ХV

Скінуўшы золкую, цяжкую вечнасць хмурых дажджоў, ясна і высока сінела чыстае неба. У выш да яго са старых, сівавата-замшэлых дуброў цягнуўся гонкі, абсыпаны дробным лісцем бярэзнік.

Падходжаным, кіславата-цёплым цестам пахла зямля, і па ёй ужо лёгка і шчымліва-радасна было ступаць босаю нагою.

На адзінокім. велічным і прасторным полі, раскалыхваючы на грывастых межах звінючы быльнік, захлістваўся густы вясновы вецер.

Глытаючы яго і чуючы радасна-аднастайны шум у вушах, за плугам ішоў унураны ў свае думкі араты. Босыя ногі адбіваліся чуткім следам на блізкім змалку і свежым халадку раллі. Забываючыся на кароткі міг пра вайну, смерць і пакуты, людзі, пасеяўшы авёс, выходзілі араць пад грэчку. Жывым трэба было жыць.

Зазеляніліся маладою травою лужкі, сыры зацішак лясоў і ялаўцовых кустоў быў белы ад ветраніцы. Адцвіў ружовымі непрыкметнымі ды мала каму знаёмымі кветачкамі, адкурыў жоўтым пылам ды адсыпаў на зямлю дрыготкі дождж расцягнутых таўкачыкаў шары гарэшнік. Каля рэчак, на аблізаным паводкаю і падсохлым пяску расплюшчваў ясныя жоўтыя кветкі нізкі, яшчэ бязлісты падбел.

I першыя, нядужыя яшчэ пчолы стомлена і зманліва падалі на махрыстыя кветкі.

Прыйшло зялёнае Юр’е, але яго ніхто ўжо не страчаў з пастуховай торбаю ды песняю пад вокнамі:

Прыслаў бог па пірог,

А гавечка — па ясчка.

А баран — па соль,

Што мы яго пасём.

Цярпліва, пакутна-сцішана чакалі канца вайны і гаманліва-вясёлыя некалі, разбуджаныя грукатам вазоў на бруку, расцяжна-п’янаю песняю фурмана, а цяпер непадступныя з бункерамі, з вартаю на крыжавых дарогах, затоеныя Дварчаны.

Перажыўшы фронт, параненыя немцы, што прыбывалі на папраўку ў вайсковы шпіталь, сцішком сядзелі за калючым дротам, зрэдзь вытыкаючыся на вуліцу. У мястэчку піла і шалела ў гульбе казацкая армія паходнага атамана Паўлава, і ўжо не ведалі ніякага супынку разбэшчаныя ронаўцы. Апранутыя ў старыя, зношана-абшарпаныя нямецкія шынялі, яны з каламутна-чырвонымі вачмі, узбуджаныя і нервовыя, шукалі па мястэчку спярша самагонку, потым ужо з п’янай ашалеласці і дзявок.

Нібы каламутная рэчка ў паводку, чыгунка ў Дварчаны прыносіла і розную іншую брыду; тут круціліся, як у затоне шумавінне, шукаючы прытулку, бежанкі з дзецьмі, адзінокія кабеты, свая і не свая распуста. З валачашчымі дзеўкамі ды маладзіцамі піла і круціла любошчы салдатня ронаўцаў і белаказакаў, цішком ды ўпотай, тоячыся ад сем’яў і знаёмых, падгульвалі дварчанскія паліцыянты.

Адны маўклівыя і ўпарта цягавітыя тодаўцы, найбольш сталыя, гадоў пад пяцьдзесят мужчыны ў белавата-шэрых ад цэменту камбінезонах, у чубатых з доўгімі брылямі шапках, акуратна, не спяшаючыся, адбудоўвалі спалены партызанамі тартак — залівалі выкапаны экскаватарам катлаван і ставілі на пустэльзе каля чыгуначных пуцей, дзе чарнеў высокі леташні быльнік, цёмна-зялёныя для гаспадарчай патрэбы шчытавыя і дашчаныя склады.

Пасля карных аблаў паліцыя з абознікамі прывозіла і ссыпала ў іх збожжа — яўрэйскія пустыя стопкі ды свірны былі малыя, як малыя былі ўжо хлявы для кароў, свіней і авечак — іх таксама зганялі сюды, у Дварчаны. Днямі прытурылі скаціну з Прылуцкіх хутароў.

У тупікі да гэтых, наспех скалочаных дашчаных складоў з цяжкім жалезным лязгатам буфераў і свістком счэпшчыкаў падганялі пустыя саставы — кароў грузілі ў вагоны і адсылалі на фронт — згаладалым у акопах салдатам патрэбна было мяса.

Даглядаць скаціну — карміць ды паіць яе падрадзіліся местачковыя гандляры, найбольш тыя, хто накраў, не баючыся, што нарвецца на кулю, з былога яўрэйскага свірна шарай скамянелай солі, а цяпер мяняў яе на сала ды мёд, словам — на харчы, каб пусціць ужо іх на абутак ды адзежу.

Гэтая дарога за няпарнымі, садранымі з нямецкіх трупаў ботамі магла таксама каштаваць жыцця, бо вазілі кароў то ў далёкую Вязьму, то ў Рослаўль, трапляючы пад бамбёжкі, а потым, калі фронт прыблізіўся на Захад, дабіраліся ў разбіты, няшчадна спалены з шара-чорнымі каробкамі пустых камяніц, з белымі печамі і грубкамі на пажарышчах Віцебск.

Асцерагаючыся, што немцы могуць злавіць ды пакараць за накрадзеную соль, Янка Вайтовіч кінуў работу ў складзе і зрабіўся сталым памочнікам у немаладога, панурага немца, што суправаджаў кароў на фронт, кожны раз падбіраючы сабе ў помач трох-чатырох надзейных мужчын ды хлопцаў.

Цяпер ён, прынёсшы нават бутэльку каламутнай самагонкі, закаркаваную драўляным заткалам і неачышчаную ад карычневага сургуча, умаўляў Імполя кінуць цэнтральна-гандлёвае таварыства, ці як казалі дварчанцы, ЦТХО, і паехаць разам з ім у Воршу.

