XIII

Апрытомнеўшы, старая Рэпчыха ўчула нязносны, што разрываў пашчэнку, боль і прытарна саланаваты смак крыві. Яе набралася поўны рот. Рэпчыха паварушыла языком, злавіўшы і намацаўшы яшчэ нешта цвёрдае і калючае, як жарства. «Дзе я і што са мною?» — яна хацела падняць голаў, але ў патыліцу стрэліў і нібы раскалоў яе той самы нясцерпны боль. «Я забіта ці жывая?» — Рэпчыха паварушылася і разабрала нарэшце, што ляжыць на току, а на ёй мяккім цяжарам упокат наваліліся сцішэлыя людзі. «Ах, божа, нежывыя!» — у халодным страху варухнулася яна, і ў правай пашчэнцы зноў аддаўся боль. «У мяне, мусіць, выбіты тры кутнія зубы. Адзін — верхні, два — ніжнія: тыя тры здаровыя зубы...» — Рэпчыха абмацала языком калючыя асколкі і выплюнула іх з рота, учуўшы ўжо, што ад болю камянее язык.

«Гэта ж у нас стралялі! Божачка літасцівы!..» — яна пацягнула да сябе самлелую руку і, нарэшце, вырвала яе з-пад шорсткага суконнага каптана, і ўспомніла, што ў суконнай сівай куртцы быў Улас Корсак. Рэпчыха з намаганнем адкрыла цяжкія, як налітыя чым, павекі і ўбачыла поруч каля сябе застылы, у сівавата-радкаватай шчаціне няголены твар Уласа Корсака. У кутку рудога вока дрыжала, адбіваючы святло, круглая неразлітая кропля слязы.

— Улас, Улас, чуеш? — яна патармасіла яго за плячо, але Корсак не аказаўся.

«Матка святая, пастралялі... Няўжо ўсіх?» — яна павярнула голаў і ўбачыла каля сябе круглявыя ў плюшавай камізэльцы жаночыя плечы,— на іх спадала тоўстая русявая каса, з-пад якой на плюш сачылася рудая кроў. «Аленка, Сяльвестарава Аленка гэта. А дзе ж яе дзіцятка?» — за плячом у маладзіцы, каля цёплых яшчэ грудзей Рэпчыха намацала кучаравую дзіцячую галоўку. «Жывое ці не?» — яна падсунула руку пад слізка-кучаравыя валасы і падняла галоўку, чуючы, што тая каменем ападае з растапыраных пальцаў.

«Людцы! Людцы!» — Рэпчыха прысела, убачыўшы круга сябе груду абы-як пападаных жанчын.

Каля дашчанага пярыла далей ад яе, куды з пабітых, зрашэчаных дзвярэй падалі коса-сіняватыя слупкі сонца, нехта заварушыўся і застагнаў.

«Во жывы»,— не то ўзрадавалася, не то перапалохалася старая Рэпчыха. Вырваўшы ногі, яна пералезла праз Корсака і папаўзла туды, адкуль чуўся гэты спакутаваны, страшны стогн.

За дзвярмі нехта загаварыў, потым пачуўся рогат. Зводдаль ад гумна крычалі па-нямецку: «Штрайхгольц!»[18]

«Што гэта? Няўжо паліць будуць?.. Няўжо шукаюць запалкі?»

Рэпчыха яшчэ з той вайны, калі рабіла ў Дварчанах на нямецкай бойні, прыносячы дадому трыбухі і каровіныя пыскі, ведала, што значыць «штрайхгольц». Тады яна на ваганетцы вывозіла ў выкапаныя зводдаль бойні глыбокія ямы смярдзючыя вантробы. I за ёю нават падходжваў лупаваценька-бялявы і не брыдкі з твару немец, што рабіў на канюшні, даглядаючы сытых коней. I бог адзін ведае, што было б з гэтым немцам, каб яе, тады маладую ветраную дзяўчыну, не адшлёгаў папружкаю і не прагнаў з той нямецкай бойні ўстрывожаны бацька.

I цяперашні голас немца здаўся Рэпчысе чамусьці падобны да голасу таго маладога лупаценькага бялявага немца:

— Штрайхгольц!

