Памагчы вычарпаць прывязаным да шаста вядром турэмную прыбіральню, да якой з немалою на возе бочкай пад’язджаў худаваты і загарэлы, як смугаль, і надта гаваркі Піліп Мурзіч, блізкі ад горада хутаранец, з задушлівай, натоўчанай людзьмі камеры выганялі чамусьці Імполя.
Праўда, тут, каля разбоўтанай, нязносна смярдзючай ямы было ўсё ж лягчэй і ад міла сляпучага сонца, і ад вострага піску трапяткіх стрыжоў над галавою, і ад Піліпавай гутаркі, калі ён, пасмехваючыся і выскаляючы свае белыя зубы, расказваў, як і каму чысціў прыбіральні і што нядаўна пад вокны вываліў усё змесціва казацкаму сотніку, што, напіўшыся, згубіў вальтэр. Прыбіральню апаражнілі, загадзілі гарод, а вальтэра не знайшлі.
— А вы нешта ж мала... Менш, як той адзін сотнік. Не будзе чым і поле ўдобрыць,— гаварыў ён ужо з адстойніка, гэтай цэментнай ямы пад туалетам, залезшы туды ў гумавых за калені ботах, калі яны назаўтра вычарпалі адтуль добрую палавіну.— Хоць, як вас тут накормяць. Скуль яно будзе брацца?
— Што тут казаць, ходзім адной кроўю,— Імполь задыхаўся ад густога смуроду, прымаючы з Піліпавых рук поўнае вядро.
— А ты за якую правіннасць папаўся? Га?
— Ды лічы ні за што. Шыюць знашэнне з парцізанамі, а я іх у вочы ўсяго раз бачыў,— прызнаўся Імполь.
— Я пагавару. Тут у мяне заўсёды быў хто-небудзь свой... Маю і цяпер,— прычвякаў да берага і пахваліўся з ямы Піліп.
— Я ж з жонкаю.
— Абаім можа і зашмат,— пакруціў злінялаю кепкаю Піліп.
— Больш чэпяцца да яе... Я нібы збоку прыпёку.
— Тады яшчэ горш. Але закіну слоўца,— голас у Піліпа трохі ачах.
Учора, калі на вузкім турэмным дзядзінцы, выбрукаваным няроўнымі ружаватымі каменнямі і абгароджаным пабеленым высокім мурам, зверху якога ажурнымі кольцамі падымаўся калючы дрот, раз за разам з’явіліся два чорныя фургоны і ў іх пачалі заганяць змардованых голадам і катаваннямі, ледзьве жывых, ужо адрошаных ад усяго мужчын.
Піліп, стоячы каля воза з поўнаю бочкай, азірнуўся, ці не чуе хто болей, і здушана прашаптаў:
— Іх за кашары — на расстрэл.
Гэтую нечаканую, што абязвечвала кожнага, страшную навіну Імполь прынёс у камеру. I той-сёй панік, абязволеў, чакаючы немінучай бяды, а Імполь, чамусьці паверыўшы Піліпу, суцяшаў сябе таямніцай спадзявання, што яго з Хрысцяй бяда абміне і яны астануцца жыць.
Але сёння, высунуўшыся ўслед за Піліпавым возам, што сыпаў пругкі ляскат колаў і смуродзіў на ўвесь двор бочкай, з-за шарага і нязрушнага пры ўсіх уладах будынка турмы, Імполь негадана ўмлеў, чуючы нават, як пад нагамі мякчэе і ўгінаецца каменны брук: перад брамаю стаў з адкрытымі заднімі дзверцамі чорны фургон і каля яго, акружанага салдатамі з вінтоўкамі напагатове, палахлівай безабораннай купкай збіліся жанчыны. Імполевы вочы выхапілі адразу злінялую зялёную хустку і цёмна-сіні, з высокімі плечукамі, прыталены сачык — там была Хрысця.
Сутулаваты даўгавіды немец чытаў прозвішчы, трымаючы блізарука, перад самым носам хрусткую паперку, якую рваў скразняк.
Як сам не свой, у звар’яцелым бяспамяцтве Імполь рвануўся да салдат у салатавай форме, што дуламі вінтовак пачалі падпіхаць жанчын у чорны, ад якога ўжо дыхала смерцю, гарбаты фургон.
— Хрыс-ця! — крыкнуў ён праз гэтыя салатавыя спіны.
