III

Паабапал дзвюх глыбокіх санных каляін, крышачы нагамі хрумстка-звінючы, шкляны лёд-шарпак, ішлі трое: старшы над групаю, але меншы за ўсіх ростам Жэнік Рэпка, стройны ў паставе, высокі, як трасціна, і прыгожы з твару Ярафееў з нязвыклым і трохі брыдкаватым сібірскім імем — Кеша і гэтакі самы хударлявы і дробны, як малады певень, Пашка Лобаў.

Ён, былы вайсковы шофер, з-за Беластока ўлетку сорак першага даехаў толькі да Зэльвы, а там ужо, пакінуўшы заглухлы паштовы «газік» з кароценькім кузавам «пікап», адступаў пеша, покуль пад Дварчанамі не наткнуўся на немцаў.

Звярнуўшы з бойкай шашы на глухія, зацішныя палявыя дарогі, знясілены, змораны дзвюма бяссоннымі начамі Пашка папрасіўся ў невялікай вёсачцы на начлег, якраз у хаце занадта спагадлівай, што жыла з старою глухаватай мацераю і гадоў сямі дзяўчынкай, прынадлівай, раздабрэлай маладзіцы.

Цяжка ўжо сказаць, хто каго ўпадабаў, але гараджанін Пашка застаўся за гаспадара ў вясковай хаце.

Увосень сорак другога, калі партызаны, ідучы на дварчанскую шашу рэзаць тэлефонныя слупы, паднялі яго з пасцелі, сярод хаты стаяла, хаваючы пад наспех накінутым караткаватым каптанікам свой выпуклы жывот нябрыдкая з твару, трохі сумеўшыся ад начных гасцей, чарнявая маладзіца. Яна зацяжарала другі раз, каб другі ўжо раз нарадзіць дзіця без бацькі — Пашку партызаны не адпусцілі, забраўшы як кадравага вайскоўца да сябе ў атрад.

Другі з гэтых трох Кеша Ярафееў, па мянушцы Пара, якая прыліпла да яго ад нязвыклай сібірскай гутаркі: заміж «Слушай, парень», ён казаў: «Чуй, паря»,— прыйшоў у атрад з чыгуначнай аховы, што жыла пры рэчачцы ў бункеры, вартуючы жалезны мост, недалёка ад дварчанскага пераезда.

Ярафееву ды палоннаму ваенфельчару, што трапіў недзе аж са смаленскага ў дварчанскі нямецкі шпіталь, знайсці дарогу да партызанаў падказала Хрысця.

Ваенфельчар — бялявы, сарамяжлівы лейтэнант — не вярнуўся з першага задання, калі іх з невялікай групай партызан паслалі здабыць сабе зброю і яны, падпільнаваўшы між грудкоў на шашы нямецкі грузавік, дадумаліся, разяпы і дурні, захапіць яго разам нават з наваградскім ляснічым, не здагадваючыся, вядома, што ўслед за грузавіком з-за абсаджанага маладым хвойнікам пагорка высунецца нямецкая танкетка.

З пецярых партызан, якіх і пачаў касіць на адкрытай шашы нямецкі кулямёт, выратаваўся ён, Кеша, ды немалады, нават трохі клыпаты, былы дырэктар маслазавода, як назнарок і адпаведна дзеля гэткай пасады падабраным прозвішчам — Смятаннікаў, што быў тады за старшага групы.

Як там, каля нямецкага грузавіка, ён пакінуў сваю адзіную, з двума нерастрачанымі патронамі, бельгійскую вінтоўку, Смятаннікаў не помніць. Знайсці ружжо, але ўжо другое, яму памог Жэнік Рэпка, напытаўшы ў недалёкіх Ведравічах мужчыну, які яшчэ ўлетку сорак першага разам з трупамі байцоў закапаў, накрыж кінуўшы на іх, некалькі вінтовак.

Адну з іх у воспах ачышчанай іржы і нёс цяпер, трымаючы за самаробны вузкі рэмень, як носяць іншы раз за абодва доўгія кручкі каромісла, няспешны, трохі таўлуяваты Кеша Ярафееў.

