НАПАД


Проста з працы па зарплаце Франка пайшла да кумы. Слова па слове і засядзелася.

— Дык гэта ўжо дзесяць? — схапілася. — Бягу, мілая! Бягу! Праз цэлую Навоткі і аж на Звежынецкую.

Пакуль развіталіся, дык ужо і палова адзінаццаці. Яно нібы не так і позна, але на вуліцы было пуста. Дайшоўшы да парку, Франка раптам успомніла, што забыла зайсці ў туалет. Дзве кавы, чай і каньяк рабілі сваё. А да хаты яшчэ больш як палова дарогі.

Парк здаваўся пустым і ціхім. Франка, было, ужо ступіла, але ж не, няёмка неяк. І тут яна пазайздросціла мужчынам. Патрэба аднак была мацнейшая. Паўзіралася па баках ці нікога няма, прысела яна пад куст і пачала аблягчацца, як тут:

— Умыыым... Ааааа... I драп яе нешта.

Франка хўтчэй што трэба на сябе і на вуліцу ды ў крык: — Гвалцяць! Рабуюць! Гвалцяць!

— Абакралі! — крычала яна ў прыадкрытае акенца міліцыйнай машыны, што спынілася на ўсё гэтае. — Сумку з грашыма забралі! Цэлая зарплата! Роўна дзесяць тысяч, — і тут расплакалася.

— Але памалу. Дзе гэта было? — высеў міліцыянер з машыны.

— Тут! У кустах! Хутчэй, то злапаеце!

— Даўно?

— Толькі што!

Сказаўшы нешта таму што ў машыне, міліцыянер пайшоў за Франкаю. Ішла яна хутка, дробныма крочкамі і ўсё трайкатала.

Абыйшоўшы вакол куста, глядзяць — сумачка стаіць. Не відаць каб хто і адкрываў яе. Франка мігам пералічыла грошы.

— Усе, пане міліцыянер! Усе! Нават дробныя ёсць! Бандыт, мабыць, спалохаўся і ўцёк.

Міліцыянер яшчэ раз пачаў абыходзіць куст аж бачыць — ляжыць нехта.

— Вылазьце! Няма чаго хавацца! — пацягнуў таго за нагу.

— То шшшто на тыыым свеееце дзееецца, — пачулася п'янае мармытанне. — Ляжаў сссабе ля куссста, то дооождж на морду пппадаць пачаў, схаваўся пад куссст — зззноў за ногі цягаюць

Міліцыянер голасна зарагатаў.

Загрузка...