Хведар не ўставаў ужо мабыць з месяц. Жывот. Як схопіць, як зарэжа, дык неба, здаецца, лізаў бы.
— Ну, што з табою? — наведала неяк хворага кума Фрося.
— А вось, бачыш, да “магілёва”, відаць, ужо пара...
— Ой, што ты?! Што ты!? — і думаць грэх! Паправішся, яшчэ ўнукаў пажэніш. Прынядужаў ды і толькі. Мала гэта людзей хварэе? А маладых колькі? Шуркаву Зосю вазьмі. I хто б падумаў... Усяго толькі дваццаць год Здаровая, чырвоная, нібы вішня і раптам — палец спух. Нарыў паявіўся. Тфу, не ў хаце гаворачы! Гніло, гніло і ледзь не да локця руку абцялі. Ганігрэна ці гінгрэна, як там яны яе называюць. Выздаравееш, Федзя, не думай толькі, да сэрца моцна не бяры. Ну, але ўсё ж такі, што табе?
— Ай, ведаеш! Усё, кума! Адным словам усё! На лечаным кані даўга не наездзіш. Найгорш жывот. Вачыма, здаецца, з'еў бы, а пачнеш — нібы нажом нехта пора.
— Нічога, кумок, пройдзе. Палепшае. Пашкодзіла нешта і ўсё. Жывот, праўда, яно не вельмі. Татуль мой таксама, памятаю, на жывот скардзіліся. Схвацілі аднойчы мяшок бульбы з воза і скрунула. Так і да Каляд не дачакалі. Маладыя ж яшчэ былі. Ды што я табе гавару, сам ведаеш. А з Мікалаем таксама. Ну, а табе калі рэжа, дык у нагу не совае?
— Совае. У правую. Часам як схопіць — месца знайсці не магу.
— Во, во! У правую! А ты Ёзічка з хутара памятаеш? Тое ж самае меў. Як толькі жывот, то і правую нагу адымала. Адымала, адымала і адняло. Два гады праляжаў нібы калода. I па шаптухах хадзілі, і аперацыю рабілі, але так і пайшоў на той свет. Няпоўных сорак было. Ай-яй-яй! Чалавек як муха — тут жыве, а тут ужо і няма. Ну, пайду. Здаравей, кумок! Здаравей! Унукаў яшчэ пажэніш. Заўтра зноў загляну. Сама была хворая. Знаю як гэта добра, калі нехта прыйдзе, пасядзіць, пацешыць. Дужэй, Хведарок, дужэй.