Ён пазнае душой людзкую кволасьць
I творыць казку чараўнічых сноў.
Таму ў яго пад колер струнаў волас
I вусны выцьвілі ад сьпекі сьпеўных слоў.
Зрывае дзед з цымбалаў гукі-звоны,
Яны лятуць, як лісьце па вятры.
На Беларусі зь песьняй плытагонаў
Усе дарогі выхадзіў стары.
Ён перажыў усіх цароў на сьвеце,
Страхоцьце войнаў на сваёй зямлі,
I павыросталі на славу дзеці,
Дый за чужую славу паляглі.
Але былі таксама — іх ня мала, —
Што пралівалі за Радзіму кроў.
Прызыўны голас дзедавых цымбалаў
Зьвінеў магутна ў сэрцах змагароў.
Іграў музыка ладна ў непагоды,
Сьпяваў пра вёсны, вусны, маладосьць.
I абуджаў лагоднае заўсёды,
А да чужынцаў накіпала злосьць.
Ня меў свабоды ён ад іх ніколі.
Шукаў, пытаў — нічога не знайшоў.
Глядзеў на ўсё зь нявычарпаным болем
I піў ваду зь гліняных гладышоў.
Суцішыў смагу з рэк Дняпра і Сожа,
Дзьвіны і Нёмну, безьлічы крыніц.
А ці душу пакрыўджаную зможа
Ён перазвонам струнаў напаіць?
Навокал людзі быццам скамянелі.
Ці-ж будуць слухаць сьціплую ігру?
А тут яшчэ і старасьць стогне ў целе,
Ламае косьці ў золкую пару.
Няўжо ляжыць жалоба на пачуцьцях,
I ты адзін адкінуты людзьмі,
Навошта думкі горкія снуюцца?
Зайграй ты перамогу, загрымі!
Яшчэ па струнах спрытна ходзяць рукі,
Ты іх з цымбальнай радасьцю зрадні!
I за табою пойдуць твае ўнукі,
I загарацца восенскія дні.
Няхай зямля абсыпаная лістам,
I голы сад у холадзе заснуў.
Ідзі ў жыцьцё вясёлым цымбалістам,
Іграй пра ветласьць, вусны і вясну.