— Куды ён паедзе? — насцярожылася Хрысця, паглядаючы на аблыселага, у ценькім, нібы на птушаняці, пушку даўгаватую голаў Вайтовіча.— Хронт, кажуць, блізіцца...

— Яна кажа фронт...— крывіў п’янаватыя губы Вайтовіч.— А чула, што немцы ўвайшлі ў Венгрыю і Румынію?

— Я чула во іншае: казакі прыгналі ў Дварчаны прылуцкіх кароў.

— Мы тут пры чом? — Вайтовіч падняў шырокую ў горле і вузкую ў паяску чарку, калыхнуў ёю да Імполя, разліваючы на абрус самагонку.— Праўда, Імполь?

— Ды чорт ведае цяпер, дзе тая праўда! — Імполь выпіў і пацягнуўся рукою да нарэзанага брусочкамі ружаватага сала з любовымі паскамі.

— Мы не за праўдаю едзем, а па чаравікі... Глядзі, якія выменяў на соль,— Вайтовіч выцягнуў з-пад стала ногу і прытупнуў акутым нямецкім чаравікам з блішчастымі кручкамі на халяўцы.

— Ой, каб за гэтымі чаравікамі ды галавы не пакінулі,—

Хрысця падышла да акна і зашмаргнула пругкую накрухмаленую занавеску.

— Смерць у кожнага за плячмі. Калі захоча, то знойдзе, чаго дбаць,— адкусіў скварку і зачвякаў Імполь.

— Але не дай бог такой, як была ў Прылуках. Страхата не толькі бачыць, але слухаць пра тую смерць,— уздыхнула Хрысця і, абгладзіўшы чорна-паркалёвую спадніцу, прысела на рыпучы табурэцік зводдаль стала.

— Што казаць, гаркаты ды бяды на свеце хватае,— Вайтовіч доўга круціў перад носам у тлуста-слізкіх пальцах кароценька-шырокую, прысадзістую чарку, успамінаючы, мусіць, нешта сваё, балючае, потым прыстукнуў яе таўставатым донцам.— Ну, што ты мне паставіў? Хто такою чаркаю п’е? Хібя лякарства?

— Бяры маю,— нахмурыўся Імполь.

— А твая хібя лепшая?

— Сціхнеця! — павярнулася на рыпучым табурэце Хрысця.— А то Місан за сцяною чуе. Тэлефон сабе правёў. Зараз немцам і патэлефоніць.

— Баюся яго,— папярхнуўся самагонкаю Імполь.

— Глядзі, каб шапка ад страху не паднялася. Адважны.

— Можа, праўду кажа,— і памякчэў ад перасцярогі Вайтовіч.— Воўк сабакі не баіцца, але звягі наравіцца,— і ціха спытаў:— I што гэта за ён?

— Майстрам робіць на вузкай калейцы. Паскудны — усё падслухоўвае, усё віжуе за намі.

— Цяпер на кожнага зважай,— Вайтовіч шмаргнуў жменяю па тлустых губах, абцёршы іх, дакончыў гутарку:— Людзі помсцівыя ды хцівыя пайшлі. Падкусваюць адзін аднаго, як сабачукі. Але ліхата з імі,— ён перакінуў ногу праз заслончык, нібы знарок паказваючы свой новы чаравік у блішчастых гранёных шыпах і падкоўцы на абцасе.— Справу скончым, мусіць, так: я падмоўлю славака адпусціць цябе... Паслязаўтра едзем.

— Ой, і праўда, баюся яго адпускаць,— паднялася з рыпучага табурэціка і паправіла, абцягнула на сабе прыталеную з кароткімі да локцяў рукавамі баціставую блузку збедненая, трохі жаласлівая Хрысця.

Вайтовіч уважліва зіркнуў на яе і па асалавелых, прыгаслых карых вачах, па круглява-патаўсцелым, ганарыста-выпучаным жывоціку яе разгадаў і з нейкім нават нядобрым дзівам падцвердзіў сам сабе — цяжарная. I здзекліва ўсміхнуўся:

— Не бойся, не пакіну там яго.

— Абяцанага тры гады чакаюць,— Хрысця скрывіла падпухлыя з цёмным налётам губы.

— У сераду радзіўся — на ўсё гора згадзіўся,— фарсіста, зухавата разгарнуў і выпучыў свае грудзі Імполь і прыстукнуў кулаком па паласатай са зломленым гузікам кашулі.— Паедзем, чаго там!

Назаўтра прачнуўся ён сцішна-вінаваты з цяжкаю, нібы чаднаю, налітаю звінючым болем галавою, і маўкліва стаў пакаваць фанерны куфэрак, кладучы туды апольчык пахучага ад кмену сала, што нядаўна выменяў на соль, бохан хлеба і, старонячыся, каб не бачыла Хрысця, загорнуты ў старую злінялую анучу паўтарак самагонкі.

Але яе не абхітрыў.

— Нешта ты там падазрона сапеш,— яна падышла да яго і зазірнула ў адкрыты фанерны чамаданчык.

— Слухай, не чапіся,— ён рэзка павярнуўся да яе спіною.

— Перажываю, таму і чаплюся,— яна злавіла яго слізкі ад валасоў карак, пагладзіла па кудзерках у раўку, здушана, працяжна ўздыхнула, потым сказала:— Дый адна баюся астацца.

— Чаго ж гэта? — павярнуўся да яе і зірнуў на жаўтлявы твар з сіняватымі вачаніцамі.

— Чуе маё сэрца нешта нядобрае.

— I што ты прычуваеш?.. Чаго гэта?

— Не казала табе, ці ж ведаеш?

— Пра што? — замёр ужо ён, стаіўшы дых і чуючы, як у самога стукае і абліваецца холадам сэрца.

— Учора мяне напаткаў Жэнік Рэпка.

— Няўжо?.. Дзе?

— Да, як кажуць, на сабачай сцежцы. Недалёка ад бальніцы, у тым прагале, што ў лагчынцы.

— Ці не ён гэта ўчорачы вагон падарваў, што ў тупіку стаіць?

— Які нам інтэрас. Можа, і ён,— яна зацерабіла на грудзях на баціставай блузцы пацерку чырвонага з белым абадком гузіка.— Просіць, каб яшчэ якога лякарства прынясла.