Яна, вядома, не страляла, але вясковых цётак ды дзядзькоў палохала гэтаксама, як спраўная зброя, асабліва на хозаперацыях, калі прыходзілася ў слязлівага, лішне скупаватага гаспадара, што пачынаў плакаць, нібы па нябожчыку, па звязаным і ўкінутым у сані баранчыку ці парсюку.

На хозаперацыях была і чарка, была і скварка, але чагосьці не далягала, душа смылела па іншым. Ярафееў з Лобавым прасіліся ў Рэпкі, каб ён узяў іх з сабою ў Дварчаны — там было страшна, але і цікава: адтуль яны варочаліся ў атрад, маючы на сваім рахунку ці абстраляную будку з паліцыяй, ці спалены склад, ці падарваны мінай спальны вагон. Сёння, як і заўсёды, ішлі наўгад.

Ноч была чуйная — сцішэў вецер і пачаў зманвацца марозік. З высокіх сіва-жаўтлявых хмар выглядала і хавалася зноў голабелаватая, як бессаромная, поўня. Сіняе святло яе на шарай дарозе, што нібы ўкрадкам убегла ў лес, здавалася маладым, нярушаным і лёгкім, як першы снег.

У лесе з нечаканым шоргатам, разганяючы маўклівы, пануры поцемак, падала, яшчэ не атрэсеная ветрам, звінюча-шкляная снежная наледзь.

Шарая хрумсткая дарога, вышмыгнуўшы з-пад хмурых, калматых елак, згубілася на абветраным полі, і партызаны прыпыніліся, азіраючы белы прастор, што мяшаўся з далёкімі голымі хмызнякамі.

На грудку чорнай няроўна-зубчатай паласою вышчарыўся зноў пералесак. За ім былі Дварчаны. Туды недзе, працяжна і баязліва гукнуўшы, з сіняватай, падазрона-чуйнай, абветранай ночы спяшаўся цягнік — нёс за сабою рытмічны перастук колаў.

— Такі доўгі таварняк, сам у рукі просіцца,— сказаў Жэнік Рэпка, пераступаючы грэбень накарэлага лёду і прытрымліваючы правай рукою павешаны ўпоперак грудзей свой ППШ.

— Да, подкачал наш Аверьянов,— азірнуўся Пашка Лобаў, першым убіраючы пад сябе шараваты, зацярушаны за зіму саломаю і конскімі яблыкамі пасак дарогі.

— А што, сёння на жалезку пайшоў хіба ён? — Жэнік Рэпка задзёр сваю суконную кепку з даўгаватым брылём.

— Он,— Лобаў прыпыніўся і паслухаў, як там за шчарбатаю палоскаю лесу радзее шчодры перастук колаў.

Прыпыніліся і ўсе трое — цягнік, завішчаўшы жалезам, тармазіў на дварчанскай станцыі.

Далей ішлі, покуль не абрыдла, маўчучы. Першым зноў аказаўся Жэнік Рэпка, прыпыняючыся каля Кешы Ярафеева:

— Пара, скажы, што такое тайга?

Кеша, мусіць крыўдýючы на сподзе душы за гэтую мянюшку, памаўчаў, цярпліва і доўга, потым ужо марудна пераступіў на другі бок раз’езджаных каляін ад Рэпкі.

— Тайга, спрашиваешь?.. Сплошной лес. Ночью там не пойдешь. Там летом солнца не видно.

— Скажаш.

— Точно говорю. Ель, пихта, сосна, лиственница — все сплелось.

— Ваўкоў, пэўна, шмат?

— Волков нет, медведи по вырубам за малиной под самые дома подходят.

— Камарыльлі там поўна,— умяшаўся ў гутарку Пашка Лобаў, падтрасаючы на плячы сваю дзесяцізарадку.

— Гнусу да, не продохнешь.

Але гэтую нязначную, трохі пустую гавэнду перапыніў далёкі, глухавата-тупы стрэл, што ўслед за трасіруючай ружовай куляй даляцеў з-за наміткі лесу на седлаватым грудку. Спярша, як падаючая зорка, пакідаючы нават ясны пасачак, праляцела запальная куля, а потым, счакаўшы, бабахнуў гэты баязлівы стрэл. нібы спалохаўшыся яго, за хмару заплыў белы месяц, але нейкае святло ішло ад заснежанага поля.

— З вакзала, ці што?— Жэнік Рэпка зачапіўся за хрумсткі грэбень лёду.

