Шчасьлівыя спатканьні
З табой пад вязам ветлівым,
I частыя блуканьні
На полі жоўтацьветлівым.
I белыя рамонкі,
I васількі блакітныя,
I нашыя гамонкі —
Дагэтуль незабытныя.
Убачыць давялося
У жыце жмут завязаны
Зялёнага калосься,
У якім закляцьце сказана.
Я засьцярог:
— Заломы
Ня руш, мая каханая!
У вузялку саломы —
Бяда зачараваная.
Але-ж прайшла навала,
I сіла чараў згінула.
Ты каласы сарвала,
Мне ў твар задорна кінула.
«Ня веру казкам гэтым!» —
Сказала ты з усьмешкаю,
I ў ростані з паэтам
Пайшла самотнай сьцежкаю.
Было, здаецца, ціха...
А ня мінула й месяца —
Ідзе з вайною ліха,
Ў крыві падзеі месяцца.
На горад і на вёску
Цяжкое гора падае.
I дзень, як сьвечка з воску,
Гарыць і нас ня радуе.
Спакою мы ня бачым —
Спазналіся з пакутаю.
А ты жыцьцём сабачым
Без ланцуга закутая.
Чужынцы з ласкай лезьлі,
Твой двор стаяў засьмечаны.
Цябе пасьля завезьлі
Ў разваліны Нямеччыны.
Лажыцца зморай праца
На рукі загрубелыя.
Табе рамонкі сьняцца —
Радзімы краскі белыя.
Калісьці пела ў полі,
Вясной закалыханая.
Ня думала ніколі,
Што будзеш ты выгнаная,
Бяз долі і бяз хаты
I пад прынукай ворага.
Ці помніш колас кляты?
Ты заплаціла дорага!
Хай зло не ад залому,
Хай выпадкова сталася.
Цяпер, калі ня ў дому —
Ўсё роднае згадалася.
Згадаліся ў пашане:
Наш край, вайной абкрадзены,
I шчырае каханьне,
I звычай нашых прадзедаў.
1944