— Ну во, будзеш голаў сваю падстаўляць. Досіць, што мяне тузаў...— Імполь нагнуўся, закрыў вечка фанернага куфэрка. Седзячы на кукішах, паволі замкнуў бліскуча-ржавы з тонкім вушкам замочак.— Яму лёгка: падкінуў тут агню, ногі пад пахі ды ў лес. А нам?.. Навідавоку ў немцаў...

— I гэта яшчэ не ўсё...— у яе сцішэў голас.

— Ну-у?! — ён, абапёршы рукі аб калені, паволі ўстаў.

— З табою цяжка гаварыць, можа, потым скажу, як з Рослаўля прыедзеш?

— Ды ў Воршу мы з Вайтовічам едзем, чуеш!

— Не крычы, Імполь, крыкам ужо не паможаш. Трывала як магла, не казала. Але ўжо з цярпення вышла — скажу.

— Ну кажы, чаго мучышся,— у Імполя палахліва і насцярожана паднялося адно плячо.

— Надта просяцца пленныя, што ў шпіталі са мною робяць, каб да партызанаў перавяла. Баяцца, што іх у Нямеччыну перавязуць.

Імполь цяжка ўздыхнуў, насупіўся, не знаходзячы месца, пераступіў цераз чамадан, злосна зіркнуў на Хрысцю — яна ўгнула голаў, паказваючы пад з’еханай на патыліцу хусткай сіняваты ў чорных валасах прабор,— і, падкусіўшы край верхняй губы, сказаў:

— Сцеражыся сама.

— Надта ж шкада... Адзін худы, як чапля. Толькі вочы на твары засталіся.

— Нешта расшкадавалася ты...

— Ну во, бачыш, і казаць не трэба было.

— Цяжарная ты. Вунь як зблажэла. Можа, і не пакідаць цябе адну — спытаў і замёр у чаканні Імполь.

— Не, едзь! Перабядую як-небудзь,— яна запясцем размазала на шчацэ слязу, што раптам набрыняла на воцы.

Ён прысеў на заслон, маўчучы паўзіраўся на самаробны фанерны куфэрак, што ляжаў пры нагах, і сказаў сам сабе, але ўголас:

— З’езджу, раз ужо сабраўся.

Хрысця выбегла ў калідорчык і вярнулася са скруткам пахучай у шапаткой кішцы кілбасы.

— Выхавалася ад вялікадня. На, вазьмі.

— Ну, дзякуй табе.— У Імполя ад непрытоенай радасці дрыжалі чырванаватыя губы.

У старэнькай чорнай шафе, у ніжняй шуфлядцы яе з бліскучай фігурнай ручкай ён знайшоў кавалачак лашчонай з сінім малюнкам паперы, укруціў кілбасу, утаптаў у чамадан і падсунуў яго ў куток між сцяною і шафай, кінуўшы наверх яшчэ нялёгкі, хоць, здаецца, на трэцю часць насыпаны соллю, ужо з учарашняга вечара нарыхтаваны мех. I, чуючы ў душы ласкавую дабрату і шчымлівае шкадаванне да Хрысці, выйшаў на двор — трэба было ісці на станцыю, як напамінаў ўчора Вайтовіч, і загружаць у састаў тыя, пазганяныя з прылесных вёсак каровы. Учора Імполь бачыў параненую ў сцягно: яна накульгвала і цяжка стагнала, і з вачэй у яе капалі слёзы. Імполь завярнуў да брамкі. Няярка, коцячыся белым кружком у сіня-жоўтай хмарцы, у вочы свяціла мяккае сонца. З далёкага гародчыка пахла свежым гноем. На чорнай ліпе, абсыпанай ружовымі пацеркамі яшчэ ненабрынялых пупышак, вясёла-радасна вызвоньвала сініца. З карычневых пікаў, што высунуліся старчма на чорнай горбачцы кветніку, выкручваліся, нібы разяўлялі дзюбкі, ліловыя лісты невядомых для Імполя кветак.

I Імполю нечакана ўбачыліся зялёна-сіваватыя шаблі перакрыжаваных касачоў у далёкім адсюль Мондравым, абгароджаным яловым частаколам гародчыку, Алеся ў бурачковым ватовым каптаніку, у белай у сінія балонкі хустцы і свой сынок. Які ж ён ужо там? Бачыў яго летась, якраз, мусіць, гэтай парою ўвесну тут, на дварчанскай вуліцы — Алеся прыводзіла хлопчыка да доктара.

Імполь цяжка ўздыхнуў, дастаў з кішэні кісет з шапаткім, дробна нарэзаным самасадам, скруціў папяросу, прыкурыўшы і са смакам глытаючы дым, выйшаў на вуліцу, чамусьці падумаўшы, што зноў сустрэне Алесю. Раз думаеш, значыць, яна недзе блізка ці таксама думае пра цябе.

Каля мігатлівага да болю ў вачах шчыкетавага плота, на які аблягалі чорна-шыпаватыя разлапістыя грушы, Імполь прайшоў няроўнаю, з каламутнымі лужынамі пясчанаю вуліцаю, за белым атынкованым домам з дзвюма драўлянымі патрэсканымі калонамі, што падпіралі фігурны выштукаваны ганак, звярнуў на шырокі ў дзве пліткі тратуар і зняверыўся — пасярод ружаватага бруку вуліцы, цокаючы падковамі, ступаў буланы з белымі паскамі на стройных нагах знаёмы конь.

Няўжо Алесін? Той самы салдацкі конь, што хмыліўся, убачыўшы кабечую хустку, і кусаўся.

У грудзях нешта нядобра і балюча турзанулася — на возе, трымаючы лейцы, сядзела Алеся — зжоўклая, схуднелая ў твары — і да яе каптана туліўся ў з’еханай брыльком трохі набок велікаватай кепцы хлопчык.

Імполь не ведае і сам, чаму гэтак выйшла, пайшоў насустрач каню і схапіў яго за цуглі. Косячы падазрона сіняватым вокам і задзіраючы разяўленую, балюча падцятую цуглямі храпу, конь пудка здрыгануўся і стаў.

— Пусці! — прыўзняла голаў у махрыстай, той самай, у сінюю балонку, хустцы і разгневана крыкнула Алеся.— На зборны пункт пазнюся.

