэхі, украінцы. Толькі ў Лукашэнкі крыважэрныя іскры ў вачах. Асабліва, калі даказвае, што цэнтр Еўропы ў яго. А ў каго цэнтр Еўропы, то вядома...
Каб толькі за чубы не ўзяліся. Нават урачыста-ўзнёслы Кучма тырчыць:
— Цэнтр в мэнэ!
Адкрыў спрэчную пупавіну ажно ў Карпатах. Гавел тэатральна надуўся. А ці мне апісваць, як гарыць нецярпеннем уступіць у бой каталізаванае сэрца Санюты Кваса?
І ўсё з-за перамяшчэння сталіцы свету, а з ёй і бескарыснай дружбы. Новы суверэн — не Хрушчоў, што за добры ўспамін падарыў Крым украінцам — навечна замацоўвае за сабою права віраваць планетай. Дык уладалюбныя еўрыкі схапілі за хвост хімеру, ілюзорную кропку на геаграфічнай карце. Толькі „цэнтр” не перадалі яшчэ амерыканцам. Мазгі даўно ўжо за акіянам. А сэрца? Чаму ніхто не хоча праліваць ні слёз, ні крыві за сэрца Еўропы? Пачуцці перамагла геапалітыка. Сэрца, нюхам адчуўшы працэс, саматрансплантавалася ў Новы Свет.
Застаўся „цэнтр”. Хто пераможа? У Лукашэнкі нулявыя шанцы — сусветная супольнасць і Мірановіч не дапусцяць, каб нелегітымны сатрап валодаў „цэнтрам”. Кур'ёзным бачу анексіянісцкі сверб Кучмы. Гавел здасца без бою. Выходзіць, арэол славы ўзвенчыць узбуджаны твар недаспелага магістра.
І ён, у рамках традыцыйнай польскай талерантнасці, прымірэнча пацісне гаспадарскую руку двойчы магістру, і скажа;
— Я — Аляксандр і ты — Аляксандр; мы абодва пераможцы. Цэнтр у Белменіі. Сочтемся славою...
А мы? Што падкінута нам, звычайным заложнікам вялікай палітыкі? Калі паслухаць беларускіх вучоных, мы павінны толькі маліцца за грахі самаедства.
Затыкаю вушы.