***

Вока каня

Вільготнае ад вуснаў маіх

Перакульвае мяне

галавой долу

рукі мае занадта слабыя

ісьці па зямлі

а ногі дужа ўжо брудныя

каб крочыць па небе

так зьяўляецца неабходнасьць

вырошчваць крылы

ці рабіць іх

з падручнага матар’ялу

і

ня лётаць

сінюю вену

што небам праклалі над каштанавым дрэвам

мне так лёгка парэзаць

навостраным пер’ем

лепей зьверам зьбягу.

ля засохлае студні

буду грызьці каменьне

да смаку салёнай іржы ў роце

і спадзе мая смага

як вейка з вока каня спадае

на чэрствыя вусны

дзікай свабоды

мінаючы рудыя бровы

той мост адзіны

да якога ніяк не дайсьці мне —

занадта ён побач



Загрузка...