— Які зборны пункт?

— Пытае які... Нямецкі. Коней выбракоўваць будуць.

— Дай зірнуць на сына.

— Ці сын табе абыходзіць?..

Хлопчык, здагадваючыся, хто, пэўна, перад ім стаіць, сарамяжліва пасміхаўся, хаваў свой дробны рудаваты тварок за маміна рукаво.

Нечаканае шкадаванне, вінаватасць аблілі гарачым болем Імполева сэрца. Але і нейкае патаемнае шчасце падымалася спадыспаду душы — расце сын.

— Расказваюць тут пра верасаўскую бяду,— Імполь падняў проці ласкава-цёплага ветру свой твар.

Алеся паволі, заплюшчыўшы вочы і душачыся слязьмі, адвярнула голаў. Сінявата-бяскроўныя, моцна сцятыя губы яе крыўдна і балюча ўздрыгвалі.

— I пра бацьку чуў?..

Алесіны губы бязмоўна перакрывіліся яшчэ больш у пакутнай несцерпнай міне.

— Можа, чым трэба памагчы? — спытаў ён, ужо адымаючы ад цугляў руку і даючы свабоду нервова-чуйнаму каню.

— Пра помач ён гаворыць... Пастараніся. Но-о! — сутаргавы смех перакрывіў яе схуднелы жоўты твар, і яна махнула, нечакана свіснуўшы перад Імполем пугаю.

Турзануліся і пачалі з вострым ляскатам падскокваць на бруку лёгкія калёсы. У сутоках за белымі мураванкамі разбівалася крохкае рэха. Адступіўшы на крок да тратуара, Імполь слухаў гэты востры і лёгка прыгучы ляскат колаў, глядзеў, як тросся на возе і тужыўся і ўсё ніяк не мог азірнуцца сын.

Імполь заплюшчыў вочы, замёр ад шчымлівай, нязносна-балючай крыўды, чуючы пякучую вільгаць слёз у куточках вачэй.

Надвячоркам ужо, вярнуўшыся з чыгуначнай станцыі, дзе ён разам з Вайтовічам і яшчэ трыма местачкоўцамі заганяў па дошках у вагоны перапуджаных і баязлівых кароў, Імполь зморана прысеў на табурэт, нечакана прызнаўся Хрысці:

— Сына сённячы бачыў.

Хрысця, раптам папярхнуўшыся кашлем і задыхнуўшыся, адазвалася не адразу, цярпліва, з адчайным болем памарудзіла:

— Дзе гэта?

— На вуліцы стрэў Алесю з фурманкаю... Падрос хлопчык.

— I цябе прызнаў?

— Саромеўся... Мусіць, прызнаў.— I Імполь засмяяўся, бліснуўшы белымі роўнымі зубамі, і гэты смех Хрысці здаўся брыдкім і дурнаватым.

— Паедзеш у тую Воршу, так купіш яму што,— Хрысця падышла да кафельнай печы з жалезным слупком і дастала чыгунок з уваранай пахучай бабкай.

— У мяне і так ужо хаваецца для яго.

— Што? — гарачы чыгунок апёк Хрысціны рукі — яна з грукатам выпусціла яго на стол.

— Пінжачок вунь у шафе ляжыць. Глянь, на соль выменяў.

Хрысця выцерла рукі аб фартух, асцярожна, нібы баючыся, адчыніла рыпучыя дзверы ў шафе, знайшла там карычняваты ў чорныя балонкі пінжачок. Доўга, маўчучы, разглядала, маўчучы паклала назад. Маўчала і ўночы, старанілася, адводзіла шурпатыя Імполевы рукі, калі ён хацеў прыгарнуць яе да сябе. Толькі наранку, выйшаўшы з хаты і азірнуўшыся на акно з кружком ачышчанага поту, ён згледзеў у гэтым кружку яе заплаканы твар і руку, якою яна хрысціла яго, жадаючы шчаслівай дарогі.

Нешта ўжо добрае перавярнулася ў Імполевай душы да Хрысці, апала даўкая задуха, што мучыла ўсю ноч. Ён ведаў і дагадваўся, пра што з азызлай прыкрасцю маўчала яна, чаго не магла дараваць яму,— ён не адцураўся, не выракся і любіць сына і можа вярнуцца да яе, да Алесі.

Гэтая маўклівая дагадлівасць, неадступная, нелітасцівая злосць між імі ўзнікала ўжо не раз. Нешта помслівае зноў і нечакана ахапіла Імполя. Расхацелася ўжо ехаць у тую Воршу, гібець у гэтым саставе з каровамі дзеля нейкіх лахманоў ці абутку. Нашто і каму ўсё гэта? Няўжо і з Хрысцяй, якую ён любіў так ашалела і моцна, ажно да страшнага, да вар’яцтва, не ўдалося, не выйшла жыццё.

Млеючы ад саладкаватай помслівай злосці, што, можа, і не вернецца ў Дварчаны ні да кога ўжо — ні да Хрысці, ні да Алесі,— Імполь мінуў чорна-сіняватую, перамешаную з вуглем гразь каля тодаўскіх складоў, глыбокі катлаван з рудаватымі горбамі пяску пры беразе, грукат бетонамяшалкі з шараватым бачком, каля якое з тачкаю ўвіхаўся высокі сутулаваты немец у сінім камбінезоне, і падышоў да караткаватага, на восемь таварных вагонаў саставу.

Ад яго нясло цёплым духам кароў, свежым гноем і малаком. Дзынкалі бляшаныя вёдры — нехта ўжо даіў. У астатнім вагоне расцяжна і тамліва рыкала, пакутваючы па аднятым, мусіць, надоечы цялятку, растрывожаная карова.

Абвіўшыся белымі клубкамі пары, нецярпліва і зласнавата шыпеў чорна-тлусты паравоз у буйных скалках вады. Каля яго хадзіў з вялікім гаечным ключом заклапочаны і ўнураны машыніст.

Імполь праскочыў праз расіста-вільготную ружаватую пару і ачуціўся каля вагона з чорнаю проймаю расчыненых дзвярэй. У ім бубнілі мужчынскія галасы.

