ПАЯСОК

Мне случанка падарыла

Найпрыгожы паясок.

Пачуцьцёвай процьму сілы

Выбраў вытканы кусок.

Зацьвілі на кожнай нітцы

Мары ткальлі маладой.

Ёй вузор пазорны сьніцца,

Шоўк ільсьніцца пад рукой.

I мітусяцца ўразбродку

Зоркі ў зыркім паяску,

I праменьні пасяродку

Прабягаюць па шаўку.

Краскі, крыжыкі, шмат рысак

Чырванеюць на бакох.

Палымнеець ясны прысак —

Беларускі даўні бог.

Сыплець іскрамі Ярыла.

Зь ніцяў золата пясок.

Гэты слаўны паясок

Мне случанка падарыла.

Загрузка...