***

Як паклічу цябе на вайну

ці пойдзеш са мною

праз жоўтае-жоўтае поле

да гары Сьвятое?

Як згублюся ў жоўтым полі

з параненай галавою

ці станеш мяне шукаць

з ранку да ночы?

А як знойдзеш

ці зразумееш мяне - чужую

непадобную ні на кога —

дзікага зьвера?

Як раздрапаю скуру тваю

не ад лютасьці

ад адчаю

закрычыш ад болю тупога

ці ад асалоды?

А як скончыцца жоўтае поле

і пачнецца восень

ці будзе апошні наш яблык

сярод ссохлага лісьця?


Загрузка...