— Ну і хату Сцяпан ставіць — вялізная, як стадола. I веранду думае зрабіць. Палац проста, — гаварылі ў вёсцы.
Ад раніцы да вечара на Сцяпанавым панадворку стук сякер ды тахтанне пілы разносіліся. Зруб канчалі, каб на зіму ўвайсці.
Мікалай, Сцяпанаў сусед, спаглядаў праз плот і толькі зубамі скрыгатаў. Усё згодна з планам, не прычэпішся. Гляне толькі на новы суседаў зруб і сэрцу ў грудзях цесна зробіцца ды вочы зайздрасцю наплывуць. I не вытрымала Мікалаева душа, не перанёс. Давай вакол сваёй хаты раскопы рабіць ды падмурак заліваць. А вясною, прыцягнуўшы некалькі прычэп цэглы і пустакоў, перанёсся з сям'ёй у летнюю кухню і на месцы пекнай і здаровай драўлянкі павярхоўку бўдаваць пачаў. Цэгла па цэгле ўзрастала прыгожая мураванка. Потым ад вуліцы новы альховы плот паставіў. На зіму пасяліліся.
— Ужо Сцяпанава хата, здаецца, вялікая, але Мікалаява дык на ўсю ваколіцу, — пагаворвалі ў вёсцы.
Сцяпану гэтыя словы, што шпілька ў жывое. Тыдняў два, як сам не свой хадзіў, толькі мармытаў нешта і рукамі размахваў. Думаў.
Выйшаў аднойчы раніцай Мікалай на свой панадворак і аж вочы на лоб палезлі. Стаіць Сцяпан ля свайго плоту і рознакаляровымі фарбамі на штахецінах ўзоры нейкія наводзіць.
— Агаааа... Дык ты так, ну то я цябе гэтак, — крыва ўсміхнуўся Мікалай і прыняўся скідаць са сваёй аборы зусім яшчэ добрую чарапшу ды этэрнітам пакрываць.
— Во яно як! — плюнуў са злосцю Сцяпан.
— Яшчэ пабачым... — і пачаў да сваёй стадолы яшчэ адну старану дабудоўваць ды ходнічак ад хаты класці.
Тады Мікалай да кожнага гаспадарчага будынка дошчачкі папрыбіваў ды вялікімі літарамі падпісваў: АБОРА, СВІРАН, КЛУНЯ.
А потым аддзяліліся ад сябе высачэзным плотам, штахеціна ля штахеціны, і кожны са свайго боку напісалі — МЯЖА.