«Пэўна ж, будуць падпальваць гумно, як падпалілі ў Лезьнявічах, во гэтаксама з людзьмі».— Рэпчыха сцялася і ад болю, што разрываў пашчэнку, праймаючы сэрца, і ад страху, што яна жыўцом згарыць.

Абдзіраючы калені аб халодны палушчаны ток, яна падпаўзла да жанчыны, што, прываліўшыся тварам да дошак, стагнала і курчылася, то выцягваючы, то падцягваючы пад сябе ногі.

Рэпчыха павярнула яе і ўбачыла бялявы ў жоўтых плямах твар цяжарнай маладзіцы — суседчынай нявесткі, што летась прыйшла на Прылуцкія хутары замуж недзе з далёкай вёскі.

— Ты жыва? — спытала Рэпчыха з перапалоху, болю і адчаю, забыўшыся нават маладзічына імя.

— Ой, якая вы, цётка, страшная,— у маладзіцы вырачыліся вочы.— Вы ўся ў крыві.

— Дзіва што,— Рэпчыха падняла руку і на вогненна-балючай шчацэ ўчула цёпла-ліпучую кроў.— Але ўцякайма. Пад падрубу, ці як... Бо згарымо, жыўцом згарымо. Няхай крые бог!

— Я, цётачка, во радзіць буду...

— Можа, ператрываеш?.. Можа, як уцячом...

— Буду радзіць, хоць мне і не пара. Вой!..— застагнала і затраслася ў сутаргах маладзіца, то падкурчваючы, то выпростваючы ногі.

— Во гарыць, дальбох, гарыць гумно,— азірнулася Рэпчыха на сухое патрэскванне і шум агню, што выпаўзаў з-пад застрэшка ў сярэдзіну гумна.

— Цётачка, пад падрубу лезце. Можа, уцячыцё.

— А ты, дзеткі мае?!

— Я ж не магу, у мяне рука прастрэлена і перабіта плячо. Як нежывое, адзервянела ўсё.

— Я ж памагу. Што ты, маладзіца?

— Не, цётачка, не. Ужо з дзецем сваім дайду тут, дзе ўсе.

— Божачка літасцівы, вунь агонь! — закрычала Рэпчыха, азіраючыся на клубок полымя, што віўся пад самую кладку гумна, злізваючы сівыя лапікі павуціння.

Яна перавалілася цераз пярыла і ў гарачцы, забываючыся пра боль, што камянеў у пашчэнцы, пра кроў, што залівала яе, папаўзла па леташняй, перацярэблянай мышамі саломе, да дзіркі, што свіцілася ў падрубе. Ткнулася лобам у сцяну і пачала грабці халодны сыпкі пясок, каб выграбці камень.

Па гумне ўжо віўся і пах старою саломаю гаркаваты лым.

Пад страхою гуло, як у вялікім коміне, а за пярылам на току нема ўскрыквала і з падвываннем стагнала маладзіца.

«Ах, божа літасцівы, яна, мусіць, родзіць»,— ткнулася назад да пярыла, але, убачыўшы полымя, што бушавала і вілося там каля дзвярэй, пад якімі ляжалі купаю пабітыя людзі, павярнула назад і нарэшце тут, у застаронку, на вышыні грудзей у сцяне згледзела забітае аполкамі аконца. Праз яго, мусіць, лазілі ў гумно каты і ўзляталі нясціся куры — свае і чужыя.

Рэпчыха, ловячы рукамі шурпатыя, патрэсканыя дзеравіны, ускарабкалася, паднялася да аконца і ў бяспамяцтве, у шалёнай гарачцы пачала адрываць закурэлыя пылам аполкі. Дзе ў яе знайшлася і сіла — са сцяны з балючым скрыгатам і віскам лезлі вялікія ржавыя цвікі.

Яна ўсунулася ў праломанае аконца, звалілася на затравелую зямлю і пад чорнаю хмараю дыму, што смуродзіў ужо гараным мясам, адпаўзлася ад гумна, пакідаючы на руні крывяны след. Рэпчыха нават не помнілася, што рабіла. Яе гнала нейкая страхатлівая, нечуваная сіла, што трэба ўцякаць, што трэба ратавацца ад агню. «Не дай божа згарэць жыўцом».

