Раз за разам, уедліва і скрыпуча, шоргаў адным колам на няроўнай, з раз’езджанымі каляінамі, дарозе перадок ад воза, на якім ляжаў, выцягнуўшы на прывязаных драбінках спруцянела-сіняватыя ногі, бяскроўна-белы і набрынялы ўжо ад гарачыні Міця Корсак.
Узяўшыся абедзвюма рукамі за аглоблі, перадок з цяжкім нябожчыкам, тады-сяды перадыхаючы, цягнуў Імполь: з густых броваў яго, перабліскваючы, капаў пот.
Алеся, глухаватая і нібы сляпая, чуючы толькі навобмацак босымі нагамі цвёрдую, засыпаную жарствою сцежку, што бегла зводдаль каляінаў, ішла далекавата ззаду, нават не адганяла мух, што абсэсам лезлі на бяскроўны, сцяты ў балючай пакуце Міцеў твар.
За ёю, пацялепваючы доўгімі вушамі, бегла старая, не чуткая ўжо, з бяльмом на воку, крывалапая сучачка.
Пасля ранішняй кароткай навальніцы са шчырым патомным дажджом, што пах прэсна-свежай вільгаццю, з блізкім перуном, што пад ружовы водсвет маланкі моцна, з ляскам стрэліў у прыдарожны камень і якога першы ўжо раз за жыццё не баялася Алеся, выясніўся пагодны дзень. Неміласэрна смажыла сінявата-цёмнае, сляпучае сонца, і стаяла густая парнасць.
Едкі пот з лоба сачыўся ў Алесіны вочы, неміласэрна заліваў іх. Шмаргануўшы ад локця рукою, яна раз-пораз сцірала яго і маўкліва ішла, адрошаная ад свету, і не могучы ніяк перагораць ды абняць розумам усяго, што прылучылася за астатнія дні: пазаўчора нечакана і нейкі як сам не свой, нібы пакусаны, з пакалечанай нагою сабака, што сыходзіў з дому, вярнуўся ў Верасава Імполь. Пэўна, баяўся, што Алеся не прыме яго і таму, маўкліва тулячыся, хаваў ад яе свае вочы.
А ўчора ўжо, якраз у гэтакі самы гарачы полудзень, прыбегла дадому, да свае мацеры патайная Ганначка і, асцерагаючыся сустрэцца з Алесяю, наказала, што ў маладым хвойніку, у ровішчах за Янавам ляжыць замардованы Міця.
Хто і як забіў яго — утаіла, хоць пэўна ж ведала, але пабойвалася сказаць, прагаварыўшыся адно, што ўцякаў дадому і зайшоў да яе змяніць адзежу, бо ў хаце астаўся яго мундур і новыя салдацкія, з падкоўкамі, чаравікі.
Алеся, скамянеўшы ад гора і не звёўшы вока цэлую ноч, наранкі прыбегла да Ваўчковай Волькі і папрасіла папільнаваць хлопца, а заадно і зіркнуць ужо на хату, упусціць у хлеў ды падаіць карову.
Плакала ўжо тут разам з Вольгаю, завёўшы ў адзін голас. А потым яшчэ і на глухім, што пачынаў зарастаць спарышнікам, бацькавым надворку. Пастаяла на сіняватым пляскатым камені, што ляжаў каля парога роднай і такой ужо пачужэлай, смутнай хаты, з якой два тыдні назад выбраліся казакі, забраўшы і бацькавага каня, і карову, і падсвінкаў, і захлынулася слязьмі, пазіраючы на выбітую шыбу акна, на пугу, што вісела на цвіку пры вугле хаты, на рамку пабітага і выкінутага за плот мамінага яшчэ вянчальнага абраза. Камянеючы ад усяго, падумала ўжо са страшнай гаркатою: вось не патрэбныя нікому ні зямля, ні хата, ні гэты вянчальны абраз...
Як усё неспадзявана і негадана скончылася... Непатрэбны і ён, Імполь, што ўчора прыцягнуўся ў Верасава. Мінулася і прапала маладосць, перагарэла каханне, астаўся на душы толькі халодны, астылы попел.
Прыйшла дадому, паглядзела, як на засыпанай трэскамі дрывотні ён адзін, узваліўшы на козлы, пілуе тоўсты, нават ў зялёных пасынках камель яшчэ зімою зломанай вярбы, і сказала ў яго прыгорбленую, нібы баязлівую спіну:
— Запрагай каня, паедзем па Міцю.
Імполь марудна атрос з закарвашаў белыя пілавіны, падняўся ад калоды, выцягнуў з глыбокага прарэзу пілу і, бліскаючы ёю, паслушна пайшоў да хлява.
