ТЭЛЕПАТЫЯ


Цягнік нечакана затармаэіў. Прабудзіліся. Нехта сапсаваў паветра. Нехта..? У купэ было іх толькі двое. Стала няёмка. Глянулі, збянтэжаныя, адзін на другога.

— Ён думае, што гэта я, несумненна гэтак думае, — лезла ў галаву першаму.

— Ён упэўнены, што гэта мая работа. Так, бо чаго ж бы гэтак спаглядаў на мяне, — думаў другі.

Прыўзняўся і прыадкрыў дзверы.

— Так, ён не толькі думае, але і ўпэўнены. Чаго ж бы дэманстрацыйна дзверы адкрываў. Блыха. Аблезлая. Віну ад сябе адвесці хоча, — не мог пагадзіцца першы.

Выняў і закурыў цыгарку. — Ага, сказаць не адважыцца, дык намёкамі. Ух ты, заморышу! Бачыш, ціхую напасць весці ўздумаў. Такія найгоршыя! З-пад цішка толькі. Такі і ўкрасці можа.

Выняў насоўку і голасна высмаркаўся.

— О! Ужо нібы сморкаць яму захацелася! Зразумець дае, бочка лупатая. Інтэлігенцікам прыкідваецца. Думае, як у касцюмчыку і гальштуку пад распасеным рылам дык усё можна. А сам можа і зладзюга, і жонку можа дома б'е. Бедная жанчына... Абмывае гніду, корміць, а ён здзекваецца над няшчаснай. Францік лысы, — кашлянуў.

— За горла яго ўжо нібы душыць?! Сухотнік! Кашляй, кашляй — дакашляешся. Цягаюцца, во, такія ноччу, што сумленнаму чалавеку спакойна праехаць не дадуць. Сядзі і чакай, калі нечым садане. Каб так міліцыя, здаецца, пратрасла, то нябось, усё бы выспеваў. Не адзін напэўна грашок на душы мае. Маці толькі шкада. Гадуе такога, цешыцца, што радасць ды палёгка на старыя гады будзе, а ён за ласку, за дабрату ў магілу яе прадучасна загоніць, — фуркнуў і выйшаў на калідор.

— А ідзі, каб ты не вярнуўся! Распасся чужым коштам і думае, што ўсе такія як ён. Чэснага чалавека з сабой, брыда, раўняць будзе.

На калідоры паявіўся кандуктар.

— Штраф заплаціць прыдзецца, гэта ж першы клас, — звярнуўся да таго, што стаяў. — О і вы таксама, — глянуў на білет. сядзеўшага ў купэ. — Чытаць не ўмееце?

— Але ж пане...

— Калі не маеце, дык крэдытны, — і выняў штрафачны блакнот.

— О, з такім выжыць...! — загаварылі ўраз за адышоўшым кандуктарам ды глянулі адзін на другога.

Загрузка...