Ты ня хмур, галубка, бровы,
З крыўды вуснаў ня грызі.
Шлях твой, ведаю, суровы
Але чысты, ня ў гразі.
Толькі згінуў сьмех дзявочы,
Зьнікла юная пара.
Я чытаю твае вочы.
Будзе лёгка з-пад пяра
Ліцца ласка, дарагая,
Хваляй весьняе ракі.
Маладосьць твая другая
Завіне ў мае радкі.
Не скажу табе грубога,
Нават смутак прыдушу.
Хай мой верш, як вера ў Бога,
Супакойвае душу.
Хай гучыць ён калыханкай.
Ты вячорнаю парой
Да мяне прыйдзі каханкай,
Раніцой ідзі сястрой.