Пляската-мокры, дакураны ўжо так, што нават апякаў пальцы і губы, канчар скручанай з самасаду папяросы Імполь кінуў на мурзаты курган, паслухаў, як ён ядавіта шыпіць, па-звыкламу яшчэ наступіў, крутнуўшы крывым збітым абцасам зношанага чаравіка, і тады ўжо ўвайшоў у расчыненыя дзверы драўлянага склада — колішняга яўрэйскага свірна з падгнілымі да жоўтай парахні падвалінамі і пазелянелым гонтавым дахам.
Пасля сляпучага, што асталося ў вачах залатымі здвоенымі кропкамі, веснавога сонца, склад здаваўся чорнай патайной і невідушчай глыбінёю. Імполь зажмурыўся, каб прывыкнуць да цемнаты, і ўчуў у ёй востры, як па камені, цюк жалеза, шоргат цяжкіх крыг і рыпуча-тугія, як па мокрым жвіры, крокі.
Каламутная глыбіня пахла ёдавай гаркаватасцю. Імполю ўспомнілася, што так калісьці пахла з точанай драўлянай сальніцы шарая бойная соль, як пахла яна і з лусты аржанога хлеба.
Ён расплюшчыў вочы, і з глыбіні поцемку выплылі і сталі выразнымі чорныя постаці мужчын, што махалі кіркамі. Іх было двое рослых, трэці — нізенькі, у даўгадзюбай кепцы — шуфляваў, сыпаў бліжай да праходу раструшчаную соль і адсоўваў раскрышаныя крыгі ад скамянелай і высокай, што падымалася да самых бэлек, глыбы. Дробным вострым градам соль ляцела ажно пад парог.
— Імполь? — спытаў нізкі, сутулаваты мужчына, не падымаючы доўгага брыля пляскатай кепкі і набіраючы няпоўны шуфель шапаткога крошыва.
— Ага,— адклікнуўся Імполь, пазнаючы спачатку па голасе, а потым і па сутулаватай спіне Янку Вайтовіча.
— Ідзі пашуфлюй.
— Што тут ужо шуфляваць,— адазваліся з далёкага кута, перастаўшы дзяўбці кіркамі чорную глыбу.— Палуднаваць пара.
— Глядзі ты, выгаладаўся.— Вайтовіч кінуў Імполю шуфель і знайшоў у шырокіх суконных галіфэ, падшытых між ног чорным хромам, брудную пакамечаную хустачку.
— Я збегаю ў кантору, гляну, колькі ж часу.
— А што там бегаць, і па сонцы відаць, што полудзень мінуў.
— Уга, як ты ўжо бачыш з кута тое сонца,— засмяяўся Вайтовіч і выцер, адкінуўшы адною рукою кепку, спацелую ямку лысаватага цеменя.— Збегаю ўсё ж,— сказаў, нібы апраўдваючыся, і зняў са сцяны, дзе яшчэ вісела адзежа гэтых двух, свой шара-белаваты, як працярушаны мукою, але злубянелы, з’едзены соллю суконны каптан.
Гэтыя двое паднялі вушы, паслухалі, як глухнуць за сцяною шпаркія Вайтовічавы крокі, і адзін з іх — даўгашыі і тонкі — сіплавата хіхікнуў:
— Гэ-э, ці знаеш, куды бяжыць?
— Чаму ж не.
— Да маладой узбечкі.
— Такія, брат, сцёгны. Дзіва, што не пабяжыш,— зноў засмяяўся сіплаваты і скочыў з высокай укамянелай глыбы на дол, заскрыпеў, як па мерзлым снезе, па нацярушанай солі.— Але ж з маёю натураю перасіліць сябе трэба,— ён зажмурыўся, пакруціў галавою, убачыў маўклівага Імполя і вінавата засмяяўся: — Гэта мы тут пра нашага магазінера гаворым. Можа, ты які сваяк яму?
— Чаму сваяк?
— На работу ўзяў,— цюкнуў кіркаю той, што стаяў на чорнай глыбе.— I да солі адразу прыставіў.
— Мы ж паўгода нямецкіх свіней, каб яны павыдыхалі, кармілі,— высадзіў голаў за дзверы і высмаркаўся туды на снег, прыкладаючы палец спачатку да адной, потым да другой ноздры.