Дарогаю ўжо, ловячы ружавата-сінія каласы з марнага, заглушанага гаркавата-пахучым румянкам жыта, што чаплялася за воз, неспадзявана сказаў:
— Бачыў я яго.
— Каго гэта?
— Каго, пытае? Міцю, кажу, бачыў.
— Дзе ж гэта? — насцярожылася і зніякавела Алеся.
— Там, дзе людзей стралялі. За кашарамі, пры ляску,— ён адвярнуў свае вочы, падкідваючы ў растапыранай жмені пустыя пляскатыя каласы.
— Яшчэ выдумаў, што людзей страляў.
— Людзей-то не страляў, а ў ачапленні быў.
— Дзе ні быў, а дадому во не дайшоў,— не стрываўшы, са злосцю перабіла ўжо Алеся, пазіраючы на Імполя, на яго зарослы доўгімі валасамі карак, на ўсяго яго, худога і зблажэлага.— А ты болей мянці языком.
— Я кажу, што бачыў, што было.
— Што было — прайшло. Глядзі вунь, што будзе — казакі едуць.
Насустрач ім з-за грудка з боку шашы па мяккай, што зарасла нізкай, бела-ружаватай дзяцелінкай, дарозе узводным калонным намётам ехалі казакі, з-за плячэй выглядалі чорныя дулы вінтовак, пры сёдлах паблісквалі похвы і эфесы шабляў.
Не пускаючы каня на мяккую дарогу, Імполь пагнаў яго няроўнаю, у выбоінах шашою. Конь наравіўся, непаслушна адварочваў голаў, але бег, трасучы збруяю. Чарнавусы казак у шарай кубанцы, у сітцавай касаваротцы навыпуск, падпяразанай вузенькім рэменем у медных заклёпках, злёгку падскокваючы на падушцы сядла, адлучыўся ад калоны і завярнуў да шашы. Астатнія спыніліся, стоячы ў тройках і стрымліваючы за павады неспакойных, зацятых аваднямі коней.
— Кто такие? — прыжмурыў вузкаватыя татарскія вочы казак і прыпадняўся на страмёнах.
— Верасаўскія мы,— Імполь прыпыніў свайго разагналага каня.
— Распрягай лошадь!
— Як, гаспадзін казак? — Імполь азірнуўся на Алесю.
— Распрягай, мать твою черт! — казак узмахнуў кароткаю і крутою, як гадзюка, плёткаю.
Імполь саскочыў з воза, рассупоніў хамут.
Алеся маўчала, ведала, што нічога не выпрасіш, ды нават язык не паварочваўся загаварыць да гэтых злыдняў, што спалілі бацьку. Думала пра іншае: у каго ж яна пазычыць каня прывезці Міцю і хто цяперашнім светам дасць, хто паспагадае.
— Эй, Степа, лошадь-то какая. Беги сюда, тебе попалась красивейшая, офицерская.
— Я зараз,— з каня, на якім сядзелі двое, злез і, касалапа ставячы ногі, падышоў нізкарослы, шыракароты казак.
Яны, Імполь з Алесяй, доўга і маўкліва стаялі над пустым возам, і нарэшце Імполь пачаў яго разбіраць, каб упрэгчыся ўжо самому ў лягчэйшы перадок.
Да Янава, калі звярнуць з шашы, асталося вярсты са дзве. На грудку ў круглаватых, як царкоўныя купалы, кустах ялаўцу жаўцеў лапік топкага пяску. Алеся, як магла, трохі памагала Імполю праехаць яго. Каб не паказвацца ў вёсцы, завярнулі на ўтравелую палявую сценку. Алеся толькі збегала ў першую нізенькую, на тры аконцы хату, спытаць, бо, не ведаючы, прыйдзецца паблудзіць, дзе ляжыць тут надоечы забіты хлопец.
— Маладзічка,— разагнулася каля грады вострай цыбулі бязгрудая кабета,— не ведаю я, нічога і не чула, каго забілі. Не, што вы, не чула. Мо хто іншы.
Да іншых Алеся не пайшла, падумаўшы, што таксама не скажуць: цяпер кожны тоіцца, сцеражэ сябе.
Толькі ўжо на полі, перастрэўшы рабаватага з чырвонымі недаспанымі вачмі пастушка, што гнаў падласную карову і сівую з падвешанаю качалкаю, каб не магла бегчы, авечку з двума чорнымі лысенькімі ягняткамі, распыталі, дзе ляжыць забіты Міця.
Пастушок падцвердзіў тое самае, што перадавала Ганначка: трэба ехаць за вёску ў хвойнік, і, як спусціцца з грудка, у Воўчых ровішчах пры дарозе натрапіш на труп: там ляжыць забіты немец, яны, дзеці, учора пасля полудню бегалі туды, думалі чаравікі зняць, але нехта ўжо яго разуў.
