ГАГАТУХА


Павячэралі. Дзед падсунуў бліжэй да печы столачак і, абапёршыся плячыма аб цёплую сценку, сонна ківаў галавою, быццам бы пералічваў пражытыя гады. Бабы збіраліі са стала. Заўтра Новы год.

Малы Міколка любіў такія хвіліны. Любіў ён прысесці каля дзядулі ды заслухацца ў яго ўспаміны. Сваім дзіцячым розумам уяўляў свет дзедавай маладосці і здавалася яму, што не дзядуля, а ён тут галоўны герой.

— Дзеду! Дзеду! — патузаў за руку. — Чаму Гагатуху багатым вечарам называюць? А?.

— Ыммм? — адкрыў той вочы. — Як чаму? Ну, багаты, ну... Цэлы год людзі працавалі пакуль дачакалі гэтага вечара. А знаеш, колькі за год усялякага дабра назбіраецца. Таму ён і багаты.

— А гагатаць пойдзем? — заерзаў на столачку Міколка.

— Што ты? Цяпер ужо гэтага няма... Смяяліся б. Усё прайшло, унучак. Глухамань адна цяпер. Абы што, дык зараз крыўдзяцца, У суд падаюць. А каб ты ведаў, як калісь весела на вёсцы было? Хто ў гэту пару ў хаце сядзеў. Павячэраў, ды за вядро з попелам і гайда за дзверы сцяжынкі па вуліцы высыпаць. Высыплем сцяжынку, загагочам пад акном, ды ходу. Раз памятаю, сыпалі мы дарожку ад Кірылавага Івана да Матроны. У нашай кампаніі быў такі Рыгор. Ты яго не памятаеш, памёр, зямля б яму лёгкай была. Ну, і голас у яго быў. Бывала, як зарагоча — па ўсёй вёсцы вароны з дрэў са страшным крыкам паўзлятаюць. Дасыпалі мы, значыць, да Матроны, а Рыгор як не зацягне сваё „гу-гу-гу", дык тая, як несла міску з гарачай кішкай, так і паставіла яе, замест на стол, на галаву старому Ніканору, бацьку свайму. Мы са смеху ледзь не паўсікаліся. Што і не вытваралі? Усе вароты паздымаем ды пазаменьваем. Памятаю, раз нашаму суседу варотамі дзверы ў хату загарадзілі. Так прыладзілі, што той з хаты вакном вылазіць мусеў. Данілу стог сена за вёску перавезлі, Міцьку санкі на вёрст пару адагналі. Яшчэ і ставіць мусіў, каб сказалі, дзе схавалі. Рабілася, ой рабілася! Але людзі ведалі, што так прынята і ніхто не крыўдзіўся. А зараз...? Хуліганам, або злодзеем абзавуць. Дзіўныя цяпер людзі... Ну, але ты ўжо лягай. Заўтра ўстанеш, грашыма памыешся, каб багатым цэлы год быць. Лягай! А я яшчэ надвор выйду, сабаку спушчу.

Стары накінуў на плечы кажух і выйшаў. Міколка, распранаючыся, чуў як паскрыпвае пад дзедавымі валёнкамі снег, як радасна забрахаў сабака, пачуўшы канец зняволення. Прыкрўыся коўдраю і ўжо засынаў, калі пачуў на парозе злосны голас дзеда:

— А, сабакарнікі! Вароты знялі! Каб крышку раней выйшаў, дык... Уцяклі! Што за дурнота трымаецца?! I то Валодзеў! Ва ўніверсітэце вучыцца, а такой глуповінай займаецца. Заўтра да бацькі пайду. Такі бамбіза, а... — і тут дзед, глянуўшы на ўнука, замаўчаў. Зняў кажух, разбуўся і палез на свой запечак.

Загрузка...