— Нет, с бункера бьют,— падказаў Кеша Ярафееў.

— Скуль знаеш?

— Знаю... Раз палят в воздух, значит, в караул к словакам пришел унтер-фельдфебель Плец.

— Што за ён?

— Начальник железнодорожной охраны. Жнвет недалеко от вокзала в деревянном доме с двумя верандами. Но его так просто не возьмеш — овчарка и в квартире телефон.

— Целефон і абрэзаць можна... Спярша прабяромся на станцыю...

Рэпка ўслед за высокім Ярафеевым уцягнуўся ў малады, неацярэблены хвойнік, што густою цёмна-нахіленаю сцяною абступіў дарогу.

Яна, прамчаўшы з паўвярсты роўнай стралою, раскалолася на вілаватыя канцы,— адзін з якіх цераз чыгунку дасягаў дварчанскіх магілак, другі загінаўся да рэчкі на мост, па якім хадзілі не толькі цягнікі, а і людзі, покуль немцы не выставілі варту. Леташняй восенню там з аскобленых сасновых круглякоў скідалі і абнеслі гэтым драўляным валам, насыпаўшы між падвойных сцен пяску карычневы бункер. Цяпер адзін канец дарогі крута зламаўся, не дабягаючы паўвярсты да чыгуначнага моста, і лукаткамі ішоў пад разложыстыя старыя вербы і алешыны на гнуткую кладку.

Гэтак цяпер і хадзілі — цераз яе, трымаючыся за ненадзейныя крохкія, алехавыя парэнчы, а далей ужо ровам каля крайніх местачковых хат на шашу і таксама да мосціка, толькі ўжо шашэйнага, вымураванага для вясновай паводкі.

Асцярожна, украдкам да крайніх местачковых хат выйшлі яны, трое партызанаў, зняўшы з плячэй і трымаючы напагатове, Жэнік Рэпка — новы, што пах яшчэ заводскаю змазкай і там на заводзе толькі прыстраляны аўтамат, падораны месяц назад за баявыя заслугі, Пашка Лобаў — сваю дзесяцізарадку, якую здабыў сам, калі перад Новым годам яны ўкакошылі на хутарах каля Світазі ажно трох здаравілаў у зеленкаватых шынялях з украінскага батальёна, што прыехалі па сена і авёс для сваіх коней недзе з Гарадзішча.

Трымаў, па-баявому нарыхтаваўшы, саржавелую вінтоўку і прыгінаўся, прыспешваючы крок, за шпаркім, трапяткім і няўгонным Жэнікам Рэпкам рослы Кеша Ярафееў.

— Ну й семафор, цябе за вярсту відаць,— азірнуўся, зашыпеў на цыбатага Кешу і злосна сплюнуў Жэнік Рэпка, першым высоўваючыся з канавы, каб пераскочыць чысты прагал.

Ад гэтага злоснага шыпення Кеша Ярафееў перапудзіўся яшчэ больш, прыгнуўся і, няўклюдна месячы шорсткі, падмерзлы снег, незнарок для сябе і для ўсіх ужо зачапіўся за ўледзянелы дрот, што тырчаў аб’інелаю, незаўважнаю дугою, і расцягнуўся ў канаве.

Убачыўшы, як капошыцца і смешна — ракам устае няспрытны і не вельмі ўдалы Кеша, не стрываў і дробна запырскаў здушаным смехам Пашка Лобаў.

— Хахінькі,— пераскочыў нізкі плоцік і затуліўся за шырокі, з двума камінкамі туалет задыханы, непадступна-грозны Жэнік Рэпка.

За туалетам выцягнуўся невысокі, скіданы з іржава-гнілаватых шпал хлеўчык. Недзе ў ім, учуўшы людзей, дробненька замігікала каза.

З правага боку бялелі атынкованыя, з чорнымі толевымі прасмоленымі дахамі, на якіх доўга не трымаецца і растае снег, дамы дварчанскай чыгункі, занятыя цяпер невядомым людам — пагарэльцамі, бежанцамі, сем’ямі паліцыянтаў з чыгуначнай аховы. Закрытыя аканіцамі, завешаныя шчыльна дзяружкамі вокны хавалі таямнічую глухату.