Спускаючыся ў марны, сіва-замшэлы хвойнік, Алеся першымі і ўбачыла босыя пасінелыя ногі, а потым ужо ў перавеяным ветрам жоўтым пяску між чубкоў шорсткай асакі, дзе валяліся шарыя, высушаныя сонцам бяззубыя конскія пашчэнкі (тут, мусіць, былі магілкі для жывёлы), нібы зачапіўшыся за гарбаваты крывы корань, што выпаўз ад прысадзістай недарослай хвойкі, ляжаў ён, Міця: правая рука хапіўшыся за гарачыя, навылет праткнутыя штыхом грудзі, левая сударажна разграбла ў сыпкім пяску глыбокую ямку.
Алеся, убачыўшы галаву з кароткай падстрыжанай полькай, сінявата-ліловы карак, край шчакі, чорнае брыво, Міцеў роўны нос, што ўткнуўся ў пясок, спляла рукі і, заблытаўшыся ў пучках жорсткай лясной асакі, пластом рухнула на дарогу. Ад страху завішчала, тулячыся да Імполя, перапуджаная сучачка.
Імполь, кінуўшы перадок з прывязанымі драніцамі, падбег, перавярнуў і закалаціў яе.
Трохі апрытомнеўшы, але яшчэ не помнячы, што робіць, Алеся папаўзла па калючым сыпкім пяску да Міці, задыхаючыся і рвучы на галаве валасы, нямогла запрычытала: «А братачка, а Змітрычак, а чаго ж ты тут ляжыш?»
Упала каля яго, абняла за голаў і, прыпадымаючы яе, пачала цалаваць у бяскроўна-белы, затоены ў невыносна-балючай пакуце твар.
Імполь, адцягнуўшы яе, перакаціў Міцю на драбінкі, усцягнуў іх на перадок і прывязаў сваёй і вышмаргнутай з Міцевых порткаў папругай да аглобель.
Радзюжку, каб прыкрыць нябожчыка ад сонца ды рою мух, са спеху ды гарачкі з сабою не ўзялі, пра яе ўспомнілі пазней, ужо дарогаю.
Там, каля Янава, было не да радзюжкі. Здзьмухваючы з кончыка носа пякучы, што ліўся цурком, пот, Імполь толькі выцягнуў перадок на седлаваты груд да раскалыханага гарачым ветрам жыта, сярод якога ўздымаўся на тоўстым выпаленым камлі высокі з падсохлымі ражнамі сукоў шара-цёмны дуб, як ззаду з жоўтага ад люціка лужка, глухавата, нібы з абрэзаў, пачалі страляць двое конных. Тугою, нацягнутаю струною нізка над галовамі зазвінелі разлютаваныя кулі. Зашалясцеўшы жытам, адна, як пераспелае яблыка, шпокнула недзе каля самых ног.
Імполь, падаючы на халаднавата-затравелую, пахучую ад горкага рамонку сцежку, пацягнуў за сабою Алесю.
Стаіўшыся за чуйна-шапаткім жытам, яны ляжалі, покуль не сціхла далёкая і глухаватая, як у воду, стральба. Страляў нехта помслівы і, мусіць, п’яны. Як чуючы бяду, прылягла і баязліва заскавытала аблавухая сучачка.
Да Алесі з Імполем конныя не пад’язджалі — як з’явіліся нечакана, так нечакана і зніклі, хаваючыся адзін на каштанавым, другі — на чорным кані за чубком бярэзніку. Азірнуўшыся на шарую вёсачку з густымі купамі нерухомых прысад, што зацягнуліся, як затоеная вада, рэдзенькаю смугою спякотнага дня, Алеся ўбачыла, што яны з-за чубка бярэзніку выехалі да Ганначчынага хутара і там, каля хаты з апоўзлай страхою, што падціснулася пад старую густа-зялёную грушу, пачулася зноў некалькі трывожных, адзін за адным стрэлаў, што пругкім ляхатам аддаваліся пры сцяне лесу.
Рыпучы перадок, на якім пакалыхваўся пацямнелы ўжо ў твары і абыякавы да ўсяго — і да гэтых стрэлаў на хутары, і да бялёсага неба, і да гарачага, што наплываў хвалямі, ветру,— ззаду падпіхала Алеся. Трэба было скарэй мінуць груд і схавацца ў лагчыне, з якой ужо чуваць быў саладкава-горкі пад валяр'яну, лодзьмы, клейкага алешніку і прахалоды блізкай шчымліва-крынічнай рэчкі.
З лужка дарога выбегла на белую ад перацёртага жвіру шашу, з якой віхор падняў і панёс на зялёнае поле слуп калючага, што заскрыпеў жарствою на зубах, вялага пылу.
