(з народнага)
Пайшлі аднойчы цёшча з нявесткаю ў поле гарох абрываць. Цёшча старая, бяззубая. Селі на загоне і выбіраюць што лепшыя струкі. У малатарні паб'е, а так злускаюць, прасушаць і на суп будзе. Але нявестка глядзіць — цёшча ўсё нешта жуе. Меле ды меле ротам. Выбіраюць яны далей, а нявестка ўсё гуль і гуль на цёшчу. Тая жуе.
Нявестку аж носіць.
— Чаго добрага ўсёй гарох з'есць, — думае.. Рот ёй не забаліць, столькі жаваць. Не сцярпела і кажа: — Ідзем, мамо, дадому.
Тая аж здзівілася. Толькі што прыйшлі і дахаты. Небывалае, каб нявестка яе ад работы адсылала. Часамі і ноч, а яна нічога не кажа. А то...?
— Давай да вечара павыбіраем. Ўсё роўна ўжо прыйшлі, — гаворыць старая.
— Павыбіралі крыху і хопіць. Так здаецца, цэлы час сагнутаму пасядзець. Я маладая і то папярэк баліць, а вам і пагатоваму. Прыможацеся яшчэ. Ідзем, мамо! Ідзем! Ну яго! — і проста за рукаў цягне.
Пайшлі. А маці ўсё жуе.
— Давайце, мамо, я вашу торбачку з гарохам панясу. Вам цяжка, — клапоціцца.
— Ага, праўда. Цяжка яно ўжо старому на свеце жыць. Хадзіць ногі баляць, з'есці не з'ясі, бо зубоў няма. Наглытаешся цэлага, як бусел жабаў, а потым жывот баліць, — наракае цёшча. — Зайшлі мы гарох выбіраць, я ўзяла адну гарошыну, то так і жую яе, — гаворыць, уваходзячы на панадворак.
Нявестка ледзь не прысела, пачуўшы гэтае.
— I сапраўды яшчэ, мамо, мы маглі б крыху павыбіраць. Ідзем перакусім і зноў пойдзем. Вы прайшліся, адпачылі. Плечы распросцілі, — прагаварыла як мага найбольш ласкава.