Як ні дзіўна, але П. Філюку заўсёды сняцца праведныя сны. Дзякуючы ім стаў ён пазачасавым шчалкапёрам. За маанцаў славіў герояў векапомных дзён, узнімаў сцяг перамогі святла над цемрай, а перш за ўсё — даказваў шляхетнасць свайго роду і фальшывасць Арцёмкіна і ягоных нашчадкаў. У выяўленчым запале губляў пачуццё рэальнасці. Арцёмкіны былі на плыні і маанскі веснік, каб не прыдбаць уплывовых ворагаў, не пускаў на свае палоскі мройных наскокаў ідэйнага маанца, чым наклікаў на сябе справядлівы гнеў мройніка. Сны рваліся, затым выбухалі з новай сілай. П. Філюк не здаваўся ў баях за новы лад.
Прайшлі гады. Задрыпонія вярнулася ў ранейшую стадыю. Маанскі веснік разам з маанцамі кануў у Лету. На небакраі адроджанага жыцця нарадзіўся і адэкватны вястун — выразнік запаветных думак сонцавітаў. Паплылі новыя казкі і новыя песні. І першым запявалам аказаўся авангардыст маанцаў. Цяпер, узяўшы на ўзбраенне святыя вартасці, паганіць чорную ноч маанскай акупацыі і славіць узышоўшае над Задрыпоніяй доўгачаканае сонца. Заадно сноўдае змагарным пяром у азіяцкія рылы былых саратнікаў.
— Кожны нумар адкрывалі партрэтам свайго любімага правадыра, — дакарае. — Крытыку душылі!
Ведае, хто ж будзе рыцца ў ягоных снах. Спадзяецца і на маанцаў: не пакінулі ж сонцавітам неапублікаваных мрояў. На ўсякі выпадак застрахаваўся ўсхваленнем Арцёмкіных, заганы якіх у новай рэчаіснасці набылі станоўчую якасць.
— Ганаруся такімі землякамі! — заявіў.
Убачыў П. Філюк і страшны сон: сусед Васька Ук, якога надоечы сцябаў за службу ў грахоўнай маанскай фармацыі, зноў наверсе. Дык прачуліў гонарам і сяброўствам Ваську.
Флюгерны П. Філюк. Не вырывайма яго з гаючых сноў. Можа прачнуцца ў непрадбачанай рэчаіснасці.