У МIЖЗОР'Е

Адвячоркам я выйду за весьніцы

Насустрэчу табе і вясьне.

Будзе мара блакітная песьціцца

У паглядзе тваім для мяне.

Прытулю цябе, мілая, горача.

I на ставе, пад ніцай вярбой,

Каб пазбыцца жыцьцёвае горычы,

Я ўсю ноч прасьпяваю з табой.

Мы — упрочкі ад явы. Ня змрочыцца

I ня згіне імпэт малады.

У міжзор'е далёкае хочацца,

Дзе няма ні вайны, ні бяды.

Мы абое, галубка дрыжоная,

Напляцем лятуценьняў вянкі.

Ночка гэтая прыйдзе бяссонная,

Праглыне і прасьцяг і вякі.

Дробна зоры на небе накрышацца,

Замігцеюць і ў цёмнай вадзе.

Возьмем човен, і ён закалышацца,

Паплыве, у сусьвет павядзе.

Прытулю цябе, мілая, горача,

Станеш ружай пунсовай цьвісьці.

Будзе Муза, са мною гаворачы,

Працінаць маладосьць да касьці.

Твае вусны, як цукар у ягадзе,

Будуць таяць, запальваць мяне...

Адчуваю спатканьне я загадзя

I каханьне між зор на чаўне.

10.4.44

Загрузка...