МАТЧЫНА СЬЛЯЗА

Бедавала маці,

Па сваім дзіцяці

Плакала яна.

Сына ўзялі з дому,

Пела маладому

Чорная вясна.

Да чужога поля

Выгнала нядоля

I яго няма.

А ці тыя сьлёзы

Зьніклі на дарозе,

Высахлі дарма?

Як жывое цела

Сонца іх сагрэла,

Падняло зь зямлі.

Лёгкай вейкай пары

Закружылі хмары,

Ў вечнасьць паплылі.

I шукаюць сына

Ўсюды бязупынна,

I жальба лягла

На сьнягі, ільдзіны,

На расу даліны,

Дзе туман-імгла.

У далёкім краю

Я ў тузе згараю,

Мрою пра цябе.

Маці, не расталі

Тваіх сьлёз крышталі!

Бліскавіца б'е...

Пад цяжкія ўдары

Расьсякае хмары

Вогнены зігзаг.

Голас твой імчыцца

Гневам навальніцы

I твая сьляза

Ў ясным зіхаценьні,

Як багаславеньне,

Як цудоўны дар,

Кропляй дажджавою

Палкай і сьвятою

Ўпала мне на твар.

Загрузка...