— Будзеш там ужо прадаваў. Збагацець не збагацееш, а сабе і так кусочак свежага будзе. Завязі дзецям, а то, напэўна, калі ў чарзе не пастаяць, дык і не маюць, — раіла жонка.
— Мо яно і праўда, — падумаў Васіль і назаўтра закалолі.
Што сабе — пакінулі сабе, а апошняе падзялілі на дзве часткі ды паставілі ў склеп каб схалонула. Ранютка, калі толькі пасвятлела, Васіль запрог каня і паехаў у горад парадаваць дочак свежанінкай. Сядзіць, тытунём зацягваецца, ды на каня пануквае:
— Но! Нооо, маленькі! Хутчэй бяжы! Людзі авёс ужо пачалі вазіць. Цяжкавата нам з Параскай. Пастарэлі, сіл няма, а тут яшчэ яна і занядужала — год як на ногі наракае. Не прычапілася б хаця нешта. Што ж тады я сам...? Бяжы, буланы, бяжы, маленькі! Можна было б ужо на рэнту, але от, то бульбы яшчэ пасадзіш, то жыта пасееш. Булкі свае. Нам яно і агароду хапіла б, але дзеці. Так здаецца, але і капуста, і цыбуля, і агурок... У горадзе купіць трэба, а тут сваё. Пакуль можна, дык хай яшчэ. Дзеці ўсё ж, Хаця з Яшкаю, во, як выйшла — у хаце дажыць не далі, у чужых начаваў. Усяго можна дачакацца. Гадуеш, цешышся, а чаго прычакаеш — не ведаеш...
Васіль задумаўся. Уцягнуў галаву ў плечы ды заглядзеўся на лейчыну, што свабодна звісала ніжэй аглоблі.
Сонца ўжо вьшлыла над вяршыні дрэў, калі ўехаў ён у горад. Перш павярнуў да старэйшай. Прывязаў каня там, дзе заўсёды, каля крамы, і пайшоў на другі паверх. Дачка была яшчэ дома.
— А што вы, тату, так рана? — здзівілася. — Здарылася нешта?
— На рынак ехаў, ды так жывот схваціў, ну і ведаеш... Думаю, заеду да цябе, памыюся крыху.
— Калі я, бачыце, да працы спяшаюся. Можа вы да сястры. Яна ж тут недалёка, і не працуе. А то я пайду, а вы хаты самі не замкнеце.
Васіль развітаўся, націснуў шапку на галаву і пайшоў да воза.
Малодшую дачку застаў ён перад хатай, з крамы вярталася.
— А што вы гэтак у рабочы дзень? — прывітала.
— На рынак, парасят, купіць хацеў, але так жывот схваціў, гнаць пачало, што стрымаць не мог і ведаеш... Памыцца б.
— Ну іх з парасятамі! Сядайце і едзьце хутчэй дахаты. А грошы пакіньце, мы вам купім.
Бацька паківаў галавою і павярнуў каня. — Што ты так хутка вярнуўся? Дома нікога не было? — здзівілася Параска.
— Была, але, мне так нядобра стала, ну... проста, прызнацца брыдка...
— Ідзі хутчэй пэмыйся і лягай! Там у крадэнсе сушаныя чорныя ягады ляжаць, вазьмі са жменю. На жывот добра. Ідзі, я сама выпрагу.
Вечарам мяса пасалілі, а пакінутага на святы парсючка вырашылі прадаць.