ЗНАК


Прысніўся Івану сон, што яго хата загарэлася. Гарыць, як свечка. Ні жонкі, ні дзяцей. Вёска нібы вымершая. А да хаты і падступіцна нельга — пыхціць, балахціць. I раптам — ні адтуль, ні адсюль, сусед паявіўся. Стаіць і басаком галавешкі расцягвае, ды ўсё на свой панадворак.

Прабудзіўся Іван і да розуму не прыходзіць. Што за дурны сон? Ен і хрысціўся, і прасіў святога Язэпа, каб у добры перамяніў, а ў канцы канцоў махнуў рукою і пачаў апранацца.

— Спіцца, дык сніцца, — сулакойваў ён сябе.

— Пажар — гэта ўбытак, — сказала старая Яўдося, Іванава маці. — У сны трэба верыць. Я памятаю, перад тым, як той канец вёскі гарэў, нашым маме дзве ночы падрад чырвоныя каровы сніліся. Чырвоныя-чырванюсенькія па вуліцы ішлі. Яны тады і гаварылі, што няйначай, як пажар будзе. I збылося.

— А я ўжо даўно прыкмеціла, што з нашым парсючком нешта нядобрае, — пачала жонка. — Некалькі дзён сахнелы стаіць. I есці не есць, так як еў. Барані Бог, каб не здох. Ведаць, то дакалолі б. Такі парсючок...

— А я вам кажу, што суседа асцерагацца трэба, — зноў адазвалася Яўдося. Сон жа гаворыць — нібы ён і дапамагаў, але ўсё на свой панадворак цягнуў. Нажыцца на нашым хоча. Я гэта ўжо падазравала, але маўчала. А сон пацвердзіў. Вы глядзіце ці ён часам з хлявамі на нашае ўлезці не думае. Будавацца ж плануе, а тут плоту няма ды і мы з ім так цацы-цацы. Нешта ён апошнім часам надта ж добранькі стаў. Учора і яблык малому даў.

— I сапраўды, — перадумоўваў Іван. — Ён тут сядзіць, нібы пан. I гусі ходзяць, і куры на панадворак лезуць, і авечкі забягаюць. Як добра то добра, але калі ты яшчэ нажывацца на маім хочаш... Ужо ў мінулым годзе я гэта прыкмеціў, калі ён вяз спускаў. Не хацелася той грызні, суседзі ж. Але калі так, дык больш твае куры хадзіць тут не будуць.

I яшчэ ў гэты дзень пачаў ён закопваць слупкі пад плот.

— Што ж ты, Іван, робіш? — спытаў сусед. — Гарадзіцца хочаш, дык гарадзіся, але навошта на маё лезеш?

— На тваё? То глянь на агароды, бачыш, як мяжа бяжыць?

— Агародамі ты мне тут не тыцкай! Паглядзі, дзе гранічны паль закопаны, сляпаку, ты!

— Палём мне вочы замазваць уздумаў! Думаеш, не ведаю калі ты яго перанёс? Каб з хлявамі на самую мяжу ўлезці! Зямля яшчэ свежая.

— Каб ты праваліўся! Гэта ж твая бахурня з маімі дзяцьмі роў капала, каб ваду на вуліцу спусціць! Сам жа ганяў!

— Мае не капалі. Самому сорамна было, дык дзяцей напусціў, каб перанеслі! Нажыўся!

— Я на тваім? Каб цябе спруціла! А гэта чые куры на панадворку бегаюць? — і папусціў кіем.

— Ах, ты зладзюга...

— Што? Дакажы! — не даў дагаварыць.

— А твая сухая Яга то капусты ў маім агародзе не парэзала? — Выляцела з хаты Іванава жонка.

— Вядзьмішча ты, каб ты згарэла! — не сцярпела і суседава. — Сама, як тая дурачка, бегала: “Ой, набралі б у нас капусты! Ой, набралі б у нас капусты! I так марнуецца, авечкам аддаваць трэба будзе”. Думаеш, я яе ела? Каб захварэць? Ты ж без чараў даць не дасі. Хопіць што сваю куму агуркамі накарміла. Па сённяшні дзень па бабах ездзіць. А пропадам згінь, твая капуста! — і пачала шпурляць галоўкамі на суседчын панадворак.

— Іванавы з суседам б'юцца! Іванавы з суседам б'юцца! — пераказвалі па вёсцы і ўсе выходзілі ды ставалі, каб паслухаць. Хто далей, хто амаль пад сам Іванаў панадворак падыходзіў. А тыя характарызавалі сябе аж да самага вечара.

А кажуць, што на вёсцы сум і пустэча. Хопіць, каб толькі сон прысніўся.

Загрузка...