Яна, учуўшы сваё імя і родны, заўсёды жаданы голас і, не верачы яшчэ сабе, паволі падняла голаў, недаўменна азірнулася і нарэшце ўбачыла яго.
Худы, жаўтлява-зялёны яе твар пакутна перасмыкнуўся, над чорнымі шнуркамі броваў зморшчыліся карычневыя, што не сышлі яшчэ ад нядаўняй цяжарнасці, узорыстыя плямы. Прыгорбленая, знябожаная кабета ў пакамечаным капелюшы і стракатым гарадскім паліто, ступіўшы на жалезныя прыступкі і нямогла ўлазячы ў фургон, адцясняла Хрысцю ад дзвярэй у невідушчы поцемак.
— Хрысцячка! — Імполь кулаком сцёр калючую парушыну, што неспадзявана заляцела яму ў вока.
— Бывай, Імполька!
— Што ты, Хрысця?..
— На расстрэл нас вязуць! — здаецца, абыякава адазвалася яна з невідушчага поцемку.
— Няўжо? Божа...— Імполь ужо не вымавіў, а толькі выдыхнуў цяжкім, глыбокім шэптам і міма зялёных спінаў і глуха насунутых каскаў рвануўся да чорнага фургона.
Нешта няждана цяжкае з тупаватым, гарачым стукам апусцілася яму на голаў. У вушы хлынуў, заглушыўшы свет, танюткі звон. I ён пачаў мякка плысці ў чорную глыбіню...
Апрытомнеў ён ужо каля высокага турэмнага муру, лежачы на халаднаватым каменным бруку. Той сама гарачы боль сцягваў на галаве скуру і нешта ліпкае, як здагадаўся — кроў залівала шчаку.
Яго, пэўна, ударылі прыкладам на галаве і бяспамятнага ўжо адцягнулі пад гэты высокі нязрушны мур.
Ён расплюшчыў цяжкія павекі, ажно аслепшы ад чысціні сіняга неба, якое наўскос разразалі два тонкія тэлеграфныя правады. Над імі ўжо ў быстрым лёце з адчайна вострым піскам шмыгалі, распасцёршы дужкі вострых крылаў, трапяткія стрыжы; недзе пад дахам турмы затаіліся іхнія гнёзды. Па белай сцяне, нават пакідаючы чорны шнарок, маланкай мільгалі скорыя цені.
Імполь пахіліў голаў, азіраючы дзядзінец. Ён быў пусты — ні гарбатага фургона, ні Піліпавага воза са смярдзючай бочкай.
Памяць раптам вярнула той астатні і, здаецца, абыякавы глухаваты Хрысцін крык. «Няўжо праўда, яе павязлі на расстрэл? Няўжо канец усяму?»
Імполь правёў рукою па шчацэ, дзе казыталася, сцякаючы за шыю кроў і пальцы драла калючая, даўно няголеная шчаціна. За гэтыя дні, што сядзеў у турме, ён зарос, як воўк, як зараслі бародамі ўсе мужчыны, акрамя нейкага зморшчанага ў твары Навума, з шапялявым кабечым голасам і рознымі на колер вачмі — адным карым, другім сіняватым.
«Доўга я ляжу тут ці не?» — намагаючыся павярнуцца на другі бок, Імполь учуў, як ад брамы, дзе было некалькі каморак з катоўняю, аддаваўся, блізячыся, востры цюк падковак — ішоў нехта з вартавых: або высокі, худы, чамусьці заўсёды недаспаны Сліж, або чорны, як цыган, не тутэйшы — казалі, родам з-пад Рэчыцы — нізенькі Кавалёў, што любіў біцца доўгаю гумаю з кручаным дротам усярэдзіне.
Павярнуўшы вочы, Імполь убачыў худога, з паўпаданымі шчокамі Сліжа — той, не падыходзячы, здалёк узмахнуў новым блішчастым вядром і шырокі гукі пасак вады з шумам і раптоўным холадам хлынуў Імполю на голаў.
— Ну што, ажыў? — у Сліжа ашчэрыліся жоўтыя з прастрэлам зубы.
Абапіраючыся на локаць, Імполь прысеў: галава яшчэ кружылася, вяла і ў вушах нацягнутаю струною ныў танюткі звон. Вада холадам сплывала на грудзі. Імполь рукавом сцёр яе з твару.
— Уставай,— падмахнуў чорнаю дзюбаватаю шапкаю Сліж.— Пашэнціла — адпускаюць дадому. Кажуць, невінаваты. Жонка з партызанамі зналася.
