XVI

За брамкаю на вуліцы іх стаяла двое — маладжавых, рослых афіцэраў у чорнай форме чыгуначнай паліцыі. Ганарыста выгнутыя фуражкі з белымі арламі і белымі кукардамі, высокія да бляску наваксаваныя боты, на руках скураныя пальчаткі, а пры боку, на шырокіх рамянях, страхатлівыя кабуры з пісталетамі. За іх ніякавата тулілася, трымаючы на руках дзіця, проставалосая невялікая маладзіца з босымі і густа, да чарнаты аброслымі нагамі — жонка суседа Місуна, што рабіў майстрам на чыгунцы і займаў другую палавіну дома.

Немцы, мусіць, некага шукалі. Хрысця, згледзеўшы, што маладзіца торкае рукою сюды, на іхняе акно, скоранька затулілася за сцяну і штырханула Імполя, што, стоячы каля вялікай місы з вадою, сцягваў з сябе кашулю, каб хоць спаласнуцца з дарогі, не паспеўшы яшчэ расказаць, як ад бомбы, выскачыўшы з вагона, згінуў Шайпук і як у Баранавічах, прыняўшы за вязня, немцы схапілі шасціпалага хлопца.

— Імполь! — з адчайным страхам ускрыкнула Хрысця, сцінаючыся ў куточку каля чорнай шафы і чуючы, як адчыняюцца знадворку дзверы.

— Ці знаеш, што я табе прывёз? — засмяяўся ён, нарэшце сцягнуўшы з сябе рубашку і застаўшыся ў сподняй палатнянай сарочцы.

— Выскалішся нябось. Немцы вуньдзека ў сенях.

— Няўжо? — Імполь азірнуўся на шкробат і груканне, што чуліся за дзвярмі.

— Прымі хоць свой мех,— здушана зашаптала Хрысця.

Імполь за доўгую жычку схапіў паўнаваты мех, шпурнуў пад стол і, падышоўшы да дзвярэй, нешырока адчыніў іх.

У калідорчыку з дзіцем на руках стаяла Місунова жонка. Твар яе з чорным, добра прыкметным пушком на верхняй губе быў бяскроўна-жоўты, карыя вочы лупата выварочваліся і блішчалі ад сполаху.

— Вы Варабей будзеця? — яна адкінула з брыва аб’еханую пасму валасоў.

— Нібы не знаеш? Варамей ён,— зазірнула туды за дзверы Хрысця.— Што вы хочаця?

— Пан немец вас шукае.

— Чаму мяне, калі я не Варабей,— Імполь, гэтак як быў, у сподняй сарочцы, што вылазіла ражком з-пад папругі, выйшаў за дзверы, убачыўшы на парозе калідора аднаго з гэтых двух, разамрэлага з чырванавата-блішчастымі вачмі, мусіць, ад лішняй чаркі.

Немец махнуў рукою, падзываючы Імполя, і пачаў здымаць скураную пальчатку.

Імполь прыпыніўся, паглядаючы то на Місунову жонку, што па-мышачы ціхенька ціснулася назад на двор, то на Хрысцю, што, прадчуваючы благое ды кепскае, услед за Імполем выбегла ў калідор.

Але немец, ступіўшы за высокі парог і хватаючы Імполя загрудкі, не даў ужо яму і апомніцца — пацягнуў на двор да калодзеся, дзе, зняўшы таксама пальчаткі і паклаўшы іх на дашчана-зялёны круг калодзеся, грозна насупіўся другі афіцэр.

Хрысця, спатыкаючыся на сходах, збегла з ганка і, хапіўшы немца за руку, павісла на ёй.

Раздзімаючы злосныя ноздры, немец наводмаш — якраз праваю — рэзка секануў ёй па твары. Удар быў нязносны і балючы, але Хрысця, стрываўшы яго, яшчэ мацней ўпілася сваімі ногцямі ў жыліста-пруткую немцаву руку.

— Адыдзі, Хрысця, адыдзі! — хрыпеў Імполь: бялявы гарбаносы немец, сцягваючы і зграбаючы ў жменю сарочку, раз'юшана душыў і ціснуў яму кулаком пад горла.

I Хрысця ўбачыла, як, расшпіліўшы жоўтую кабуру і выцягнуўшы чорна-сіняваты рэвальвер, чырвоны, наліты злосцю немец размахнуўся і тоўста-шурпатаю рукаяткаю знянацку ўдарыў ёй па галаве.