I яна паўзла разам з чорным дымам далей ад хутара, паўзла па кусцістым саладжавым жыце, што не завілося яшчэ ў трубку, покуль не знемаглася зусім і не звалілася ў разору. На нейкі міг яна зноў страціла прытомнасць, ачуняўшы ўжо ад агню — на галаве, прысмальваючы патыліцу, гарэла хустка.. Яна сарвала яе і, глытаючы едкі, смярдзючы дым, папаўзла далей у ялаўцовыя кусты. Ад гумна нязносна і моцна смуродзіла падпаленае мяса — там у гумне гарэлі пабітыя людзі. Там у пякельным полымі гінула з народжаным дзіцем суседчына нявестка.

«Вялікі божа, дзе ж які ратунак, дзе ж якая рада на гэтым свеце?» — Рэпчыха застагнала і ад болю, што хватаў за сэрца, і ад таго, што перажыла, што бачыла тады, калі яе Жэнік прывалок да калодкі раненага казака, што застрэліў суседчына дзяўча, каб адсекчы яму — няхай крые бог! — голаў,— і сёння, калі прыехала танкетка з немцам і хутары пачалі акружаць конныя казакі, зганяючы на выган людзей. I першае, што яна згледзела, усунуўшыся ў акно, як выгналі з Дабруковай хаты, як жонка з хлопчыкам цягнулі хворага на тыф, бяспамятнага ад гарачкі самога Дабрука.

А потым ажно трое з вінтоўкамі падышлі да іхняга хутара. У хату ўсунуўся толькі адзін — двое стаялі напагатове абапал дзвярэй на надворку,— і дыхнуў перагарам ёй у твар: «Выходи-и!»

Да купкі перапалоханых кабет (мужчыны з хутароў уцяклі яшчэ ўчора, пасля той перадрагі, калі казак застрэліў Юзікаву дзяўчыну) яе, старую Рэпчыху, падагналі, мусіць, самай астатняй.

Перад дрыготкімі збялелымі хутаранскімі кабетамі стаяў высокі ў сівай каракулевай, трохі закінутай на патыліцу папасе чырванашчокі, як яна дагадалася, казацкі начальнік і малады бялявы ў скураных пальчатках і вітымі пагонамі нямецкі афіцэр.

— Бандытэн есть? — спытаў нямецкі афіцэр.

Рэпчыха, зразумеўшы, што дапытваюцца, мусіць, наконт таго, хто забіў казака, падышла бліжай да немца — ад яго атрутна, ажно забіваючы дух, пахла адэкалонам,— і цікавата, нават спакойна сказала:

— Я тут адна вінавата, пан германяц... Застрэльця мяне. Нашто ж усіх.

Нямецкі афіцэр, моршчачы злосна лоб, зірнуў лупаватымі вачмі на высокага казака і пачаў здымаць мяккія скураныя пальчаткі — яму, пэўна, зрабілася горача.

— Кто еще знает, где скрываются бандиты? — перакасілася тонкая дрыготкая губа ў казацкага афіцэра.

Жанчыны, сутаргавата ўздыхаючы і тулячы да сябе дзяцей, адступіліся далей. Іх, мусіць, спалохаў гэты нечака-ны крык.

— Я ж кажу, адна я вінавата,— Рэпчыха, абыходзячы рослага ў доўгім шынялі і сівай з чырвоным верхам папасе злога казака, падступалася да нямецкага афіцэра.

— Ты, старуха, постойка,— казак дужаю рукою хапіў Рэпчыху за плячо і адкінуў ад сябе.— С тобой разберемся.— I сцегануў плёткай сабе па халяве.— Долго думаете... Ну-у-у?!

На нечых руках з перапалоху заенчыла і заплакала дзіця. I, трацячы прытомнасць, збялелы ўвесь абсунуўся з жаночых рук хворы на тыф Дабрук.

— Тогда я прикажу всех вас сжечь... Все-е-ех! — затрос галавою і, заплюшчыўшы вочы, адвярнуўся казак.