— А што з ёю? — Імполь, ловячы рукою мур, паволі падняўся на дрыгатлівыя млявыя ногі.
— Гэ-э, ён у мяне пытае пра сваю жонку,— зноў выскаліўся Сліж.
— А ў каго ж?.. Ты, мусіць, ведаеш, куды іх павязлі?
— А ты не? — Сліж адвярнуўся і злосна цыркнуў слінай.— Вот менш тут гавары, лахі пад пахі ды пайшоў, покуль немец не адумаўся. А то зараз вернецца чорны самаход...
Сцінаючыся ад болю, што шчымеў на мокрай галаве, Імполь няцвёрда ступіў насустрач нізкаму будынку з тоўстымі кованымі рашоткамі ў невялікіх вокнах. Вузкую, абшморганую грузавікамі браму глуха і надзейна закрывалі жалезныя, пафарбованыя ў едкі чырванаваты колер нязрушныя дзверы.
— Кіруй сюды! — Сліж вінтоўкаю паказаў на дубовую з трохзубымі завесамі фортку — бакавы праход. I Імполь ачуціўся ў вузкай настылай каморы (за ёю была другая, прасторнейшая, дзе яго білі, нават здзекліва, выцягнуўшы з портак палавы член). Зрабіць гэта загадаў тады паўнявы рыжаваты і акуратна падстрыжаны немец, ад якога пахла халодным адэкалонам. Цяпер за лёгкім аднатумбавым столікам з зялёным выцертым сукном сядзеў, падгладжваючы кароткую густую польку, чорны, падобны нечым да жыдка, малады лупаваты афіцэр.
З густым шоргатам ён пацягнуў да сябе шуфлядку, дастаў чорную ў сівых разводах канторскую кніжку, пагартаў яе і падняў на Імполя вялікія карыя вочы.
— Прозвішча пытаюць,— падказаў Сліж і ўжо выгукнуў за Імполя: — Верамей ён.
Немец павёў пальцам па доўгім слупку прозвішчаў.
Імполь таксама пазіраў на ружаваты, з вострым канцікам, пазногаць, акуратна падрэзаны з двух бакоў.
Раптам белаваты канцік ткнуўся ў слупок пасярэдзіне тоўстага з чырвонымі папярочнымі лінейкамі сшытка.
— Значы, твая жона естэсь портызант? — спытаў па-польску малады лупаваты афіцэр і, дастаўшы з унутранай кішэні чорную самапіску, адкруціў каўпачок і, дробна вывеўшы некалькі літар, з росчыркам адарваў пяро.
— Якая яна партызанка, пан немец,— здрыгануўся Імполь.— Тэхнічкай яна ў бальніцы была.
— Знамы, знамы... Она ест зараза, здрайцо. Она веле разы помагала звядоўцам партызантцкім. А ты нам не зробіл ніц злэго. Можэш ісць. Ты — вольны[32].
— Як ісці? А яна?..
— На цо тобе она? Ідзь! Ты знойдзеш цось лепшэго[33].
— Пан-немец, а дзе ж мая жонка? Я не пайду без яе!
— Знайшоўся тут,— Сліж раптам ірвануў Імполя за каўнер, выпхнуў за парог, на вуліцы ўжо сказаў: — I так падзякуй Піліпу, а то быў бы там, дзе бабы — за кашарамі ў ямах.
— Няўжо жанчын павязлі туды? — страх холадам папоўз па спіне, балюча і востра прапароў сэрца.
— А куды ж ты думаў?..
Нешта бяспамятнае і адчайнае папхнула Імполя і панясло ўніз па вузкім тратуары: брукаваная вуліца за мурам турмы збягала ў лагчыну. Над ёю звісалі доўгія ў дробнай густой завязі сівыя раскідзістыя яблыні. У расчыненай браме паблісквала нікеліраваным рашотачным радыятарам і лупатымі фарамі адкрытая легкавая машына з ветравым шклом: збегшы з ганка, да яе нёс два скураныя чамаданы малады высокі немчык у чорнай форме танкіста.
Паставіўшы іх у машыну, ён паглядзеў на Імполя, зарагатаў і па-нямецку крыкнуў:
— Уцёк з турмы, ці што? Гэй, ты!
Імполь, не разбіраючы, што ён пытае, затуліўся за куст бэзу і прыспешыў крок. Спыніўся ўжо толькі за горадам пад нізкімі шурпатымі ясенямі, што раслі абапал шашы, падняўшы дзяркатыя падрэзаныя кроны, і прысеў на закурэлую мураву.