— Чужы я яму,— панура прызнаўся Імполь і спытаў ужо сам: — А што?
— А тое... Цяпер гавары ды азірайся,— гэты, што стаяў у парозе, яшчэ памянціў рукою пад носам.
— Мяне няма чаго баяцца,— Імполь павярнуў голаў і да таго, што стаяў у поцемку доўгага склада.
— Тады слухай,— той, што стаяў на скамянелай глыбе солі, саскочыў да сцяны, дзе на цвіках вісела адзежа, і адкінуў сівы на дзяружнай падкладцы каптан.— Зрабі во такія кішэні.
Ён пацягнуў да сябе шырокую, спадыспаду падшытую да крыса, чырвона-зялёную, мусіць, ад старой радзюжкі полку.
— Нашто гэта? — Імполь убачыў і на другім крысе клетчатую споднюю кішэню.
— Соль у чом насіцьмеш?
— Досіць і гэтых,— Імполь паляпаў сябе па клубах.
— Гэта калі сабе...
— А каму ж яшчэ?
— Сёння ж сыбота. Трэба ж і па кілішку дзюбнуць. Значыць, трэба... на ўсіх...— сказаў высокі, роўны з Імполем, і азірнуўся на пройму дзвярэй — там паперадзе шахкання, па сточаным сонцам снезе бег косы цень.
Высокі мужчына насцярожана змоўк — у пройме дзвярэй спыніўся Вайтовіч. Худыя шчокі яго гарэлі чырванню, ён, падымаючы вострыя, сутулаватыя плечы, задыхана соп.
— Змарыўся? — падмігнуўшы Імполю, спытаў высокі.
— Пытаеш,— аказаўся другі з цёмнага кутка.— Хіба не чуеш? Ледзьве жывы чалавек.
— Гэта праўда, хлопчыкі, ледзьве жывы,— згадзіўся Вайтовіч, не ведаючы пра тыя жарты, што строілі з яго грузчыкі.— Прыходжу дадому...
— А ты ж казаў, у кантору збегаеш.
— Вот любіш перабіць,— зазлаваў Вайтовіч.— I тутака ў канторы быў, а потым дадому заскочыў, мяшкі во ўзяў,— ён кінуў з-пад пахі скрутак белых перавязаных мяхоў.
— Застаў каго?
— Дзіва што,— перабівалі, не давалі дагаварыць адзін адному і ўжо душыліся ад рогату грузчыкі.
— Вам смех, а я яшчэ адысці не магу...
— Чаго гэта?..— пасур’ёзнеў і пакруціў пальцам у вусе, што нечакана зазвінела, цікаўны Імполь.
— Падыходжу дадому, а там каля брамы — фурманка. Сядзіць нехта сагнуўшыся і ўтуліўшыся ў каўнер. Я подбегам ад брамы ў хату. Чую, і ён, саскочыўшы з саняў, за мною ідзе. Я не азіраючыся — ў калідор. I тут бачу — падазрона варушыцца занавеска... і жонка збялелая стаіць.
— Так хто ж гэта быў? — нецярплівасць разабрала ўжо і тых двух.
— А што, не дагадаліся? — усміхнухся Імполь.
— Няўжо партызаны? Днём, каб ужо хоць на шараку...
— Яны... вунь сядзяць у хаці. Па соль прыехалі,— зноў неяк зяхнуў і задыхнуўся Вайтовіч.— Зараз будуць тут.
— Хіба галавы не маюць... Гэта ж во за складам паліцыя.
— Хлопцы, будзе мне, будзе і вам, а дзявацца няма куды.— Вайтовіч падняў і раскруціў белыя мяхі з чорнымі наштампаванымі нямецкімі арламі.— Насыпай, Імполь.
Тыя ўдвух, выпінаючы губы, з дзівам глядзелі, мусіць, яшчэ не верылі ў тое, што расказаў Вайтовіч, а можа, прыкідвалі, што рабіць далей — бо, праўда, поруч са складам у дварчанскай сінагозе, абнесенай цаглянай высокай сцяною, з леташняй восені стаяла паліцыя — васемнаццаць чалавек, а цераз вуліцу ў двухпавярховым доме з дзвюма драўлянымі калонамі была ўправа, за ёю — у старых парожніх яўрэйскіх дамах — тодаўцы[6], старыя непаваротныя немцы ў дзюбатых з доўгімі памятымі брылямі шапках, што браліся адбудоўваць спалены тартак, а покуль што ўздоўж чыгункі састаўлялі зялёныя шчытавыя баракі.