— Кажу ж вам, я адна тутака вінавата,— Рэпчыха ўпала і на коленках папаўзла да яго ног.

I тут ёй нечакана, аж зазвінела ўсё ў галаве і пацямнела ў вачах, у голаў смальнуў, як вялізны камень, цяжкі акуты бот.

Там, на раскіслым лужку, дзе зелянілася нізкая першая трава, пачалі яе біць. Ботамі. Афіцэру, падскочыўшы, памагалі яшчэ двое маладых казакаў. Як яна вытрывала і не сканала там на сырым лужку, на маладой траве, ведае адзін толькі бог. Казак з немцам, здаецца, пачалі потым пра нешта распытваць, але яна ўжо нічагутка не чула. Чула толькі боль і шум у галаве. Ачуцілася, прыйшла да памяці, калі прывялі ў гумно.

Гэты шум вірыў у галаве і цяпер. Адчуваючы, што страціць прытомнасць, што яе могуць убачыць, на голай сіваватай ад моху ялавінцы, Рэпчыха з астатніх сіл, падпіхваючыся нагою, марудна на боку падсоўвалася да высокага і вастраверхага, як верацяно, ялаўцовага куста. На яе дыхнула густым пахам сырога моху, гаркаватымі ялаўцамі, і яна, учуўшы радасць выратавання, адкінулася на спіну і паплыла зноў у чорную прорву...

Прыйшла да памяці яна ўжо шараватым вечарам, убачыўшы спачатку на сінім небе вышай ружаватай, трохі блеклай паласы ясную палавінку маладзіка, а над ім і трохі збоку дзве зоркі: адну чырванаватую, дробную, другую — большую і зырка-калючую, а потым учула ўжо і голас.

— А я думала, што ўжо і не даклічуся вас, што вы памерлі ўжо.

Гаварыла Алеся. Толькі цяпер, павярнуўшы трохі голаў, Рэпчыха ўбачыла апухлы ад плачу і акружаны бела-сіняй клятчатай хусткай Алесін твар. Яго абліло рэдкай чырванню нізкае вечаровае сонца. I Алесіны слёзы на шчоках таксама рдзелі, пераліваліся чырванню, выдаваючы кроплямі крыві.

— Я знайшла вас па следу. Ён увесь у крыві... Спадзявалася, што гэта бацька.

— Ён...— Рэпчыха хацела сказаць: там, у гумне, але ўчула, што не можа паварушыць языком,— скамянела ўся пашчэнка і баліць, ные нясцерпным болем косць недзе далей, на патыліцы.

— А божачка мілы,— Алеся здрыганулася ад свае страшнае здагадкі, што бацька там, у гумне, у купе прысыпаных чорным пластом попелу абгарэлых трупаў.— Вы толькі адна вырваліся з гумна... А людзі яшчэ і цяпер баяцца падысці да пажарышча. Людзі адцураліся ды выракліся ўжо самыя сябе.

— Смажыць мяне, смажыць,— зяхнула толькі ротам, але не вымавіла гэтага старая Рэпчыха.

Але Алеся дагадалася:

— Я зараз збегаю. Прынясу вады і акрыцца чым, бо скалееце за ноч. Вунь які страшны ў вас твар. I распух. Мусіць, разрыўная куля папала, ці што.

Рэпчыха, пазіраючы на месяц, што калыхнуўся пад калючай зоркай, чула, як тупка аддаляліся Алесіны крокі на вузкай сцежцы, што, абягаючы ялаўцовыя кусты, вілася поруч з дарогай.

Яна закрыла вочы і зноў паплыла ў бясконцую і мяккую, як хмара, цемнату, ачуціўшыся ўжо ад таго, што нехта падымаў яе пад голаў і ліў у рот са збанка шчымліва халодную ваду.

— Алеся?..

— Я гэта, я,— азвалася Алеся і знямела ўжо сама, успомніўшы гумно, старую Мондрыху з Еўкай, той вечар, як яна во гэтаксама паіла іх са збанка,— атрутаю. «Пэўна, за гэта да бацькі прыкінуўся грэх, бо згарэў у гумне»,— падумала ў страхатлівай гарачцы яна і адступілася ад Рэпчыхі.

Загрузка...