***
Пустою калыскай павісну між вуснаў дрыготкіх
люляць радзімыя плямкі
нагамі ўрасьці ў глебу
рукамі
ў аблокі
пахнуць ды слухаць
мурашыныя маршы шапочуць
у вушы шалёныя смакі
гаркавыя
як крывя дзьмухаўцоў
як грудзі травы залітыя семем жаўнера
прымружыць
пакатыя вочы траўня скляваныя макамі
у лысых вачніцах ваўчыцы
там дзе варушыцца поўня
то ўлева то ўправа
гайдаюся я калыскай пустою
пад сэмафорным небам
чый спогалас
замыкае дзьверы
а вусны ня вераць
і торгаюць ценяў
ад галасоў, ад дрэваў
і ад валасінкі кароткай
што трымае мае прыдалоньні
на ўлоньні
акурат над бяздоньнем
уверх