Але самае небяспечнае было тое, што сюды мог прыйсці Франц — малады прыгожы з залатой каронкай славак, што пасля Роберта — сівага, у залацістых акулярах немца, ганарыстага і трохі непадступнага, здаваўся мяккім, неблагім чалавекам. Ужо з месяц, як Франц кіраваў дварчанскім аддзелам ЦТО. Гэта яму хітраваты Вайтовіч прывёў у падсуседы ў дагледжаны драўляны дом пад старым каштанам маладзенькую бялявую студэнтку. Тады-сяды яе ўжо бачылі пад ручку з Францам і ў фетравым капялюшыку, з якога звісала дымчатая вуалька ў чорных мушках.
— Хлопцы, чаго маем стаяць? Яны зараз прыедуць,— замітусіўся Вайтовіч, кідаючы грузчыкам белы мех з чорным арлом, што, драпежна раскрыжаваўшы крылы, трымаў у кіпцюрах вянок са свастыкай.
— А ты не трапячыся,— павярнуў да Вайтовіча свой прыплюшчаны і нібы перабіты на сярэдзіне нос плячысты, крываваты ў нагах і, мусіць, дужэйшы тут за ўсіх грузчык.— Падумаць трэба.
— Гэ-э, думаць,— Вайтовіч нагою падмог, падымаючы і сунучы бліжай да Імполя цяжкі, нашуфляваны да палавіны соллю нямецкі мех.— Дзеўка там з імі ў белым кажушку адвярнула во так крысо,— Вайтовіч нават у сябе перад грудзьмі махнуў рукою,— і паказвае аўтамат.
— Ну ж і перапудзіла цябе, гляджу... Але ж прыдзецца ісці табе назад.
— Як назад?
— Узяць тую фурманку ды ехаць сюды. Без партызанаў, вядома. А мы соль прыгатуем.
— Праўду кажа,— шухнуў у мех шарую соль і абапёрся на пусты шуфель Імполь.— Іншага выйсця няма.
Вайтовіч, маўчучы, паглядзеў сабе пад ногі і, тоячы нейкую глыбокую, перамешаную са страхам злосць, сказаў:
— Гінуць, то ўжо адному, нашто ж усім...
— Са смерцю яшчэ ўспеецца, падганяй фурманку! — цвёрда загадаў каржакаваты, свідруючы сваімі маленькімі чорнымі вочкамі сутулую спіну Вайтовіча, што з цёмнага свірна выплыла на калючае вясновае сонца.
...З саньмі, падсцёбваючы невысокага, касматага, сібірскага коніка, Вайтовіч пад’ехаў скора і адзін, пудка-насцярожаны, азіраючыся на чырвоны чарапічны дах белай сінагогі, па вокны схаванай за цаглянай атынкованай сцяною, каля якой, не глушачы матор, смуродзіў сіняваталіловым дымам папяловы, з адкрытым верхам «фіят». Там стаяў, выставіўшы ўперад ногу з бліскучым ботам, высокі немец у салатавым шынялі з футравым каўняром. Пры боку ў яго, палохаючы Вайтовіча, вісеў страшна-даўгаваты, жоўты маўзер.
Перад ганарыстым немцам знябожана гнуўся ў халаднаватым шыняльку дзюбаносы Антон Бортнік — камендант дварчанскай паліцыі,— за польскім часам дробны гандляр — гаспадар крамы з іголкамі ды ніткамі, цяпер, ачуціўшыся ў нямецкай паліцыі, хітраваў: то дагаджаў немцам, то знаўся з партызанамі, праз свайго паліцыянта падказваючы, калі і ў якім кірунку рыхтуецца аблава.
Згледзеўшы немца, прыцішэлі і грузчыкі. Яны ўжо каторы дзень кіркавалі соль і ўжо каторы дзень цягалі яе дадому не толькі ў шырокіх кішэнях, прышытых пад поламі каптаноў ды курткаў, а нават спадыспаду ў калошах штаноў.