Каля шашы, падымаючы пыл, марудна паўзла казацкая параконная фурманка з будою. Схаваўшыся ў цень, коней паганяў вусаты ў сіняй фуражцы з чырвоным аколышам немалады казак. Падспёўваў сабе.
За сівым у густой асацэ балотцам, за зморшчаным ад ветру трапяткім азярцом, на грудку за цёмна-зялёнай лапушыстай канюшынай, абсаджаныя высокім, раскалыханым і трапяткім на ветры бярэзнікам, маўкліва падымаліся цагляныя, у шарэнгах белых каміноў яшчэ даўнейшыя польскія казармы. Імполю нават успомнілася, як бачыў тут уланаў з белымі аколышамі на фуражках. I белыя паскі апаясвалі ногі каштаваных ільсністых коней. Гэта было перад самай вайною: ён тады, здаецца, з Алесяй прыязджаў сюды, у Наваградак, на маёвы кірмаш. «А як жыве, як маецца Алеся? Які там вырас сын? Ён, Імполь, ужо з год не бачыў іх. Як перажылі бяду? На згоне ж зімы спалілі верасаўскія хутары і пастралялі шмат людзей. Забілі, кажуць, і старога Корсака. Няўжо на ўсіх упала страшная кара? Няўжо такі грэшны чалавек? Што робіцца на гэтай прыгожай, убранай у падманнае хараство зялёнай зямлі. Чым саграшыла, чым перад богам вінавата Хрысця? Чым?..»
Імполь падняўся з мяккай, што аддавала халадком і прэснай зелянінай, абочаны і, пазіраючы на няроўную цёмна-сінюю са светлымі плямамі бярэзніку граду лесу, на сіняватую хмару, што недзе далёка асвяжала ненавісны чорны свет халаднаватым дажджом, пайшоў подбегам.
Ад слабасці, ад голаду, ад закарэлай раны, што балюча сцягвала валасы і разломвала голаў, ногі падгіналіся і ступалі няроўна. Але Імполь, перасільваючы боль, млявасць, спяшаўся, каб уратаваць, каб чым-небудзь памагчы Хрысці.
«Праз яго, праз Рэпку, пашла на смерць. Ён уцягнуў. А сам?.. Сядзіць дзе-небудзь на хутары ды п’е. Чаму ж няма праведнасці і справядлівасці на свеце?»
Мінуўшы казармы, Імполь завярнуў на ўезджаную, укатаную, быдта катком, цяжкімі грузавікамі палявую дарогу, што, крута выгінаючыся, спускалася на край хмурага, нізка навіслага лесу. Малады, падсаджаны па другі бок дарогі хвойнік гнаў у рост залацістыя стрэлкі. У зацішку пад тоўстай, аблітай рагамі смалы елкай на пярэстым ад лішаёў каменні сутуліўся стараваты з белымі скронямі мужчына ў пляскатай выгаралай кепцы і карычневым расшпіленым каптане. У тахт стрэлам, што востра шугалі ў лагчыне за лесам, ён палахліва і нервова ўздрыгваў худымі плячмі.
— Ты куды? — згледзеўшы Імполя, ён спусціў ногі з каменя ў чырвоны, рассыпаны жар кветачак сардэчніку — палявых гваздзікоў.
— На расстрэл жонку павязлі,— задыхнуўся Імполь, ловячы настаўленым, нацятым вухам адзіночныя стрэлы, што нізкім расцяжным водгаласам аддаваліся за высокаю градою лесу.
— Тамака сын мой... Раніцаю завязлі. Я нават здалёк бачыў, як іх раздзявалі...
— I я пайду туды, у самае пекла,— Імполь абцёр рукою шчаку, на якой ужо закарэла і лушчылася, астаючыся на пальцах цёмнаю, нібы грачанаю лускою, запечаная кроў.
— Хто ж цябе гэтак? — топчучы гваздзікі і пляскатыя каласы зуброўкі, на дарогу падышоў мужчына з белымі кучаравымі скронямі.
— У цюрме... Немец. Я хацеў прарвацца да жонкі, як садзілі баб у грузавік.
— Не прарвешся і цяпер. Ланцугом стаяць у два рады... А майму сямнаццаты гадок ішоў. У часе аблавы разам з партызанамі схапілі. I во чым скончылася. Ні пра што ні пра якое. А цябе, во бачыш, выпусцілі...
