МУХІ I БЛОХІ


— Далей гэтак немагчыма, — забілі ў хамут мухі і вырашылі пакінуць горад.

Схуднелыя — адна скура і косці, апусціўшы абяссіленыя крылы, цягнуліся аравай, значачы на пыльнай дарозе след тымі, якіх душа ўжо ў неба ўзнімалася. Сілы пакідалі іх з кожным крокам. А тут яшчэ якраз поўдзень, сонца прыпякае. Зышлі мухі з дарогі, выцягнулі апухлыя ногі, аж у суставах затрашчала, і давай адпачываць. Раздзяўленыя мордачкі так і хапаюць гарачае паветра.

Ці мала, ці доўга сядзеў так мушыны табар, аж глядзяць — цэлы пагон блох насустрач цягнецца. Змардаваныя, бакі паўпадалі, жывот да хрыбта прырос і толькі пот цурком цячэ.

Гэтак шлапаючы на мух наткнуліся і паваліліея побач іх. Слова па слове гутарка пайшла.

— Гэта вы, блохі? Ах, божачкі! Да чаго ж вы дарабіліся? Вы ж сядзець не можаце, а яшчэ ў падарожжа сабраліся, — закруцілі галовамі мухі.

— Міленькія вы нашыя, выхаду іншага не было. I ворагам сваім такога жыцця не жадаем. Шмат год пражылі мы ў вёсцы. Мука гэта адна, а не жыццё. Гляньце самі — прыдзе чалавек з поля ўжо і ноч над зямлёю павісне. Яшчэ на панадворку сёе-тое зробіць, дык яно ўжо і зусім позна. А потым змучаны, распранецца, або і не, бабахне ў ложак ды храпе. Пакуль мы павылазім са сваіх закавулкаў, пакуль дабярэмся да цела крыві сербануць — чалавек як па камандзе зрываецца. I канцы нашаму банкету. Галадай, брат-блыха, цэлы божы дзень, а ноччу зноў невядома ці пажывішся. А калі ўдасца, то што гэта за яда? Кроў спрацаваная, горкая, а цяпер яшчэ гэтых хімічных угнаенняў ды розных атрут навудумлялі. Ратунку ад іх ніякага няма. Параілі нам добрыя істоты, што быццам бы ў горадзе жыццё лёгкае. Там прынамсі людзі талковыя. Спаць любяць доўга, не надта спрацаваныя, бо ўсё па гадзінах. Чаго ж больш трэба? Забраўся пад пярыначку і ласуйся да позняй раніцы салодзенькай крывёю. Усё тут чысценькае, пахучае. Ах! — уздыхнулі блохі і аж слінка пакацілася ды вочы пад лоб пайшлі.

— А мы, даражэнькія, з горада, — забзыкалі мухі. — Не было нам там жыцця, ой не было. Усюдьг чысціня, парадак. Нават крошка нідзе не ўпадзе. Рассыплецца на стале цукар, дык яго раз-два і змятуць. Пакрышыцца булачка, дык пальчыкам вызбіраюць. А чай п'юць, дык як пачнуць лыжачкай аб шклянку валіць — нідзе і кропелькі гэтай салодкай вадкасці не застанецца. Якое яно гэта жыццё? Галадуха адна. Ідзем у вёску. Там нашаму брату рай. Усяго па самыя вушы, еш хоць ты лопні. Спяшаюцца людзі ў поле, дык і пакінуць усё на стале. А там чаго толькі душа захоча — і хлеб, і цукар, і суп. Наеўся, сядай і сядзі на падаконніку ды грэйся на сонцы. Во, дзе жыццё! — забзыкалі мухі і, падняўшыся, пацягнуліся ў вёску.

Блохі таксама часу не трацілі. Пайшлі гарадскога жыцпя паспрабаваць.

Загрузка...