— Не марудзь, іці тваю налева! — дужы каржакаваты грузчык за вобраць здаў каня, каб сані прыйшліся бліжай да парога і каб было спрытней перакуліць у іх белыя, насыпаныя пад завязку, і цяжкія, як наладаваныя каменнем, мяхі.
— I праўда, трэба спяшацца, покуль сюды не падышоў вунь той фельдфебель,— Імполь, двойчы абкруціўшы жычку, туга, на добрую зашморгу завязаў мех.
— Знаю яго. Гэта — ортскамендант[7],— каржакаваты грузчык прыгнуўся і падаў Імполю далоняй угору сваю дужую, з караткаватымі пальцамі руку, каб узяць спадыспаду і перакуліць мех.— Летась за пакражу суконных коцаў ведравіцкіх мужчын пастраляў.
Да цяжкага, пудоў дзесяці, мяха падбеглі яшчэ Вайтовіч і хударлявы, з доўгай жылістай шыяй грузчык, зарослы рыжаватай густой шчацінай.
I тры круглыя, як сытыя япрукі, белыя мяхі адзін за адным борзда паляцелі ў нізкія, засыпаныя сухім гарохавіннем розвальні. У верхнім мяху раптам распаўзлося шво, і на брудны зледзянелы снег шапаткім, як жвір, струменьчыкам пацякла соль.
— Халера не возьме, едзь, чаго прыглядацца,— рыжаваты, зарослы шчацінай грузчык узяўся за ручку ў санях, каб памагчы выехаць з лагчынкі нядужаму, дробнаму сібіраку.
Вайтовіч, выкіраваўшы каня на вуліцу, абышоў круга саней, пачакаў, покуль праедзе адкрыты з двума немцамі, цёмна-папяловы «Фіят», і кінуў Імполю лейцы:
— Заедзеш спярша да мяне.
— Чаму гэта я? — Імполь падхапіў скураныя, зашмальцаваныя да бляску ляйчыны.
— I квіток вазьмі,— не адказаў на запытанне Вайтовіч, пакапаўшыся ў сваіх суконных і шырокіх, з адвіслымі торбамі галіфэ, захрумстаў складзенаю ў некалькі столак паперкаю.— Тут усё як належыць... Дзвесце пяцьдзесят кіль... I гасцей правядзеш. Пакажаш дарогу, што каля бальніцы... Яна не вельмі бойкая... Зловяць іх — зловяць нас...
— Тут ужо ўсім пятля,— варухнуў сваімі густымі рыжымі бровамі крываногі, каржакаваты грузчык, пазіраючы на смуглавата-прыгожага, у пляскатай кепачцы, з-пад якое лезлі струкавата-чорныя, сіняватыя валасы, высакаватага Імполя і нечакана спытаў: — Бабы, мусіць, любяць цябе?
— Ды крыўды на іх не маю,— Імполь шлёгнуў ляйчынаю па касматым і вузкім крыжы нізенькага сібірака.
Пераціраючы засмечаны жоўтаю саломаю і конскімі яблыкамі зледзянелы снег, сані тонка завішчалі і зарыпелі пад цяжарам мяхоў.
Вайтовіч, падымаючы і пакутліва несучы свой гарбаваты, трохі нахілены набок нос, нагнаў Імполя, чапіў леваю рукою за плячо:
— Можа, спраўку дадуць?
— Пра якую спраўку пытаеш?
— Ды во... што соль узялі.
Імполь нават паслізнуўся, шчокі ў яго наліліся чырванню і, бліснуўшы бялкамі, вырачыліся сіняватыя вочы:
— Табе наўме спраўка, глядзі галавы!..
— Не гарачыся, чуеш. Намякнеш. Там убачыцца як.
— Ведаеш, тады вязі сам.
— Ат, чалавек,— Вайтовіч прыцішыў крок, махнуў рукою і адстаў ад саней.
Чуючы прыкрасць і злосць, Імполь праехаў трохі галоўнаю вуліцаю і каля белай аднапавярховай мураванкі, дзе кіпела дварчанская таўкучка, звярнуў у завулак, гукаючы і круцячы над галавою лейцамі і разганяючы перад сабой вясковых кабет з кашамі ды местачковых гандляроў з раскладзенымі на брудным снезе сундучкамі.