За дамамі з навіссю голых дрэў падымала кроквы спаленае летась увосень і ўжо адбудаванае з блокаў дэпо вузкай калейкі — немцы зноў збіраліся пусціць яе з Дварчанаў у Наваградак, і таму ўздоўж чыгункі па вёсках пачалі размяшчацца на пастой казацкія сотні з арміі паходнага атамана Паўлава.

Арганізаванае на Доне і добра падмацаванае палоннымі, казацкае войска ў шэсць тысяч шабель недзе ўжо з Украіны перакідвалася сюды, на Наваградчыну.

— От, іці іх за ногу, адбудоўваюцца, швабы,— Жэнік Рэпка падняў голаў, паказваючы брыльком свае кепкі туды, на дугаватыя канструкцыі жалезных, зманціраваных крокваў.

— Из блоков, черт возьми, думают от огня спасет,— пацвердзіў Лобаў.

— А помните, какой фейерверк мы им устроили,— захлябнуўся ад радасці, забыўшыся пра перасцярогу, трохі наіўны Ярафееў.— Ты, Женя, даже телефонный аппарат срезал и в отряд принес.

— Было,— адазваўся давольны Жэнік Рэпка, цікуючы з-за смярдзючага, з адкрытай выграбной ямай туалета ў той бок, дзе злосна і цяжка-глухаватым голасам загаўкаў чуткі сабака.

— Она, унтер-фельдфебеля Плеца овчарка,— падказаў Ярафееў.

— Ці-і-і! — Рэпка прыклаў палец на надзьмутыя губы.

Партызаны, стаіўшы нават дых, счакалі за туалетам і нарэшце па адным пачалі перабягаць за недабудаванае дэпо. Там ужо, затуліўшыся за бетонамяшалку, прыселі каля высокага фундаменту, здушаным шэптам перамаўляліся, куды рушыць далей. I раптоўна Жэнік Рэпка, як ад нязвыклага цуду, застыў і якую хвіліну маўчаў, не закрываючы рот і захлынаючыся ад убачанага, нарэшце аўтаматам паказаў на далёкі пакгаўз — па ім, адсвечваючы ад распаленага паравоза, што стаяў за блізкай рампаю, то падымалася, то ападала ружаватая яснасць: высыпаны з топкі між рэек тлеў недагараны шлак.

— Хлопцы, бяром паравоз! — ён нацягнуў тужэй на голаў кепку і ўжо каротка загадаў: — Бяжымо па адным. Я заходжу з левага боку...

I, як сам не свой, у нейкай раз’ятранай гарачцы бегма прыпусціўся да доўгага, з шырокім навіслым дахам пакгауза. Крохкімі, гарачымі вуглямі пад нагамі ў яго пахрумстваў і рыпеў зледзянелы снег.

Лобаў з Ярафеевым, сцяўшы ў руках вінтоўкі, у дрыготкай нервовай нацятасці пільна сачылі, як знікаў Рэпка, зліваючыся з чарнатою высокага, збітага са шпал і шчыльнага плота. За ім быў вугальны склад. Недалёка ад яго і чмыхаў парай распалены манеўровы паравоз — у пройме дзвярэй варушыўся калматы цень, шоргаў шуфель, чэрпаючы з тэндэра вугаль.

— Ну, пара,— адлучыўся ад сцяны і паволі патрухаў, несучы перад сабою настаўленую дзесяцізарадку Пашка Лобаў.

Услед за ім, раскідваючы доўгія ногі і слізгаючыся па пацямнелых, пабітых іржою рэйках, што там-сям вылезлі з-пад снегу, спяшаўся Кеша Ярафееў. Абягаючы чорны, з навіслай дзюбай слуп помпы, яны спяшалі да паравоза ад невысокай рампы, заваленай маткамі дроту і застаўленай вялікімі, збітымі, з сырых гаркаватых ад смалы дошак, белымі скрынямі. Цьмяна адбівалі месячнае святло пастаўленыя ў рад, прывезеныя сюды у Дварчаны, недзе з наваградскіх касцёлаў і цэркваў, вялікія званы. Лобаў нават на які міг прыцішыў крок, дзівячыся на іх. Але з гэтай кароткай радасці і замілаванасці яго вырваў і ачуціў незнаёмы крык, чужая гутарка.

— Koks cia sustojimas?

— Nežinau. Atstok[4].