Яна прыйшла да памяці ды ачуцілася ўжо тады, калі ляжала на раскіслай сцежцы каля чорнага пукатага кветніка ў вострых, як на жалезнай баране, зубках сіваватых цюльпанаў. Па ёй з усяго размаху білі чорныя боты. То з аднаго, то з другога боку. З жахам успомніўшы, што трэба берагчы жывот, асцерагаць сваё будучае дзіця, Хрысця сцялася, як магла скурчылася ў камяк. А чорныя боты знарок ці незнарок якраз і траплялі то ў крыж, то ў жывот. Болю з гарачкі, з бяспамяцтва, здаецца, не чула, чула толькі агіду і злую неадступную помсту. I брыдкасць, і ганьбу, што, кінуўшы, збіўшы яе на гразкую сцежку, нелітасціва месяць нагамі.

Божа, ніколі ж яе ніхто гэтак не біў, не здзекаваўся.

Раптам праз боль, адчай, брыдкасць Хрысця ўчула нестрывалы жаночы крык. У яе перасталі біць акутымі цяжкімі ботамі.

Расплюшчыўшы вочы, Хрысця ўбачыла, што каля немца стаяла і ў дрыготкай руцэ паказвала яму рабенькую з сіняватым кружком паперку чарнявая маладзіца — напэўна, збегала дахаты і, пакінуўшы там дзіця, прынясла грошы.

— Пан, я за іх заплачу. Во — пяць марак.

Немец, што трымаў загрудкі акрываўленага з разбітымі губамі і носам Імполя, нечакана павярнуўся да калодзеся, нахіліў вядро з вадою, лінуў сабе на рукі, абмыў іх і, выцершы хустачкай, узяў стракатую паперку.

Засоўваючы ў кабуру рэвальвер, да калодзеся падышоў і гэты, што таптаў і біў Хрысцю.

Учуўшы нарэшце, як ные на галаве гуз, як шчыміць і не дае дыхнуць ад болю правы бок, Хрысця паспрабавала ўстаць, але пахіснулася і ўпала зноў. Да яе падбегла і падхапіла пад пахі збялелая з ліловымі дрыготкімі губамі маладзіца.

— Яны кажуць, што вы за кватэру не плоціце.

— Як не плоцім? — ледзьве вымавіла Хрысця.— Грошы ўчора занясла.

— Хто ведае... Кажуць, што вы ў іх на падазрэнні, што вы знаецеся...— яна не дагаварыла: немец, пакруціўшы мокрымі рукамі, паказваў на мігі, што трэба прынясці ручнік.

Хрысця, баючыся, што ўпадзе, падышла да Імполя, і ён, нейкі зусім перапалоханы, бязвольны і нерухомы, у залітай крывёю палатнянай, без каўнерыка, з караткаватымі рукавамі сарочцы, шчыра, як малое дзіця, прыхінуўся да яе.

— Вэ-эк! — пырснуў вадою з нявыцертай рукі немец, паказваючы, што ім трэба разысціся.

Гэтакага — у адной сподняй сарочцы, акрываўленага, не даўшы нават спаласнуць твар, яны і пагналі яго паперадзе сябе.

Хрысця ступіла да веснікаў і ціха хапілася абедзвюма рукамі за іх.

Вярнуўся ён ужо надвячоркам, калі Хрысця корчылася ад пякельна-балючых схватак — у яе пачаліся заўчасныя роды.

— Што з табою было? — спытала яна, стоячы на коленках каля ложка, калі яе на міг адпусціў боль.

— Пратрымалі во ў падвале пад вакзалам.

— Не білі больш?

— Не... Але трэба нам, мусіць, уцякаць.

— Куды ўцякаць, калі я во радзіцьму.

— Што ты, рана яшчэ...

— Звергла ад гэтага катавання.

— Тады пабягу, хоць Місаніху прывяду,— ён спешна пачаў нацягваць на сябе кашулю.

Але яна і ўсміхаючыся, і адначасна крывячыся ад болю, запыніла яго:

— Нікуды не бяжы, будзь са мною.

I сціснуўшы белыя зубы, скрыгочучы імі, пачала падымацца на ложак.

Загрузка...