— Во ён, той самы гіцаль! — адцягваючы з дарогі раскрыты з нейкай блішчастаю драбязою карычневы абшморганы чамадан з жалезнымі кантамі, закрычала худая з зелянелым тварам і ўпалымі вачмі кабета.— У мяне некалі прыёмнік забраў. Як буг свенты — ён!
— Ага, ён!.. У рабочай гвардыі быў,— падмахнуў газетамі, што віселі на сагнутай руцэ, падлетак у цёмна-сінім гімназісцкім шынялі і круглай фуражцы.
Імполь не так спалохаўся, як сумеўся, што гэта крычыць Грабянкава сваячка, якую ён, напэўна, ці пазнаў бы — гэтак яна пасівела, звяла, як стары грыб, і апусцілася, апрануўшыся ў нейкія старыя, сточаныя моллю транты. I ён, падпіхаючы сані, прыгнуўся, затуліўся за іх, каб схаваць хоць свой твар, бо, чаго добрага, наклічуць паліцыянта ці якую-небудзь варту з орсткамендатуры.
Выехаўшы на другую вуліцу, перавёў дух.
Успомніўшы тую далёкую глухую ноч, калі разам з байцамі Імполь пастукаўся ў Грабянкаў дом і ім адчыніла замкнутыя на два замкі філёнчатыя дзверы перапуджаная, непадступна-злая Хрысця, што была яшчэ там за служанку, а потым закрычала гэтая трохі, мусіць, хворая на голаў кабета, выскачыўшы з пакоя на калідор, у сподняй караткаватай кашульцы, босая, з пазалочаным крыжыкам на звялых, зморшчаных грудзях.
Успомнілася і тая ўжо кіслая позняя восень, калі, сышоўшыся з Хрысцяй, яны жылі ў малым пакойчыку, палавіну якога займала шырокая на фігурных ножках шафа, што пакінуў ім валасны камітэт, покуль у Дварчаны не прыехала з дзіцем Алеся.
Тады Хрысця, як здурэўшы, як адышоўшы ад памяці, прагнала яго ад сябе. I ён, не ведаючы, як перанесці ганьбу і дасаду, і ўжо нават думаючы пра грэшнае ды страшнае, накласці на сябе рукі, бег не помнячыся, куды бяжыць, па калдобістай няроўнай вуліцы з тлустым водбліскам лужын, проці густога пругкага ветру, што ламаў, гнуў прысады, крышачы сушняк. Імполю нават хацелася, каб на яго рухнула цяжкае дрэва, як надоечы, зламаўшыся, яно ўпала і забіла дварчанскую кабету.
Ён нават не помніць, як тады вярнуўся ў Верасава, помніць толькі вакзальны брудны і кіслы ад піва буфет і слепаватага, у акулярах на кароткім чырвоным носе, шапялява-бяззубага мужчыну, да якога ён падсеў...
Цяпер нешта зноў, ужо праз колькі год, зварухнулася, зашчымела і ажыло ў Імполевай душы. I так балюча, і так адзінока, як для ратунку хацелася ўбачыць Хрысцю, абняць яе, учуць каля грудзей здушаны, ціхаваты голас, лёгкае, парывістае і цёплае дыханне і злавіць яе мяккія, да нясцерпнасці жаданыя вусны...
Мінуўшы папярочку, конь раптам уткнуўся ў брамку. За невысокім плотам чорнай гонтавай страхою, што курылася і падсыхала на красавіцкім сонцы, уздоўж вуліцы расцягнуўся ашалёваны дом з двума шарымі атынкованымі камінамі і жоўтай верандай, што цьмяна паблісквала вузенькімі прадаўгаватымі шыбамі. За шклом варухнуўся, мільгануў цень, і аселыя дзверы, падгрызаючы парог, ядавіта скрыпнулі.