Ён азірнуўся: напроці вакзала цямнеў, свецячы двума чырвонымі агнямі на заднім вагоне, караткаваты таварняк. Каля яго ў сінявата-скупым месячным святле варушыліся і бегалі ў доўгіх шынялях незнаёмыя салдаты.

— Літоўцы,— дагнаўшы Лобава, цяжка задыхаў Ярафееў.— Шаўлісі[5] ...маць іх!

Нечакана каля іх пудкім зайцам марскануў, мусіць, выскачыўшы з паравоза, мужчына ў круглай фуражцы і чорным камбінезоне.

— Куды ён?..— Ярафееў бездапаможна ўзіраўся на чорную калматую пляму, што кацілася, плыла да доўгага саставу з чужою, неразборліваю гутаркаю.

— Уцёк, падлюга,— з клубка белай, падсвечанай ружаватым святлом пары, што шыпела і падала на вялікія колы паравоза, высунуўся Рэпка.

— Да вона дьявол,— паказаў на састаў Ярафееў.— Обузил меня, я вначале и не смекнул.

— Прыкладам трэба было, а то, глядзі, немцам скажа.

— Не немцы тама. Шаулиси.

— Разбяромся потым, цяперака пільнуй, каб і праўда не прывёў іх сюды. А я ў будку падскочу, стрэлачніка прывяду,— Рэпка адступіўся ў ружаватую пару і папярхнуўся яе сухою гарачынёю.— Трэба ж стрэлкі адамкнуць.

Стрэлачніка — высокага сутулаватага паляка, на галаве ў якога сплюснулася зношаная, сцёртая дашчэнту чорная з цёмна-малінавым аколышам рагатыўка,— Жэнік Рэпка прыгнаў скоранька. Разам з ім, прыхаваўшы пад сваю суконную на кудзелі куртку настылы аўтамат, і адамкнуў стрэлкі.

Выстаўляючы нібы незнарок з-пад суконнага каптана свой новы, што пахнуў яшчэ ружэйнай змазкай ППШ, здзекліва пасмехваючыся, сказаў:

— Я думаю, пан Дабрынеўскі не пойдзе заяўляць немцам, што бачыў нас?

— Што вы, пане партызанту,— рука ў Дабрынеўскага, што трымала за круглы вочап нейкага старога, таксама польскага ліхтара, дробна калацілася.

— Ды той, што ўцёк, таксама не скажа.

— Вядома, пане партызанту...

— А хто ж ён?

— Ды тутэйшы. Нядаўна ўзялі памочнікам... Барысюк,— вызірнуў з паравознай будкі і адказаў за Дабрынеўскага стары, з абвіслымі вусамі таксама яшчэ польскі машыніст.

— Знаю падлу, брат у паліцыі.— Рэпка хапіўся за доўгую скабу поручня, падняўся ў паравоз, дзе абапал машыніста стаялі Ярафееў з Лобавым, і ўладна махнуў галавою: — Гані на асноўны пуць, на мост пойдзем.

— Пачакай, успеем з козамі на торг.

— Ты што? — ажно падступіўся на дыбачкі Рэпка.

— Зірні на манометр, хлопец. Не бачыш, што пары яшчэ малавата.

— Гони, говорю! — разам з лаянкай крыкнуў ужо і Лобаў.

— Хлопцы, я вас не перабрашу,— зноў падняў свой наздраваты нос на манометр і спакойна адказаў машыніст.— Але мацюкамі паравоз не падгоніш. Трэба трынаццаць атмасфер.

Нервова сплёўваючы, чакалі яшчэ хвілін пятнаццаць. Паглядалі то на шырокага, гладкага ў плячах і занадта спакойна-маўклівага машыніста, то на хваставы з двума чырвонымі агнямі вагон вайсковага саставу. Покуль не ўбачылі ў даўгаватых шынялях з вінтоўкамі цераз плячо двух падазроных, што, засланіўшы чырвоны ніжні ліхтар і пераступаючы рэйкі шырокай каляі, ішлі сюды да паравоза.

— Чыгуначная ахова, ядры іх за ногу,— мармытнуў машыніст і ўжо, не глянуўшы на манометр, паволі, але ўпарта, нібы яму таксама абрыдла чакаць, папхнуў ручку рэверса.