Зазірнуўшы туды, Імполь убачыў у адной, святлейшай, старане вагона шчыльна і акуратна складзеныя, ажно пад самы дах, цюкі злінялага сена, у другой, цямнейшай,— дашчаныя нары, бітоны на іх, Вайтовіча з закачанымі рукавамі і маладога, што ўчора балюча ўразіў, шасціпалага хлопца: на мезіным пальцы левай рукі ў яго вырас, як бывае вырасце адростак морквы, шосты дробны палец.

— А мне надумалася, што ўжо і не паедзеш, што твая не пусціць,— падымаючы вішнёвае высокае вядро і льючы ў бітон з густым пенным шумам свежае малако, азваўся Вайтовіч.

— Ды была трохі баялася,— Імполь спіною павярнуўся і, трохі паддаўшы, спусціў з плячэй на падлогу вагона нялёгкі мех з соллю, потым ужо шаргануў фанерны куфэрак і, стаўшы на прыступку, падняўся ў вагон сам.

— Зараз паедзем,— паставіўшы вядро і прысеўшы на нізкаватыя дашчаныя нары, сказаў Вайтовіч.

— А немец дзе? — ціха спытаў Імполь, прывыкаючы да поцемку ў вагоне і ўбачыўшы яшчэ прыцішанага на нарах, поўнага, рыжаватага мужчыну, што ўсё аціраўся на местачковай таўкучцы, прадаючы з адкрытага чамадана драбязу: шпількі, ніткі, брошкі, каменьчыкі для запальнічак.

— На вакзале малако хоча здаць. У іх свой парадак, каб і каліва не прапала,— сіплавата і трохі нібы заікліва загаварыў местачковы гандляр.

— Якое ўжо малако, каровы перагарэлі.

— Якое ні ёсць. У іх во так...

Немец — немалады, гадоў за сорак мужчына, чарнявы, курносы і нічым не падобны да немцаў, з’явіўся неўзабаве, абышоў вагоны, праверыўшы сам, ці засунутыя і ці ўзятыя на зачэп дзверы, зазірнуў да мужчын, што, ужо распатрашыўшы два цюкі, слалі на нары сена, усміхнуўся, загадаў зачыніцца і пайшоў у свой вагон.

Расцяжна гукнуўшы, паравоз здаў вагоны назад, недзе там забуксаваў і, скрыгатліва залязгаўшы цяжкім жалезам буфераў, ірвануў іх натужліва зноў.

Колы па чарзе застукалі на стыках рэек, і састаў, пахістваючыся і парыпваючы, паволі паплыў з тупіка, з ядавітым віскам заскрыгатаў яшчэ на стрэлках і выйшаў нарэшце на перагон.

— Адчыніце, мужчыны, дзверы,— прыпадняўся на нарах рыжаваты дварчанскі гандляр.

I на яго голас да дзвярэй угодліва і спешна падскочыў хлопец, што ўчора балюча ўразіў Імполя сваёю шасціпалаю рукою. Імполь і сёння ўздрыгнуў, учуўшы нейкую шчымлівую жаласць да яго, бачачы на левай руцэ, што адсоўвала з грукатам цяжкія, на кольцах, дзверы, прырослы да мезінца адростак — яшчэ адзін, шосты, палец. У хлопца і прозвішча было — Шостак. Ці, можа, мянюшка?

Імполь, наровячыся не глядзець на гэты палец, таксама падышоў да адсунутых дзвярэй. У пройме іх пабегла пераездная цёмна-сіняя будка, вартаўнік яшчэ ў польскай рагатыўцы з высока паднятым чырвоным флажком, і далей ужо сівым павуціннем замільгаў калючы дрот, цяжкай жалезнай прорвай загрукатаў мост, бліснула, адбіваючы невысокае трапяткое сонца, нешырокая, завешаная рэдзенькім туманам рэчка, і за ёю прабег, прытоены каля высокага насыпу чыгункі бункер — зрублены з круглых ачэсаных дзеравін дамок і абкладзены зверху дзярном. Яго абкружаў таксама драўляны, з нішамі байніц, з шырокім слоем пяску, каб не прайшла куля, высакаваты вал.

Ад поезда, ад белай пары, якою пачмыхваў паравоз, на самы край высокага насыпу адступіўся немец з вінтоўкаю на плячы, у касцы, насунутай нізка на вочы.

— Во, каб туды гранату,— засмяяўся шасціпалы хлопец, азіраючыся на нары, падсвечаныя жоўтым касаватым сонцам.

— Ты што — дурны ці разумны?! — заварушыўся на нарах рыжаваты мужчына, па прозвішчы Шайпук, як называў яго Вайтовіч, і, угінаючы голаў ад сонца, дастаў з торбы скрутак падсушанай кілбасы.

— А хто чуе?

— Ён пытае — хто? Ды як кажуць людзі, поле чуе, лес бачыць,— і рыжаваты са злосцю адкусіў і пачаў жаваць вязкую кілбасу.— Прыпыніся, хлопец, гаварыць абы-што.

— Гэта праўда, мужчынкі, сцеражонага бог сцеражэ,— глытаючы слінкі, Вайтовіч доўга ўзіраўся, як рыжаваты мужчына са смакам жуе кілбасу.— Немец па-руску трохі знаецца. Так што і праўда маўчэця, каб было далей ад бяды.

Але хто знае, адкуль прыходзіць бяда.

У Баранавічах стаялі доўга — покуль збольшага падаілі перагарэлых кароў, што па каліву, як перад запустам, давалі малака, покуль напаілі ды накармілі іх, нахапіўся вечар. Перапальваючы калючы дрот, за блізкім мурам турмы з высока паднятымі вартаўнічымі вышкамі апусцілася ружовае мігатлівае сонца, што аставалася ў вачах сінімі сляпымі кропкамі. I ў рэдкім поцемку ўжо да гэтай сцяны падбег і, схаваўшыся за штабелямі старых трухлявых шпал, прысеў па сваёй патрэбе шасціпалы хлопец. Пасаромеўся, мусіць, што тут, пад вагонамі, яго ўбачаць мужчыны. Вядома, ён не спадзяваўся, што з вышкі яго найлепш прымеціць вартавы і не разабраўшы, хто ён — вязень, які вырваўся часам з-за калючага дроту ці проста выпадковы чалавек,— будзе страляць.