Выйшла паўнаватая дзяўчына ў новых валёнках і вясковым, што пах кіславатай рошчынай, прыталеным кажушку. Чарнявы надзьмуты тварок яе моршчыўся ад сляпучага сонца. Счакаўшы і, мусіць, упэўніўшыся, што каля саней, акрамя Імполя, болей нікога няма, высунуліся — адзін з вузенькай, з прарэзаным ромбікам у дзвярах, прыбіральні, другі — з-за нізкага, закладзенага наколатымі ружаватымі дрыўмі хлевушка,— двое маўкліва-насцярожаных мужчын. Жэніка Рэпку ў белаватай, пашытай з ягнячай аўчыны кубанцы, Імполь пазнаў адразу. Высокі, у чорнай абшморганай і добра падношанай тужурцы, і немалады мужчына быў незнаёмы, як і дзяўчына ў цёмна-карычневым, не зашпіленым на круглы, зроблены на верацяно вузельчык гузіка, дублёным кажушку, пад якім таксама нешта натапырвалася, прыкрытае зубчатым ражком вялікай, шара-цёмнай з казінага пуху хусткай.
— Хозяин где? — спытаў высокі ў чорнай тужурцы, сноўдаючы рукою ў кішэні і хаваючы нешта цяжкае пад крысом.
— У складзе ён застаўся,— Імполь паправіў на сібіраку кульбачку і, паглядаючы на Жэніка Рэпку, падварушыў каня.— Я правяду вас. Пакажу, як праехаць каля бальніцы, каб мінуць пасты.
— Ну, показывай,— нібы нехаця пагадзіўся і першым сеў у сані высокі ў абшморганай тужурцы.— Только смотри, не балуй!
У зеленавата-жаўтлявым хвойніку, дзе ўжо цягуча і млосна пахла падагрэтаю смалою і вясёла-звонка, чуючы блізкую вясну, падсвіствалі белашчокія жвавыя сініцы, Імполь прыпыніў каня, каб прычакаць «гасцей», што, пахрумстваючы снегам, ішлі ззаду, саскочыўшы з саней перад крутаватым грудком. Нацягнуўшы тужэй сваю суконную, пасаджаную набакір кепку, нясмела сказаў, што ўжо вернецца назад. Гаварыў, стоячы перад гэтым высокім, у чорнай доўгай тужурцы, аблушчанай на згібах рукавоў, і прымаючы яго за старшага. Але старшым аказаўся ці не Жэнік Рэпка, бо, прымружыўшы вочы, калюча зіркнуў на Імполя і махнуў рукою, даючы знак і гэтаму ў тужурцы, і курносай з пухлаватым тварком дзяўчыне ў цёплай пуховай хустцы, ісці за саньмі, а сам затуліўся за шурпата-ружовы камель хвойкі і, бурачы на шара-брудным, зацярушаным ігліцаю снезе, жаўтлявую лейку, спытаў:
— Бортніка ведаеш?
— Ды як сказаць...— запнуўся Імполь, цярушачы ў жолаб жаўтлявай паперы густа-пякучы, ад якога аж свярбела ў носе, карычневы самасад.
— А во што перадасі яму.
— Каменданту, ці што?
— Ага, яму.— Жэнік Рэпка з-пад даўгаватай суконнай курткі, падпяразанай шырокім рэменем з начышчанай пражкай, дастаў ужо свой новенькі ППШ, нібы пахваліўся ім, ляпнуўшы рукою па прыкладзе: — Скажаш Бортніку, каб у нядзелю па палудні быў у дамоўленым месці.
— Дзе?..— не разабраўся Імполь.
— Ён знае,— па куртцы, ловячы гузікі і зашпільваючы іх, забегалі кароткія Жэнікавыя пальцы.— Знойдзеш яго і скажаш...— пад белай касматай кубанкай злосна заварушыліся чорныя густыя бровы.— Скажаш толькі яму...
— Ці я ўжо не дурбаю?
— Не будзеш дурбаць...— Жэнік Рэпка паправіў, падбіў вышай сваю кубанку і загрукаў па сіняватым лядку высокімі, з падкручанымі для форсу халяўкамі штыўнымі ботамі,— знойдзем і ў тым свірне каля солі.
Нешта зняважлівае, помсліва-злое працяло Імполя, але ён стаяў нейкі разгублены і сцішэлы, пазіраючы, як бег Жэнік Рэпка, як мільгалі яго збітыя абцасы з бліскуча-залацістымі цвікамі.