Каля мастка праз дудкаватую ў жоўтых парасонах кветак лодзьму і высокі конскі шчаўюк Імполь пралез да рэчачкі і, хапіўшыся за камлі алешын, лёг на грудзі і ротам дастаў да вады, з прагаю п’ючы яе.
Алеся, трымаючы аглоблі, каб не ссунуўся з перадка Міця, глядзела ўздоўж рэчачкі на ружовую ад шчаўя і смолкі лагчынку і, вядома, не ведала, не здагадвалася, што пазаўчора, ідучы на прылесны хутар і напароўшыся на нямецкія грузавікі і танкетку, тут, на лужку, між рудаватых кратовых горбаў, стоена ляжаў Міця. Як не ведала і другога: двое конных, што стралялі па іх, былі з наваградскай аблавы, якая сёння раніцай прачэсвала тутэйшыя Кашалёўскія лясы, і, арыштаваўшы, пагналі перад сабою кульгавага Ганначчынага мужыка.
Алесіны думкі раптам пераплылі ў даўні свет: успомнілася маміна смерць, труна ў хаце, у ёй спакойная, з абразком у руцэ, мама, нібы заснула, а ён, малы Змітрык, падкурчыўшы ногі, сядзіць на лаве недалёка ад труны і жаласна плача. I ўсе бабы, што былі ў хаце, пачуўшы гэты плач, завялі, завылі ўжо над ім, трохгадовым сірацінай.
Як нядаўна, здаецца, гэта было. А ўжо васемнаццаты гадок мінуў. Як скора бяжыць час. I вось да мамы прыйшлі Міця з татам.
Даўкі камяк здушыў Алесіна горла, слёзы пякучай гарачынёй хлынулі на вочы. I Алеся надрыўна застагнала, не стрываўшы ўсяго, што наплыло на яе. Падымаючы сцяты ў пакуце, заліты слязьмі твар, заенчыла, загукала: «А мамачка, а татачка, а Змітрычак, а мае родныя, забярэце да сябе і мяне ўжо!.. Нашто ж пакінулі адну так гараваць ды слязьмі абмывацца!»
На міг зрабілася лягчэй, што выплакалася, што выенчыла сваё гора.
Уражаны нечаканым Алесіным крыкам, да перадка падбег Імполь, вышчаміў з яе адзеравянелых рук аглоблі, выцягнуў перадок на шапаткую, няроўную, гады са два не рамантаваную шашу і, азірнуўшыся на жаўтлява-пацямнелы, з падцятымі ў неразгаданай смяртэльнай крыўдзе тонка-сінімі губамі Міцеў твар, упёрся босымі нагамі ў калючы жвір і зрушыў перадок з месца.
Алеся памалу і бязвольна ішла за перадком, што нудна і абрыдла рыпаў адным колам, пазірала то на пастухоў, што, пераганяючы цераз шашу каровы, з дзівам прыпыніліся каля іх з Імполем, то на нямецкую машыну, што прытармазіла, убачыўшы нябожчыка, то на казацкі абоз з будамі, што марудна валокся недзе ў Наваградак.
Ачуняла яна перад самаю вёскаю, калі Імполь з скрыпуча-жвірыстай і стракатай ад мігатлівага ценю бярэзін бясконцай шашы з’ехаў на пясчаную дарогу пад крыж, калі ўбачыла, як з-пад свае хаты, з-пад яловага частаколу сюды насустрач ёй з Імполем, дробна перабіраючы босымі ножкамі, бег яе пяцігадовы сын. Чарнявыя нястрыжаныя валасы на яго круглай галаве падымаў і перабіраў густы сустрэчны вецер.
«Жыць трэба, жыць! Дзеля яго! Ужо такая, мусіць, божая воля. Так наканаваў лёс».
«Жыць!...» — нямогла ўздыхнула яна, убачыўшы каля яловага частаколу жаночую постаць і ўгадваючы ў ёй Чэсю.
Хто ж ёй наказаў? Ведае яна — бедная, згараваная дзяўчына, ці не ведае пра Міцеву смерць? Убачыўшы, як у Чэсінай руцэ гараць чырвоныя півоні, здагадалася, што нясе іх, каб пакласці на Міцеву труну.
Абагнаўшы Імполя, што, дзьмухаючы сабе на твар, астуджваючы яго і збіваючы з кончыка носа едкія кроплі поту, упарта, з астатніх сіл цягнуў перадок з распластаным Міцем, Алеся здалёк распасцерла рукі і, дабегшы, абняла збялелую, ужо бязвольную Чэсю, і яны абедзве задрыжалі, закалаціліся ад цяжкага бязгучнага плачу.