А чаму, зь якой прычыны,
Пад брывамі у дзяўчыны
У блакітнай глыбіні
Загараюцца агні?
Ці таму, што блізка сьвяты,
Што прыходзяць часта сваты,
Мёд нясуць, гарэлку п'юць
I, частуючы, пяюць.
Пазіраюць ёй у вочы,
А ў адказ ім — сьмех дзявочы.
— Ня гуляйце да цямна!
Мае любага яна.
З Васілём, хлапцом вясковым,
Ёсьць інтэрас, адным словам.
I вясельле пойдзе ў лад,
Мае быць пасьля Каляд.
А таму, з тае прычыны,
Пад брывамі у дзяўчыны
У блакітнай глыбіні
Загараюцца агні.