Гэтае ненавіснае, пагрозлівае «знойдзем» Іполю ўспомнілася ў халодным, настылым свірне, дзе маўкліва кіркавалі соль і нічога не распытвалі грузчыкі, толькі злосна касіўся і гучна чмыхаў у свой даўгаваты нос недавольны Вайтовіч, што Імполь не прынёс ад партызан даведку, як не забывалася і ў маленькай настылай нейкім вільготным холадам хатцы старога Ладзімера, куды яны прыйшлі на шараку, з поўнымі кішэнямі бойнай, шарай солі.
Стары Ладзімер, здрабнелы, высахлы, у сподняй палатнянай, даўно нямытай кашулі, са зморшчанай, загарэлай яшчэ ўлетку і непабялелай шыяй, страсянуў худымі плячмі не то ад холаду, не то ад таго, што ўбачыў і пазнаў Імполя:
— Уга, які госць! Дзе ні бываем, усё спатыкаемся.
— Ты, дзядзька, анцімоніі не разводзь,— вывернуўшы палатняную кішэню ў здубянелым шарачковым пінжаку, на стол высыпаў соль асадзісты дужы грузчык з шырокім і пляскатым, як лапата, носам.— Шукай, каб было чым соль акрапіць. Бачыш, колькі насыпаў?
— Сып, сабе намалоціш. Чаго ты? Усякі звер свой хвост хваліць,— махнуў рукою і трохі пахіснуўся стары Ладзімер — ён быў на падпітку.— На, вокны завесь, а потым пра самагон спытаеш,— ён пашоргаў рукою па чаране печы і кінуў адтуль парцяную ў ружовыя балонкі радзюжку. Знайшоў там і другую — суконную, залаціста-жоўтую, у крыжы, як рызу, і кінуў яшчэ яе.
Нарэшце, памарудзіўшы, прынёс недзе з сенцаў аплецены буталь і падняў за абедзве ручкі на стол, дзе ўжо курэла, пахістваючы жоўтым касьніком, гранёная з бульбяным чэрствым кружком на доўгім рыльцы сіняватая газоўка. У керасін, каб ён не так скора гарэў, падсыпалі соль, і газоўка раз-пораз пастрэльвала іскрамі і цьмяна пыхкала агнём.
— Самагону досіць, абыле жыццё было,— зноў страсянуў худымі вострымі плячмі стары Ладзімер.— А тут праз мяне бяда прылучылася. Не чуў? — з глыбокіх вачаніц на Імполя зіркнулі сінія нявыцвілыя вочы.
— Досіць пра адно і тое! — крыкнуў на старога высокі, худы, з тонкімі, злосна падцятымі губамі грузчык.— Прыкусіць дай чым.
— Бяры,— стары, нават не азіраючыся, навобмацак нагою чарпануў пад лаваю і за лучок выцягнуў кошык з цыбуляю.— Во прарасла халера. Затое з пер’ейкам,— ізноў за шырокаю чужою спіною знайшоў Імполя: — Хлопцаў тут, у Дварчанах, пастралялі. Так гэта праз мяне.
— Як праз вас?
— Ды во слухай.
— Яго малітве і канца не будзе,— грузчык развязаў сваю рыжаватую ў тлустых плямах торбу, дастаў брусок сала з акрайцам хлеба, пайшоў за перагародку да печы, прынёс тоненькі нож з драўлянымі тронкамі.— Налівайце, хлопцы.
Імполю падалі бляшаны, зроблены з кансервавай банкі з прыпаянай ручкай немалы кубак.
— Не адужаю.
— Давай не прыглядайся.
— Як з вачэй, кажуць, так і з мысляў.
Імполь ледзьве выцягнуў смуродную, што апякала ўсё ўнутры, сівую самагонку.
Стары не піў, адмахнуўшыся рукою і сказаўшы, што ён начаставаўся ў суседа на свежыне, калі памагаў закалоць «каляду» — на пудкоў пяць кабанчыка. Апусціўшы свае цяжкія, у сінявата-цёмных надутых жылах, спрацаваныя рукі, стаяў над Імполем, што прысеў каля паточанага шашалем і парэзанага нажом, дзе шаткавалі скурачныя лісткі тытуню, хісткага стала, і расказваў, як незнарок прадаў немцам чатырох дварчанскіх хлопцаў.
