Гаўрылу Выпівачку ва ўсёй ваколіцы ведаюць. Нават у горадзе знаюць. I то не абы з кім знаёмы — з начальнікам міліцыі, кіраўніком рэстарана. Людзі на пасадах. I хто думаў, што чалавек з глухой вёскі да такой славы дойдзе. Легенды аб ім ствараць будуць. Але па чарзе.
— Я там хваліцца не люблю, — гаворыць Гаўрыла, — але што праўда, то праўда. Да ўсяго сваёю галавою дайшоў.
— Ну, але ўсё ж такі, як вы да гэтага дайшлі, не аб кожным жа так? Адзін жыццё пражыве і нават слаўцом ніхто не ўспомніць, а пра вас легенды ходзяць. Ну, скажам, вашае крэда?
— А навошта мне крэда? Век ніякай крэды тут не было. А глінні можа недзе кавалак і ёсць, калі баба на печ не вымазала.
— Ды не. Скажам, у што вы верыце, вашыя погляды?
— Верыў. Далібог верыў, а цяпер не! Два гады як не веру! У нашага каваля верыў. Думаў, што сапраўды ён майстар, але і гэтаму грошы ў лобе перакруцілі. Лопнула, значыць, трубка ў маім халадзільніку ад самагоннага апарата. А тут дваццаць літраў брагі стаіць і аж просіцца перагону. Я за апарат і да каваля. Да вечара быў гатовы. Разлажыў я агонь пад брагай і чакаю. Чую — бурліць ужо, а пара не ідзе. Што за чорт? Ды раптам — як не садане! Цэбрык трах — і разляцеўся. Толькі засвістала. О, яшчэ сляды маю. Морда як па воспе. А ён, гад, узяў ды наглуха зашвайсаваў. Ну, а погляды, як там кажаш, то яны ў мяне простыя — усё як у гадзінніку. Парадак. Найважнейшае парадак: нядзеля — дзень божы, панядзелак — як хто можа, аўторак — свята працы, серада – пабачым, чацвер — Божае Цела, пятніца — як захацелась, субота — адпачываецца і так цэлы тыдзень зматаецца. Усё ў свой час.
— Далёка чутка пра вас ідзе. I ў горадзе расказваюць. Знаёмствы нейкія?
— Якія там знаёмствы? Я ж табе гаварыў у мяне так няма. Усё сам. Аднойчы ў рэстаране талерку пабіў. Махнуў рукою, а яна, халера, лясь на падлогу — і пабілася. Трыццаць злотых кажуць плаціць. А ў мяне цэлых пяцьдзесят. Дык я спытаў: — А колькі попельніца каштуе? I той аказваецца трыццаць цана. Выняў я дзесяць злоты і бразнуў попельніцай, каб ужо без рэшты было. I такім спосабам з кіраўніком рэстарана пазнаёміўся. Ну, а з начальнікам міліцыі тады, як на начлег мяне туды запрасілі. Гэта першы раз. Другі — пасля спаборніцтваў, ці як іх там называюць. Бачыш, гарэлка без весялосці, тое, што хамут без каня. Сядзелі мы ў рэстаране ў трох — я, Ігнат і Даніла. Усе тутэйшыя, з Безгалоўшчыны. Заспорылі, хто далей плюне. Яны ледзь да другога століка змаглі, а мой плявок аж на трэці заляцеў.
— Дык напэўна і ўзнагароду маеце?
— А як жа, далі. Чатыры з паловай тысячы на калегіі.
— Ну, а сямейныя справы, як укладваюцца? Як жонка, дзеці?
— Нічога, добра. Толькі нешта жонка апошнім часам на здароўе скардзіцца пачала. Я вып'ю, а ёй галава баліць. Прычапілася да чалавека хвароба і мучыць. I па лекарах ездзіла, і па шаптухах, але не памагае. Цяпер то і лекары тыя! А так ўсё добра. Асабліва, калі з горада вяртаюся, парася ці цяля прадаўшы. Ой, якія тады добранькія. I з воза здымуць, і пагушкаюць, углядаючыся ці з кішэняў нічога не сыплецца.
— А зараз дужа яшчэ вып'еце?
— Бачыш, гэта ад многага залежыць. Найважнейшае, што п'еш — гарэлку ці ваду. Калі гарэлку, дык так, але, калі ваду, то зусім мала. На здароўе шкодзіць, асабліва халодная. Залежыць яшчэ і з кім п'еш, і якая закуска, ну і, зразумела, чыя гарэлка. Сваёй многа не магу. Ну, але хопіць таго добрага, заўтра нядзеля. Адпачыць трэба.
I Выпівачка, змучаны працавітым днём, зноў палез у цянёк пад грушу.