На ўзгорку пад трыянгулянцыйнаю вежаю нехта ляжаў. Васіль яго ўбачыў, яшчэ едучы перачапляць цялят. Вяртаецца назад — той ляжыць, як ляжаў.
— Каму ж гэта хочацца ў такую спёку? П'яны, а мо занядужаў? — разважаў ён сам з сабою.
I, доўга не думаючы, павярнуў свой веласіпед ды паехаў туды, дзе нехта ляжаў.
Незнаёмы, абапёршыся на руку, ляжаў на баку і задуменца жаваў свежую травінку.
— Не лепш у цяньку? — запытаў Васіль.
— Што пячэ, то пячэ — гэта праўда.
— Побач жа лес, — пераконваў.
— Яно так, але баюся, што прагледжуся. Старгавалі мы тут з адным, — незнаёмы пастукаў па жэрдзіне вежы, — і ён паехаў па грошы. Але ўжо гадзін дзве, як не вяртаецца, а тут людзі што і раз пра цану пытаюць. Ведаць што не прыедзе, дык іншаму прадаў бы.
— Вось гэтую? — стукнуў нагою Васіль па зусім здаровым яшчэ слупе.
— Ыгмы. Ужо апошняя. Тры іх на продаж было.
— Хіба што толькі на дровы? — узіраўся на вежу Васіль.
— Хыхых... Яшчэ і праслы да плоту паробіш і гадоў дзесяць прастаіць. Смаляное, змазучанае. Адзін там такую купіў, што ўжо падала, дык яшчэ слупы пад вяту парабіў. А гэтая? Го-го..., — схапіў ён абедзвіма рукамі за жэрдзіну і страсянуў яе каб паказаць якая моцная.
— I колькі просіш?
— А! Як з цябе, то хай будзе роўна пяць. Сустрэнемся калі дык барыш вып'ем. А той як прыедзе, ну то чорт з ім! Колькі ж яго чакаць? Ну, што? Ад рукі? Калі хочаш, тады можам праз гміну. Мне ўсё роўна. Але там і сабе пацягнуць, і ахвотных знойдзецца — не толькі ты адзін. А так скажу, што прадаў і ўсё. Як сабе хочаш.
— Ад рукі! — і Васіль палез за кашальком. — Думаў, што па дарозе да каваля заеду, але з ім заўтра разлічуся.
— Тфу-тфу-тфу! — згодна са старым звычаем папляваў незнаёмы на грошы. — Прыязджай і рэж хаця б вечарам.
Развіталіся ў шчырасці і ў падзяках.
Было ўжо цёмна, калі Васіль прывёз на панадворак апошнія жэрдзіны. А назаўтра, пасля поўдня, прыехала міліцыя.