МАIМ БРАТОМ

Як з дрэва цьвет, злавесны лёс

Вас разагнаў віхром па сьвеце

I кожны ў сьвет свой крыж панёс,

Радзіму маючы наўвеце.

Мае выгнаныя браты

Аж за хрыбтамі Гімалаю!

Я вам пішу свае лісты

Бяз маркі — марай дасылаю.

Спляліся нэрвамі радкі,

Пяюць аб страшна перажытым:

Усюды чорныя грудкі —

Агонь прайшоў, як град над жытам.

Вядзе нядоля шлях віты,

Бяздомных гоніць па чужыне.

I я і ўсе мае браты

Жывём на лепшым успаміне.

Як мы, ступiўшы за парог,

Сямейны гоман чулі ў хаце,

Як на Вялікадні пірог

Між нас, дзяцей, дзяліла Маці.

А сёньня думкі паплылі

З журбой балючай, нявыгойнай.

Мы — ва вандроўным караблі,

Ня маем прыстані спакойнай.

Мы ўсе пазналі жах і сум.

Рыпіць жыцьцё ў жабрачым стане.

Сьціхае ўсё: ў пяскох самум

I буры-штормы ў акіяне,

I ў белых тундрах маразы,

I ў горах громы землятруса.

А шум бярозы і лазы

Ня моўкне ў сэрцы Беларуса.

Штогод расьце, гучыць мацней, —

Шлях да Радзімы пракладае...

Сьмяяцца й плакаць, як даўней,

Душа трывожная жадае.

1945

Загрузка...