Шасціпалы, учуўшы першы стрэл, падхапіў рукамі штаны і, на хаду зашпільваючы іх, пусціўся ўцякаць, але тут яго ўжо насцігла і, скочыўшы на плечы, зваліла аўчарка.

Імполь заўважыў гэта тады, калі хлопец, адбіваючыся ад яе, качаўся ўжо на суседнім пуці каля чужога састава.

Імполь, як стаяў з вядром, так і рвануўся з ім на выручку...

— Хальт! — раптоўны кароткі крык спыніў Імполя.

Сягаючы шырокімі крокамі цераз рэйкі і расшпільваючы на хаду кабуры пісталетаў, да шасціпалага хлопца, якога рвала раз’юшаная аўчарка, ірвануліся двое немцаў у чорным — мусіць, з чыгуначнай паліцыі.

Імполь бездапаможна застыў, са страхам і дзівам пазіраючы, як яны, адагнаўшы аўчарку, няшчадна нагамі пачалі мясіць хлопца.

— Гэта наш, во адсюль,— Імполь махнуў вядром, і на яго, ашчэрыўшы пашчу, раптам гаўкнула і паднялася, натапырваючы шэрсць, цёмна-сівая, з белаватай грудзінай аўчарка.

Высокі немец, копнуўшы ботам, за каўнер падняў хлопца і гэтак, трымаючы за каўнер, папхнуў перад сабою пад высокі з калючым дротам турэмны мур. Хлопец ужо ішоў як адрошаны і сам не свой.

Другі, тузаючы за нашыйнік дужую лютую аўчарку, што парывалася назад, да Імполя, ішоў услед за імі.

Спатажаны, разгублены Імполь азірнуўся ўздоўж састава, убачыў Вайтовіча, што, атрасаючы з сябе сена, вызіраў з вагона, і подбегам пайшоў да яго:

— Чуеш? Хлопца нашага забралі.

— Хто забраў? За што? — Вайтовіч злавіў нагою жалезную прыступку і задам скочыў на тлуставатую, залітую мазутам зямлю.

— Ды немцы. Ці не чыгуначная паліцыя. Але павялі вунь пад турму...

— Чаго ж гэта? — расцяжна і спакойна спытаў Вайтовіч і зноў пачаў атрасаць з сябе сена.

— Трэба ж ратаваць! — Імполь нервова за скрыпучы вочап трос вядром.

— Вот галава. Куды ты пойдзеш? Упоцемку і падстрэляць, як качку. Я чуў, як тут бабахалі.

— Дак гэта ж па хлопцу стралялі.

— А што, нам пад пулі лезці? Лезьма лепш у вагон. А хлопец, можа, і сам выцерабіцца.

На нарах у вагоне, як курыца на седале, капашыўся і ўкладваўся спаць сонна-маўклівы Шайпук, падаваў выгляд, што гэтым толькі і заняты. Нарэшце, калі скрыгатліва застукалі буферы вагонаў, калі натужліва зачахкаў паравоз, зрушваючы з месца састаў, Шайпук ачнуўся ад свае дрымоты і, спуджаны, штырхануў локцем Імполя:

— Слухайце, а дзе гэта наш хлопец дзеўся?

— Можа, дзе з немцам,— за Імполя азваўся і пазяхнуў Вайтовіч.

— Я бачыў сам, як у крайнім вагоне, адкрыўшы кансервы, вячэраў немец. I чаем мяне пачаставаў,— зашамацеўшы сенам, перавярнуўся на другі бок Шайпук.— Хлопца там не было.

— Арыштавалі яго,— чуючы злосць і на Вайтовіча, што заставаўся спакойна-раўнадушны, і на сябе, што збаяўся аўчаркі і не выратаваў шасціпалага хлопца, сказаў Імполь.

— Хто?

— Чыгуначная паліцыя. Мусіць, падумала, што ўцёк з-за калючага загараду, з цюрмы.

— Во як бывае,— зноў зашапацеў сенам Шайпук, варочаючыся і, мусіць, не даберучы сабе месца.

Каб перабіць трывогу, што брала ўсіх за хлопца, Вайтовіч пачаў расказваць смешную гісторыю пра папа з ксяндзом, што сядзелі разам з ім у наваградскай турме. Ён дробна і залівіста ірзаў, мусіць, рады і давольны са свайго расказу, але, убачыўшы, што Шайпук з Імполем маўчаць, сціхнуў сам.

Імполь прытаіўся, слухаў, як пагруквае, едка скрыпіць жалезам, сутаргава падрыгвае і хіліцца набок вагон, прабягаючы круты паварот, як пад саставам страшнай глыбокай прорвай грыміць жалезны масток, як прыцішвае або набірае скорасць паравоз. Думкі яго паплылі то да Хрысці ў Дварчаны, то ў Верасава, дзе бачылася састарэлая, збедаваная і зжоўклая ў твары і ад таго гэтакая непадступная і помслівая Алеся. I нечаканая дасада падымалася на Хрысцю, што і яна гэтаксама злая, задзірлівая і пякуча-куслівая, як пад восень муха, гэтаксама па-бабску ўпарта і неадступна. Роспач, як вялікая вада, шчымлівым холадам абдымала Імполя, і ён ужо не ведаў сам, перад кім з іх вінаваты. Сорам, ганьба, брыдкасць гнялі яго, і ён з салодка-пякучым адчаем, шкадаваннем папікаў і вінаваціў сябе. Здавалася непатрэбнай гэтая дарога ў такі страшны і шалёны час, у неразбярыху, з якой можаш не вярнуцца, як не вярнуўся шасціпалы хлопец.

На трэція суткі пад марасісты, нудна-шапаткі вясновы дожджык, ад якога нечакана і светла ўсё зазелянела, гружаны каровамі састаў нарэшце дагрукаў да Оршы. Патурзаўся, паскрыпеў на стрэлках і, здаўшы заднімі вагонамі ўперад, спыніўся ў глухім тупіку каля абгарэлага з чорнымі, прадзьмутымі скразняком проймамі дзвярэй і вокнаў доўгага цаглянага склада.

У загадзя збіты з дошак загарад пудкіх, змучаных за дарогу і схуднелых кароў мужчынам памаглі выгнаць з вагонаў па палогіх шчытах дзве маладжавыя кабеты ў шарых злінялых фуфайках і гэтакіх жа шарых з кутасамі тараноўках[19].

