УВАСКРЭС


Няма як народная медыцына. Лекары-лекарамі, але калі па-свойму не зробіш, можаш кілаграмамі лекі глытаць. I так праваляешся, пакуль хваробе не збрыднеш. Вось, Мікалай! Можа чалавек ужо і па свеце не хадзіў бы, калі б не Кастусь.

Ад раніцы Мікалаю балеў страўнік, нібы нехта туды залез і пароў нажом то ў адзін, то ў другі бок. Белы, як палатно хадзіў. Думаў ужо да лекара ісці, калі Кастуся сустрэў. А ён чалавек бывалы — не з адной брагі самагон піў.

— Жывот? — спытаў, глянуўшы на Мікалая.

Той аж аслупеў:

— Ага, — кіўнуў галавою.

— Даўно?

— Ад учора.

— Лячыў"?

— I жалудачныя каплі піў, і пілюлямі нейкімі гаспадыня карміла. Нічога!

— Усё гэта гаўно! Трыццаць год чалавеку, а ў галаве горш дзіцяці. Ідзі, тут па-суседску, прынясі. Толькі моцнай, на сорак пяць. I перчыку турэцкага захапі!

Мікалай, хаця і нічога ўцяміць не мог, прынесці прынёс.

— Каб ад воспы чалавека зберагчы, то што робяць? Мікробы ў арганізм уводзяць, каб загартаваць, значыць, — паясняе Кастусь, адкупорваючы паўлітроўку. — Вып'еш, прачысціць і канец пакутам. Рве?

— Крыху.

— Ну, бачыш. Прарваць не можа. Дапамога патрэбная. Трымай! — дастаў ён з шафы муштардоўку.

— Хіба што крышачку, — узмаліўся Мікалай. — Я ж не п'юшчы.

— Тым лепш, хутчэй прачысціць. А хто ж ідзе да зубнога лекара, калі зубы не баляць? Выпі! — і наліў паўшклянкі,

Мікалаю аж па барадзе цякло. Крывіўся, моршчыўся, але думка, што заўтра будзе здаровым, узяла верх.

— Закусіць бы нечым... — запырхаў, хапаючы паветра.

— Я табе закушу! Ты думаеш ад чаго гэтыя болі, як не ад яды?! Бяры! — і зноў падаў столькі ж.

— Паможа? — закашляўся Мікалай.

— Паможа, паможа! Знаю, што раблю. Толькі ідзі хутчэй дахаты і лягай.

Апошняе выпіў сам.

Ну і пачалося змаганне за Мікалаева здароўе. Столь хадуном захадзіла. Сцены круцяцца, нібы карусель. Дзе ні гляне — усюды вокны ды вокны. А ложак неяк перакасабурыўся і пачаў хіліцца.

Прачнуўся мабыць за поўнач. Цемра. Мац, мац рукою — з правага боку нейкая сцяна. Сунуў нагою ўперад — зноў нешта не пускае.

— Што за халера? — падумаў уголас. Спрабаваў сесці, але так і трахнуў у цвёрдае галавою. Тут ужо і страшна зрабілася. А яшчэ штосьці мокрае заварушылася і ля самай галавы села.

— Няйначай, як у магіле, — мільганула думка. — Відаць, пе разабраліся і жывым пахавалі.

Давай крычаць:

— Ратуйце, жывы я тут! Не бойцеся, гэта ж я, Мікалай Ігнатаў! Той, якога нядаўна пахавалі!

Раптам бліснула святло. Сабачка, пачуўшы гаспадыню, махнуў хвосцікам Мікалаю па твары і выскачыў з-пад ложка, ды пачаў лашчыцца да сваёй гаспадыні.

— Ах, Божа мой! — усклікнула тая. - Што ж ты тут натварыў? — уепляснула рукамі. — Цэлага сабачку мне запаскудзіў! — і пачала, цягнуць Мікалая з-пад ложка. — Памёр ён! Я цябе, гад, пахаваю!

Свядомасць вярнулася, калі гаспадыня прынялася выкідаць з шафы Мікалаеву вопратку.

— Гэта ж я не ў труне! Гэта толькі пад ложак скаціўся! Жывы, значыць, — прыпамінаў ён сабе.

— Ну, як прачысціла? — спытаў Кастусь, калі назаўтра сустрэліся.

— Прачысціла! I мяне, і гаспадыню, — адказаў, трымаючы ў руках чамадан.

— Я ж гаварыў! Народная медыцына — справа, брат, вялікая.

Загрузка...