Ну, і здарэнне! Думаў, што памру!
Паехаў я неяк наведаць сваю родную вёску. Больш года там не быў, засумаваў. Дарога ад аўтобуснага паўстанка якраз каля могілак вяла. Поўдзень. Такі прыгожы, сонечны. Багажу — усяго толькі, што вялікая падарожная торба, якую, згодна са звычаем, едучы ў вёсцу, усе з сабой бяруць. Не цяжка.
Іду я, значыць, гэта каля цвінтара і думаю: дай пабачу, каго сярод жывых ужо няма. Да хаты ж не спяшацца. Можа якраз паабедалі і ў поле збіраюцца. Хаджу паміж магіламі і раптам — Божа ж ты мой! Іван памёр! Свежанькая магіла з жалезнай агароджай, крыж з чорнага мармуру аж зіхаціць на сонцы. Калі ж ён гэта? I нашыя нічога не пісалі. Усё ж такі мы сябрамі былі, за адной партай сядзелі. Здавалася, жыць яму толькі. Адбудаваўся на цэлую вёску, машыну купіў, шклярня. Мабыць яшчэ такога чагосьці не выдумалі, каб у Івана не было. I маеш табе, узяў ды памёр... Гм... Тут не адкупішся. Уваткнуў я ў магілу палявую кветачку і пайшоў сваёй дарогаю. А ў вачах луг заліты сонцам. А мы, з Іванам, як некалі, прэм наперагонкі і ён крычыць, застаўшы ззаду:
„О, хітранькі! Табе лягчэй, у цябе дзірка ў трусіках!''
Так... Цяпер напэўна за багацце наперабой сварацца. А можа ўжо ўсё разграмкалі! Нічога, што жыў адзін. Калі да гэтага то сваякоў столькі назбіраецца, што і пугаю не адгоніш.
— Здароў! Колькі год! — раптам спыняе нехта мае разважанні.
Азіраюся — і аж у вачах памутнела. Маманькі! Іван-нябожчык ззаду...
— Ззздддааароў. Гэээттта ттты? — з перапалоху ляскаю зубамі.
— Ну, што? Не пазнаеш, булава? — і абнімацца лезе. — Што з табою?! Хворы?! Белы, як палатно стаіш.
— Нііічога. Але ж ты... Ты ж памёр. Ля магілы ж тваёй я быў.
— Ха-ха-ха! — зарагатаў. — Ну, так... Бачыш, браток, і там жыць трэба. А што я быў наймалодшы, дык і выслалі мяне за пакупкамі.
Я гэта пачуў, і ўногі. Толькі на чацверты дзень да сябе дайшоў, як бацька матцы тлумачыў:
— Іван ужо дарэшты здурэў! Помнік сабе на могілках паставіў! Бачыш, што грошы робяць?!