***
Цэляфанавыя вятры
запакоўваюць аблокі
дажджы не ідуць
яны ня людзі.
Сумна глядзіш як асобы жаночага полу
здымаюць перад табою
спачатку станік а потым
а потым ўжо неістотна
адпаведная колькасьць пытаньняў
да загадзя падрыхтаваных адказаў
а ўрэшце навошта
ты ўсё пра іх ведаеш.
У іхніх вачох няма нават зрэнкі
тваёй каханай.
Некаторым прымацоўваеш плаўнікі
ды хвосьцікі
каб яны змаглі плаваць па моры
якое хутка назавуць тваім імем
іншым прышываеш срэбную луску
каб у выпадку звальненьня з працы
яны маглі б асьвятляць твае пакоі.
Час нікуды не ляціць
ён ня птушка
ён проста правальваецца ў каналізацыйную дзірку
і захлёбваецда там марскімі пачварамі
жалезнымі цмокамі іржаваю сьлінаю.
Эпоха палонных сантэхнікаў
хутка скончыцца
і зноў давядзедца
заліваць іхнія муміі цэмэнтам.