— З Украіны? — пыталася старэйшая з іх, чарнявая, прыглядаючыся да саматканых суконных фрэнчаў з нагруднымі кішэнямі і суконных з доўгімі адтапыранымі торбамі брыджаў, у якіх смешна і, мусіць, не па-тутэйшаму выглядалі Вайтовіч з Шайпуком.

— Ты не пытай адкуль,— насупіўся Шайпук, зачыняючы дзверы пустога вагона.— А пытай, што маю. Соль у мяне, мяняю на абутак.

— Харашо, мілянькія,— адазвалася другая, паўнагрудая, са спакуслівымі гладкімі лыткамі, на якія ўсё скоса зіркаў Вайтовіч.

— Тады ідзём,— падагнаў яе Шайпук.

— Адпрасіцца мне трэба,— азірнулся яна.— Начальнік недзе там.

— Надзюша, ідзі... Я тут ужо адна ўпраўлюся...— сказала чарнявая, стрыгучы вачмі на маладзейшага сярод мужчын Імполя.

Да зваротнай адпраўкі поезда, як сказаў, бліскаючы залатою каронкай і пасмехваючыся, ціхманы немец, аставалася чатыры гадзіны, але мужчыны спехам, каб не траціць лішне часу, вывалаклі з вагона і закінулі на плечы нялёгкія з соллю мяхі.

Шайпук папрасіў Імполя паддаць яму на другое плячо меншы, але таксама нялёгкі мех шасціпалага хлопца; абшарпаны чамадан, прывязаўшы папругаю за ручку, ён павесіў для раўнавагі на грудзі.

Чорнай, шапаткой ад вугальнага шлаку вуліцай, абапал якой у знявечаных садках тырчалі печы са шчарбатымі камінамі і валяліся пакарэжаныя жалезныя ложкі ды па незарослых яшчэ пажарышчах глыбамі ляжаў друз, яны падышлі да страхатліва-абгарэлай на верхніх вянцах і куртатай без сенцаў і даху хаткі. На абваленую столь, мусіць, былі пакладзены новыя бэлькі, а на іх ужо наскідвалі кавалкі ржавай бляхі, руберойду, лістоў старой уздутай фанеры. Ад чорнага патрэсканага ў вуглах зруба, здаецца, пахла пажарам, смуродлівым і чадным дымам.

— Мы летась ад бомбы згарэлі. На суседні хлеў упала,— сказала маладзіца, з цяжкім рыпам адчыняючы набрынялыя сырыя дзверы.

— А што, часта бамбяць? — Вайтовіч спыніўся перад цёмнаю пашчаю дзвярнога праёму, нібы думаючы, заходзіць туды ці не.

— Часта,— уздыхнула ўжо з поцемку хаты кабета.— Во ўчарашняй ноччу налёт быў. Што вы хочаце — станцыя, вузел.

— Ого, тут і да бяды недалёка,— засоп, пераступаючы парог, пад двума мяхамі солі здарожаны Шайпук.

У нізкай, абклеенай рудаватымі выцвілымі газетамі хатцы з высокага жалезнага ложка ссунула на пакарабачаную абгарэлую падлогу худыя выпетраныя ногі старая кабета.

Маладзіца маргнула ёй, і старая, накінуўшы на голаў вялікую хустку, сутулячыся, выйшла з хаты і неўзабаве, недзе з падвор’яў, вярнулася з «купцамі» — двума нізкімі, драбнаватымі мужчынамі і высокаю віднаю дзяўчынаю, што трымала ў руцэ белы, завязаны на два вузлы клунак. Яна развязала яго, і Імполь убачыў новыя, падкутыя гранёнымі шыпамі нямецкія чаравікі. Разуўшы свае, разбітыя, з вышчаранымі драўлянымі цвікамі неданоскі, на каравыя смярдзючыя анучы абуў гэтыя, салдацкія, і здзівіўся — яны прыйшліся якраз па назе.

— Колькі? — Імполь прытупнуў па гулкай падлозе нязрушна-моцнымі шыпамі.

— Ці я ведаю? — засаромелася дзяўчына.

— Во сала ў мяне,— Імполь, адамкнуўшы фанерны куфэрак, дастаў пахучы ад кмену і каляндры апольчык сала, выкруціў яго з ліпкай паперы.— У дадатак солі дам.

— Ты там не прадзешаві! — прыкрыкнуў злосна Вайтовіч, нацягваючы на сваю нагу караткаваты і шырокі ў халяве нямецкі бот.

— Вой, даволі,— дзяўчына працягнула абедзве рукі да пахучага апольца.— Я і за палавіну яго аддам.

Шайпук уважна перабіраў выкладзеныя на падлогу з вайсковага рэчмяшка валёнкі, чаравікі і боты, беражліва таргаваўся з гэткім незгаворлівым, як і сам, наздраватым мужчынам, зарослым рэдзенькаю, даўно няголенаю шчацінаю, і найбольш, мусіць, прагадаў. Бо калі вярнуліся на станцыю, дзе рыхтаваўся да адпраўкі састаў, трапіўшы на вочы ўжо ўстрывожанаму немцу, што нават патрос пальцам, пэўна, зачакаўшыся іх, і пачалі яшчэ раз перабіраць свой набытак, раптам усе агледзелі, што Шайпук выменяў неаднакавую пару ботаў.

— Нічога, зносяцца,— суцяшаў яго Вайтовіч.— Балазе не на адну ногу.

— Недзе з забітага садраў,— Шайпук круціў, прыкладаючы адзін да аднаго падэшвамі, неаднакавага памеру боты.

— А што яму, садраў ды прадаў,— махнуў рукою Вайтовіч і павярнуўся да Імполя.— Пакажы ты сваё... Нябось угандляваў, га?

Імполь выцягнуў з мяха новыя нямецкія чаравікі, падношаныя боты і жоўтыя, на малую нагу, яшчэ адны чаравікі, што выменяла ў яго на соль і астатнюю палавінку апольца ўжо сама гаспадыня.

— Амараканскія, сказала,— пахваліўся Імполь.