— Чуеш, купаліся яны. Летам гэта было, як немцы зайшлі, як Ведравічы спалілі, акраз у той дзень.
— I што?..— Імполю ўжо вясёла кружыў голаў і мякка туманіў усё перад вачыма моцны самагон: прыгажэлі аблітыя палахліва-трапяткім, цьмяным агнём ад газоўкі твары грузчыкаў, яснела цеснаватая, з нізкай столлю хата і чамусьці ўспаміналася яна, Хрысця. Нясцерпна-салодкае жаданне мучыла Імполя пайсці да яе, абняць, пацалаваць у белыя грудзі...
— Не слухаеш ты.
— Слухаю,— сказаў Імполь, расцягваючы мяккую скварку і адкусваючы любовы краёк.
— Прыгналі чатырох голых хлопцаў, во сюды, на мой надворак, і пытаюць: «Русіш?» — А я і кажу... Чуеш, што я кажу?..
— Чую.
— Рускія, кажу, у царкве хрышчоныя. Так яны іх... тут, за пяшчаным берагам, і паклалі.
— За што?
— Я ж і кажу, рускімі іх назваў... А нямцы падумалі, што гэта салдаты... А цяпер грэх на сабе нашу,— стары скурчанаю далоняй прыгладзіў чубок белых, ажно зеленаватых валасоў.— Ой, вялікі грэх...
— А дзе ж старая? — нечакана падумаў Імполь, успомніўшы Ладзімераву жонку, яе чырвонае, з вывернутым ніжнім павекам страшнае вока, з якога збягала няпрошаная сляза.
— Старую таксама не ўбярог. Пайшлі пілаваць вярбу, што зламала леташняя бура, і ёй кепска стала. Прысела на калоду і не паднялася. Толькі нешта сказала, як у сне, і па ўсім... Летась на згоне зімы.
— Ты, дзед, усё пра смерць,— першым адсунуўся ад стала Вайтовіч.— А я во пра жысць думаю. Пара ўставаць, покуль не захапіў выянтковы[8] час.
— Ты і так забавіўся,— засмяяўся і абцёр жменяю з тлуставатых губ з’едлівую ўхмылку ўрэдны і языкаты грузчык.— Узбечка даўно зачакалася...
— Ого, у цябе што ні скок, то ў мой бок,— перакінуў ногу цераз услон і шумна ўздыхнуў Вайтовіч, і яго крывы, косы і вялікі цень хіснуўся і папоўз па сцяне. За ім, ловячы абедзвюма рукамі стол, вяла падняўся разамрэлы Імполь.
— Астаўся б нанач у мяне,— сарамяжліва і смешна, як дзіця, бяззубым ротам усміхнуўся стары Ладзімер.— Расказаў бы пра жысць сваю. Га?.. Інтарэс да цябе маю...
— Дахаты трэба,— у Імполя ўсё не выходзіла з галавы яна, Хрысця.
...Сіняватым поцемкам ён быў ужо на той вуліцы, каля дагледжанага дамка за чорнымі яблынямі і ціха пастукаўся ў тыльнае акно. Яна адчыніла, сумелася, успляснуўшы рукамі, што ён п’яны, увалакла ў хату, распранула, паклала на ложак, а сама лягла каля сцяны на халаднаватай падлозе, дзе хадзіў скразняк. Да поўначы не спала, баючыся, што будзе аблава, знойдуць яго і забяруць... Баялася мо не столькі аблавы, колькі ўрэднага, з падбрытымі вусікамі дарожнага майстра, што з жонкаю і дзіцем жыў за сцяною, перабудаваўшы калідор і зрабіўшы сабе новы ход. У яго быў тэлефон і быў, як яна чула, рэвальвер... Хрысця асцерагалася, каб ён не пазваніў часам у орскамендатуру і не паклікаў немцаў. А п’яны Імполь, аб нічым ужо не дбаючы, спаў як забіты, і яго моцны залівісты храп пераліваўся на ўвесь дом. Яна заснула толькі пад раніцу, ачуціўшыся ад таго, што яе чапіла Імполева рука — такая гарачая і такая жаданая. Хрысця не адапхнула яе, а нават сама, з трывожна-трапяткім, што захлыналася ад радасці, сэрцам пакацілася да гэтай рукі...