Паравоз, прабуксаваўшы на месцы, нарэшце скрануўся і, цяжкавата падляскваючы, паволі пасунуўся, падбіраючы пад сябе цьмяна-бліскучыя, што адбівалі скупое, прыхаванае хмарамі святло месяца, і раўнютка-тугія рэйкі.

Двое ў доўгіх чорных шынялях і дзюбаносых шапках адскочыліся ўбок пад выступ рампы. Адзін з іх патрос кулаком:

— Ну, Інгілевіч!

Паравоз, грузна, з жалезным скрыгатам завішчаўшы на стрэлках, выйшаў з тупіка на шырокую пасму рэек.

— Цяпер куды? — спытаў машыніст, убачыўшы наперадзе чырвоныя агні хваставога вагона з будачкай для кандуктара.

— Гані назад! — важна, з неадступнасцю ў голасе загадаў Рэпка.— На мост пойдзем, на перагон.

— Мне хоць у пекла,— машыніст прыпыніў паравоз, двойчы падсвіснуў, торгаючы над галавою за дрот з трохкутнай ручкай, і абярнуўся да Рэпкі — лямпачка з невысокай столі сляпучым святлом біла яму ў прыплюшчаныя вочы.— Стрэлку перавесці трэба.

— Ярафееў, пара табе,— Рэпка высунуў голаў у акно, шукаючы вачмі тых двух з чыгуначнай аховы.

Як счуўшы што падазронае, яны стаялі якраз недалёка ад стрэлачнага рэгулятара, у ліхтары якога свяціўся малочна-белы трохкутнік, паказваючы, у які бок адыходзіць стрэлка. Паравоз, пасопваючы і чмыхаючы парай і рытмічна пагрукваючы коламі, усім сваім чорным цяжарам набліжаўся да іх. Рэйкі рабілі нябачны паварот, і колы, тручыся аб жалеза, зноў балюча заскрыгаталі.

Двое з чыгуначнай аховы, асветленыя сляпучым, як пражэктар, верхнім ліхтаром, пастараніліся далей ад паравоза, пераступіўшы яшчэ адны рэйкі.

«Яны не дадуць Ярафееву перавесці стрэлку. Вядома ж, пазнаюць, што гэта не стрэлачнік».— Рэпка ўчуў, як у руках пацяплела цаўё аўтамата. Нейкая сіла магнэзам цягнула і злосна зманьвала яго націснуць на спускавы кручок... Скасіць гэтых двух, укласці напавал тут, каля пакгауза. Але стрэл пачуюць у вайсковым эшалоне, што стаіць насупраць вакзала. Тады ці выведзеш са станцыі паравоз, каб потым вярнуць яго назад і з усяго разгону жарнуць у састаў.

— Як там ні было, трэба перавесці стрэлку. Трэба... Нават калі пачнуць страляць.

Не, спачатку, пэўна, не будуць: пад пучком святла, што б’е ім у вочы, Ярафееў неўпрыкмет успее дабегчы да стрэлачнага рэгулятара, адкінуць рычаг з адвесам. Апомняцца хіба тады, калі ўбачаць і пазнаюць, што стрэлку перавёў нехта чужы. А па кім будуць страляць? Спярша, вядома, па ім, па Ярафееву, а потым — па паравозе.

— Ярафееў, іці тваю!.. Дзе ты?

— Тута...

— Час бегчы да стрэлкі.

— Хлопцы, а можа, счакаць? — хрыплаватым голасам аказаўся машыніст.— Вунь стаяць два д’яблы. Той вышэйшы — з гомельскай паліцыі, што перабралася сюды. Хітры, як выжла.

— Можа, баішся, Кеша? — Рэпка локцем падштурхнуў Ярафеева.

— Да так...— мармытнуў той, бліснуўшы на Рэпку вялікімі, усё ж перапалоханымі вачмі. Узяўся рукою за поручань і пачаў спускацца, ловячы нагамі жалезныя сходцы.

Скочыў на чорна-брудны, зледзянелы снег і пабег ён нечакана.

Усе трое, што засталіся ў паравозе, ужо бачылі, як ён перакінуў цяжкую з адвесам ручку, як перакруціўся яркі ад карбідкі ліхтар і як да яго, да Кешы, ірвануліся двое ў чорных шынялях — па чырвонаармейскай фуражцы, па падперазанай вайсковай фуфайцы, мусіць, здагадваючыся, што гэта партызан.

