МРОІ

Я хвалююся. Песьняй узьняты.

Дух крылаты у далеч імкне

На знаёмую сьцежку да хаты,

Дзе галубка ў вясёлым акне.

Дзе пышнелі ў гародчыку астры

I сама ты між красак цьвіла.

Добрым часам ня ведала кайстры,

Па руінах зь бядой ня ішла.

Ты калісьці сьпявала вясьнянкі,

I нявінная радасьць ва ўсім,

Як віно зь перапоўненай шклянкі,

Разьлівалася сьмехам тваім.

А цяпер ты прыбіта жальбою

I чакаеш на лепшыя дні.

Ці адна? Я таксама з табою.

Я запальваю ў словах агні.

Толькі ў гэтым уцехі шукаю,

На плытох лятуценьняў плыву.

Неўгамоўная доля такая

Ускружыла маю галаву.

Набягаюць кіпучай валвою

Сны і мроі. I гіне ціша.

I душа не знаходзіць спакою,

Вырываецца зь цела душа.

I ляціць да цябе, да каханай,

Выпрадаючы кужаль надзей:

Можа песьняй апошняй паўстану

Я з тваіх набалелых грудзей.

1946

Загрузка...