— Паспрыяў добры чалавек. Выпусцілі,— уздыхнуў Імполь, пазіраючы мужчыне ў сінія, нібы дзіцячыя, вочы, на якіх ужо блішчалі слёзы.
— А майго не ведаў? Коля называўся. Высокі... Можа, і за цябе высшы.
— Не, не ведаў,— пакруціў галавою Імполь і памалу пайшоў пад навіслыя лапы хвоек — стракаты плямісты цень пабег у яго па спіне.
— Апомніся, хлопец! — крыкнуў чалавек у Імполеву спіну, па якой збягалі то цёмныя, то светлыя плямы.— Не лезь сампапростам пад кулі.
Імполь азірнуўся на адчайны крык і ўбачыў, як плакаў гэты стараваты мужчына, стоячы па калені ў карычневым дыме мятліцы.
Халаднаваты скразняк, што чутка зашалясцеў вярхамі бярэзін, абвеяў Імполя, суняў гарачы боль у галаве, што налівалася і брыняла цяжарам, заглушыў у вушах тонкі, калі прыслухаешся, абрыдлы звон.
З-пад пруткага невысокага грабніку дарога раптам выкруцілася да зялёнага лужка, спярэшчанага малінавай смолкай, выпрасталася, і сінявата-шарым паскам пабегла туды, дзе варушыліся салдаты ў мышастай форме і круглых касках, дзе цямнелі дзве шырокія і доўгія з іржава-гліністымі берагамі ямы, а на вузкай папярочцы між іх, закрываючы рукамі грудзі, енчылі, скавыталі голыя жанчыны. Воддаль ад ям, растапыраўшы ножкі, шарокае дула задраў ручны кулямёт.
Імполь, засланяючыся далонямі ад сонца, хмурыў слепавата вочы, але яе, Хрысці, не пазнаваў.
Нечаканы рэзкі вокрык з-за ялаўцовага куста запыніў Імполя:
— Стой! Куды ідзеш?
I адтуль, ускідваючы на руках жоўтую вінтоўку, высунуўся салдат. Імполь зніякавеў, чуючы, як з яго сплывае раптоўны страх — перад ім у зеленкаватым убранстве стаяў Міця. Да Імполя падкрадаваліся агіда і неўтаймаваная злосць. I ён, адступаючыся назад, ад неспадзяванасці, ад болю, ад сораму, злосці, перамешаных з агідаю, перапытаў:
— Гэта ты, Змітрык?
— Я, Імполь,— у Міці таксама змяніўся, захрас у горле голас, і ён апусціў цяжкую, з сіняватым дулам, вінтоўку.— А ты чаго тут ачуціўся?
— З турмы выпусцілі... Хрысця ж там.
— Няўжо? — Міця паволі, не верачы, яшчэ не разумеючы ўсяго, азірнуўся на ямы, дзе бялелі нейкім страшным прывідам раздзетыя кабеты.
— Памажы, Змітрык. Як можаш — памажы! — Імполь закалаціўся, сцяў кулакі і падняў іх да падбародка. Вочы ў яго шалёна гарэлі. Твар перакошвала балючая міна.— Напрамілы бог ратуй!
— Ты адыдзіся толькі. Вунь у лясок... Я зараз...
Імполь, адступаючыся спіною да лесу, чапляючыся за зялёныя бароды сушніку, бачыў, як Змітрык бег туды, як нехта ніжэйшы і тоўсты перапыніў яго, як нарэшце Міця падышоў да ям і пачаў адыходзіцца назад.
Імполь не ўтрываў, выскачыў з лесу, сутаргава глытнуўшы паветра, спытаў:
— Дзе яна?
— Няма яе там.
— Як няма?
— Во так — няма. Іх павязлі ў Дварчаны на станцыю, адправяць у Нямеччыну. Так сказаў наш ротны.
— Махлюе ён! — Імполь зноў сцяў кулакі, у бяссільнай, бездапаможнай злосці падняў іх да падбародка.— А ты сам ці праўду сказаў? — Яго ўскалмачаная з накарэлай кроўю галава пакутна адвярнулася, як адварочваецца ад агню ліст.
— Праўду. У Нямеччыну Хрысцю адправілі,— і Міця схаваў свае вочы ад шалёна-чырвоных Імполевых вачэй, што зноў касавата і зняверана азірнуліся на яго.