Заглушаны грукатам паравоза, стрэл са сполахам агню дагнаў Ярафеева каля самага паравоза,— Ярафееў спаткнуўся і пачаў падаць, яшчэ безнадзейна і ў гарачцы працягваючы рукі.

Рэпкаў аўтамат, захлябнуўшыся кароткаю чаргою, паласнуў туды, дзе мільганулі, застаючыся каля доўгага пакгауза, гэтыя ўдвух у чорных шынялях з чыгуначнай аховы.

Паравоз, набіраючы хуткасць і выблытаўшыся з перакрыжаваных стрэлак, ляцеў на перагон, цяжка ўздрыгваў і пахістваўся.

За блізкім пераездам праплыў белы, з доўгім бляшаным комінам і нерухомым флюгерам дамок дварчанскай вадакачкі, далей, на другі бок чорнай з белымі крыллямі лёду рэчкі каля фундамента высокага моста прытуліўся бункер — прысадзісты, накрыты дзярном зруб і акружаны чатырохкутным з проймамі амбразур драўляным валам.

Пачуўшы, мусіць, на станцыі страляніну, каля моста замітусіўся і пачаў збягаць па адкосе ўніз перапуджаны вартавы. Лобаў стрэліў у яго, не ведаючы, пацэліў ці не, бо вартавы, спатыкнуўшыся ўжо да гэтага, па чорных, расталых на адкосе праталінах каціўся пад самую рэчку.

Жалезнаю і вялікаю пустатою пад цяжкім нястрымным паравозам прагрукаў мост.

Жэнік Рэпка адапхнуў Лобава і, мацюкаючыся, сарваў з глухім хлапком чаку, размахнуўся і шпурнуў у чорны бункер лімонку. Там, палыхнуўшы агнём, ударыў высокі пругкі выбух.

Паравоз, пачмыхваючы парай, з бесперабойным тахканнем колаў ляцеў далей, за высокі ажурны слуп семафора з чырвоным круглым вокам і паднятым плячом.

— Спыняй! Ядрона вош! — крыкнуў машыністу Жэнік Рэпка.— Ударым у эшалон.

— Ударым... А можна было і таго тоненькага хлопца зберагчы. Не слухаў ты мяне...— машыніст паволі збаўляў хуткасць.

— Ты што, ядрона вош!

— У цябе адно слова — ядрона ды ядрона.

— Ды ты?.. Тваю маць!..— у Жэнікавых руках падскокваў і дрыжаў аўтамат.

Машыніст маўкліва дужаю рукою злавіў рэверс. Паравоз паволі прыпыніўся і, прабуксаваўшы коламі, зачахкаўшы, пачаў зноў набіраць хуткасць, лецячы тэндэрам уперад. Зноў праплыў марны дварчанскі лясок з магілкамі. Паступова пачаў большаць адхон.

— Хлопцы, я да адказу нацягну рэгулятар, паравоз паляціць як шалёны. Уцякаем, бо далей высокі адкос, паскручваем галовы.

— Давай, не марудзь! — крыкнуў Рэпка.

— Скакаць толькі ўперад паравоза.

— Не вучы! — першым у шорсткі снег паляцеў Лобаў.

Рэпка скокнуў услед за ім. Як і калі на другі ўжо бок немалога адкосу выляцеў вусаты машыніст, яны ўжо не ўбачылі. Пэўна, зараз жа знік у калматым ляску на могілках. Але Рэпку з Лобавым было ўжо не да яго. Дабягаючы да цёмных круглых, як царкоўныя купалы, кустоў ялаўцу, яны затоена і з вялікім радасна-трапяткім дзівам у вачах глядзелі, як у шарай ночы ляцеў чорны паравоз, знікаючы на завароце сярод нізкай каламутнай паласы голага прысаддзя, платоў і будынкаў.

I раптам цяжкі жалезны абвал страсянуў чуткую прытоеную ноч. Услед за вялікім грукатлівым лязгатам пасыпаўся і раскалоўся малы, потым яшчэ меншы... На станцыі грымела, трашчала, лязгала, глуха гуло, і яму, гэтаму грукату, здаецца, не было канца. Чуўся неразборлівы гаман і крык.

