***
па-ведамленьне
аб не-існаваньні
прыйшло не-чакана
было залішнім
выцягваць боты
ды йсьці на сустрэчу
кожную голку
з маіх пазногцяў
павыцягвалі ўчора
зрабілася сумнай
ды бессэнсоўнай
вячэрняя кава
лужыны
мокрыя могілкі кропель-ападкаў
штодзённа
тут папаўняюцца
новымі жыхарамі
птушка
з адрэзанай лапкай
і вокам кіклёпа
сядзіць на падваконьні
ды чысьціць пёркі
жанчыны
змываюць штучнасьць
і ў сваіх ложках чакаюць таго
чаго не адчуюць напэўна й заўтра
сьвяточны пірог
застанецца на дзень наступны
а я ўсё адно
пайду басанож
па тваім роце