— Выраб благі. Ваду прапускаюць,— перабіў яго радасць Вайтовіч.— Але баба зносіць.

— Для яе і ўзяў,— зной пахваліўся Імполь.

— Тады з цябе магарыч,— турзануў за рукаво Імполя і прыплюшчыў адно вока Шайпук.

— А што, і знойдзецца,— Імполь прыкленчыў каля нараў і з шоргатам выцягнуў свой фанерны куфэрак.

— Ну, малайчына ты,— Вайтовіч ужо трымаў нагатове самаробны кубак — кансервавую бляшанку з прывязанай драцяною ручкай.

Самагонка-пяршак ажно паліла ў грудзях. Задыхнуўшыся ад яе, Вайтовіч паляпаў далоняй па разяўленым роце і падаў кубак Шайпуку:

— Ого, панечку мой, чысты спірт.

— Спірт не спірт, а халера моцная,— абцёр губы Шайпук.

Імполь сваю долю і не паспеў выпіць. Нечакана нешта пранізліва завыла і цяжкім абвалам раз у раз страсянула поезд.

— Хлопцы, уцякайма з вагона, меціць у нас! — з крыкам Шайпук сігануў у адчыненыя дзверы.

I гэты крык нечакана абарваў яшчэ адзін, ужо самы блізкі выбух. У цемнаватым вагоне ясна-ружаватаю маланкаю палыхнуў недалёкі гарачы бляск, і адначасна з ім Імполь учуў над галавою кароткі сухі трэск. Потым па даху густа і палахліва, як па вечку труны, забарабаніў пясок, каменні, нешта яшчэ невядомае і цяжкае. Вагон калыхнуўся і скрыгатліва зарыпеў. Імполя кінула з гэтым нявыпітым кубкам на Вайтовіча. Вушы заклала абрыдлым, нудна-тоненькім звонам. Але праз яго Імполь учуў, як, натужліва падвываючы, у гэтай звінючай цішыні падымаўся ўгору самалёт.

У дзверы вагона нясло і смуродзіла сінявата-едкім дымам. Штосьці недалёка гарэла.

— Дзе той дурань? — Вайтовіч, не падымаючыся, на жываце падпоўз да дзвярэй і пачаў раптам спешна і з жахам пнуцца назад.

— Што там? — не ўцярпеў Імполь і, не выпускаючы з рукі самаробную бляшаную конаўку, забразгаў ёю, ірвануўшыся на коленках да дзвярэй.

— Не лезь, лепш не глядзі,— хапіў яго за плячо Вайтовіч.— На платформе вунь толькі крывавыя кускі мяса.

Імполь, варухнуўшы плячом, скінуў Вайтовічаву руку і з палахліва-трапяткім, дрыготкім адчуваннем самага страшнага, што магло прылучыцца, вызірнуў у пройму дзвярэй — блізкая ад вагона абсыпаная пяском платформа чырванела ад крыві, ад нейкіх жмутоў і кавалкаў, з якіх сцякала чырвона-рдзістая, падсвечаная нізкім вечаровым сонцам кроў. Далей ад платформы страхатліваю глыбаю, разарваўшы, уздыбіўшы рэйкі, цямнела ржава-гліністая яма. За ёй гарэў, суха і вясёла патрэскваючы, нізенькі дашчаны склад. З пасмоленага даху валіў шызавата-цёмны густы дым.

Што на платформе балюча чырванела, крывавілася нешта Шайпукова, здзіўлены, уражлівы Імполь зразумець, паверыць і ўсвядоміць ніяк яшчэ не мог і, адсунуўшыся ад дзвярэй да нараў, усё глядзеў у шчыліну і чамусьці цярпліва чакаў, што зараз у ёй пакажацца чырвоны, здароўчы, з залаціста-ржавай шчацінай твар Шайпука, але заміж яго мільганула пілотка чарнява-курносага немца, і спакойны, нават з усмешкай, твар усунуўся ў вагон.

— Цвей? Во дэр дріттэр?[20] — здзівіўся ён і, хапіўшыся за жалезную планку, падняўся ў вагон.

— Выскачыў,— развёў рукамі Вайтовіч.

— Швахкопф[21],— немец пакруціў галавою.

— Я ж і кажу, дурны,— адхіліўся і заплюшчыў вочы Вайтовіч, і Імполь убачыў, як на іх, адбіваючы святло, заіскрылася халодная сляза.

Немец, ужо асцерагаючыся, што прападуць і гэтыя два, уладна, па-гаспадарску прысеў на нары. Паравоз нячутна, нібы спадцішка, нават, здаецца, не гукнуўшы, зрушыў з месца.

Імполь, бачачы праз шчыліну дзвярэй, як плыве, аддаляецца чырвоная цагляная з чарадою галак вадакачка, учуў жаласлівую радасць, што астаўся жыць, што едзе дадому. Прыгадалася зласнаватае Хрысціна папраканне: «Ой, каб за гэтымі чаравікамі ды галавы не пакінулі». «I нібы ў воду глядзела»,— раптам падумаў Імполь, уявіўшы чырвона-пасінелага Шайпука, што гнуўся пад цяжкімі мяхамі солі, яго бедаванне, што правароніў ды прамяняў на слоік мёду падношаныя, рознага памеру боты, а потым уявілася платформа ў чырвона-рдзістых, разбэрсаных кавалках мяса, а потым Баранавічы, злая з уздыбленай шэрсцю аўчарка, што ўедліва кідалася і рвала шасціпалага хлопца, што качаўся і курчыўся на тлуста-чорных шпалах.

Вагон вібрыраваў, уедліва скрыпеў, турзаўся і пахістваўся з боку на бок, з дзвярэй вірыў халодны скразняк, і ў аднастайным рытме колаў выстуквалася для Імполя адно слова: «Уцякай! Уцякай! Уцякай!»

Ужо далекавата ад’ехаліся ад Оршы, ужо нахопліваўся вечар, а гэта слова нейкім балючым цвіком сядзела ў Імполевай галаве, і ён ніяк не мог выбавіцца ад яго, покуль раптам не падумаў, ужо з нейкім ціхім спакоем: «А хіба ўцячэш ад яе, ад смерці? I хто ведае, дзе яна падсцеражэ цябе. Хто?»

Загрузка...