Партызаны адыходзілі пад далёкі, тупаваты стукат кулямётаў, што стралялі наперамешку: адзін з ачунялага бункера, другі, мусіць, з вакзала, з круглага ў франтоне акна. Лускалі ўжо зусім небаязліва чэргі аўтаматаў.

Пра Ярафеева, пра нечаканы боль у костачцы, бо дзе і калі падвярнуў ногу, ён не помніў — Жэнік Рэпка загаварыў пасля таго, як заціхла ад радасці трапяткое, разгарачанае да бяспамяцтва сэрца.

Каб не садзіцца на снег, ён мастаколіўся злавіць ялаўцовы куст, але куст гнуўся, прутка сцёгаючы кучарава-калючымі ў пацерках лёду лапамі, і Рэпка зморана прысеў на снег.

— Слухай, Пашка, самае страшнае, каб не ўзялі яго жыўцом.

— Да как же мы?.. Ведь он протягивал руки... Не подхватили его.

— Якія рукі? Ты высунуўся б, ці што?..

— Эка сволочи!..

— Ты пра каго?

— Ды пра іх.

— Яны сваё палучылі. Чуў, якая музыка была. Цэлы эшалон грохнулі.

Што менавіта эшалон, пра гэта ўжо перш-наперш, прыкульгаўшы па хрумсткім, падмерзлым снезе дадому і троху адаспаўшыся, пачаў пісаць, слінячы хімічны аловак Жэнік Рэпка.

Кароткі рапарт пісаўся на адваротным боку жоўтай, знойдзенай пад бэлькаю яшчэ польскай квітанцыі: «Група партызанаў у складзе Рэпкі, Лобава, Ярафеева пад камандай камандзіра аддзялення Рэпкі разбіла на станцыі Дварчаны нямецкі састаў, пусціўшы ў яго манеўровы паравоз. Гранатамі быў пашкоджаны бункер і забіта двое вартавых з чыгуначнай аховы. Нашыя страты — забіты партызан Ярафееў».

Напісаўшы гэтае страшна-кароткае «забіты», Рэпка расшпіліў вялікі зжоўклы гузік на цёмнай у белую клетачку кашулі і цераз плячо зірнуў на Лобава:

— Я пішу, што Ярафеева забілі.

— Кто знает, может, только ранили...— уздыхнуў і паціснуў правым плячом Лобаў, пазіраючы на ружаваты брусок сала, які наразала на тоўстым днішчы старая Рэпчыха.

Яна перастала ляскаць тонкім, зрэзаным нажом, падграбла локцем з’еханыя на лоб валасы і, павярнуўшы свой звялы, зморшчаны і курносы твар да Жэніка, спытала:

— Каго ж забілі?

— Ды там, на станцыі... Аднаго нашага...

— I ты ходзіш туды?

— Куды я хаджу, ты, маці, не ведаеш!

— I не ведаю. Усё чакаю дзень пры дні. I ўжо дні годам здаюцца.— I па зжоўклым твары яе адначасна пабеглі дзве слязы. Адну з іх яна злавіла ротам і, чуючы яе салёны смак, сказала: — Не хадзі, сынок, на станцыю. Там згінуў наш Сяргейка, згінеш і ты.

— Маці, не хавай мяне, я жыць хачу!

— А я ўжо — не. Во мокрая ўся, хоць ты мяне выкручвай. Пашкадуй мяне...

— Не румзай,— Рэпка, склаўшы ў некалькі столак жоўты квіток, прыгладзіў яго, двума пальцамі сунуў у маленькую, для гадзінніка, кішэньку і падняў на маці бліскучыя вочы: — Сёння ж святая нядзелька. Можа, што прыхавала, маці, чуеш?

— Вой, праўда ж, дзеткі,— вінавата ўсміхнулася яна і, не сціраючы слёзы, нейкая ўся згорбленая, у шарай суконнай камізэльцы, нагнулася пад прыпек, адшморгнула полку і нязграбнаю старэчаю рукою дастала бутэльку сіваватай самагонкі, закаркаванай палатняным заткалам.

У яе, адзінокай, старой кабеты, ціхай крыніцай бруілася свая патаемная, спакутаваная радасць — у хаце сядзіць сын.

Загрузка...