Чарга. Прымем, што за апельсінамі. Стаіць адзін, а каля яго знаёмых трох круціцца. Тыя тады як грыбы вырастаюць. Табе здаецца, што ўпершыню іх бачыш, а яны цябе, нябось, ведаюць, ад галавы да ног ведаюць. Не мінуць, падыдуць, прывітаюцца. Асабліва, калі ты недалёка прылаўка стаіш. Стаіш гэтак і раптам:
— Маё вітанне! То як там на сваім жывецца? Абсталяваліся ўжо? Нічога, памаленьку. Важна не спяшацца, каб толькі з густам. Добра, што кватэра ёсць. Я знаю, што такое чакаць. Усім спачуваю, — ляпеча і не думае адыходзіць. — А я там каля вас жыву. Зайшлі б калі, пасядзелі, — запрашае, не падаючы адрасу. — Вы таксама за апельсінчыкамі? — Я сам за імі не гіну, але малышы. Мне не многа, кілаграмчыкаў тры хаця б...
I засыпле цябе такой колькасцю салодзенькіх слоў, што забудзешся аб тым, што ўпершыню яго бачыш. Пакуль апамятаешся і раздзявіш рот, каб выясніць гэтае непаразуменне, „знаёмы" ўжо перад табою стаіць, а побач другі міргае вачыма і лапоча.
— Я вас адразу пазнала. Кропелька ў кропельку да свайго брата падобны. А яго я добра знаю. З маёй Ядвісяю ў адным класе вучацца. Нават на здымачку разам сядзяць. Ядвіся так яго хваліць, такі добры хлопец. Іншыя, то ведаеце..., — махае рукою. — I пра вас Ядвіся часта ўспамінае. Сына прыгожага маеце.
I пачне так камплеменціць, так шчабятаць, абы ты толькі не апамятаўся. Але дзе тут да гэтага, калі „знаёмыя" так і лезуць. Яшчэ чаго добрага, то і цябе з чаргі выпхнуць. Дакажы тады, што стаяў.
— А я тут перад вамі стаяла, — чуецца зноў міленькіі галасок.
—???, — паціскаю толькі плячыма.
— Стаяла, стаяла! Не памятаеце? Мяне не памятаеце? Мы ж пазаўчора ў кіно побач сядзелі. Я вас добра запамятала. Ведаеце, гэты фільм дасканалы. Тэма якая шырокая...
А кажуць безкультур'е па народзе пайшло, чалавек чалавека не пазнае.