Пярэкрут у пекле


— Я да вас, спадар Вельзевул, як да апошняй інстанцыі, — корчыцца перад лысым чортам пярэкрут. — Верай і праўдай служыў на карысць нашай справы, а стаю ў чарзе бязродных касмапалітаў. Гэта мне зусім не падабаецца. Хачу стаяць між лепшымі з лепшых.

— Не ў маёй кампетэнцыі, таварыш сакратар, — суха адказаў лысы чорт і натапырыў увысь крутыя рогі. — Сігай у смалу! — гаркнуў. — Чарцей не выбіраюць.

Пярэкрут на хвіліну слупянее, потым, успомніўшы рымлян, стукае абцас аб абцас і аддае чэсць лысаму:

— Ідучыя на смерць вітаюць цябе!

Рагач не ведае рымскага блазнавання, грукае касматым капытам аб брукаванку, высланую добрымі намерамі.

— Сігай! — таропіць.

— Рад старацца! — вярнуўся ў сваю стыхію пярэкрут і палез у саган. Яму запляскала чортава чэлядзь. Вельзевул прылізаў запэцканымі лапішчамі пучок шчэцця на лысай галаве і вылупіў здзіўлена бельмы: пярэкруту і пекла — руская баня.

— Падкіньце жару! — просіць той. Раздаюцца бурлівыя апладысменты. Пярэкрут вынырвае з ліпкага смалянога варыва і заліваецца задорлівым рогатам:

— Служу Ca...Ca...Сатане!

— Ты — мне?.. Ты — мне? — здзіўляецца ў бяздонным цемрыве рэха.

Не выключана, што пярэкрут трапіў у пекла ў выніку заганнай фільтрацыі.

Загрузка...