ЯК ДАНІЛА З ДЗЯМЯНАМ ВОРАГАМІ СТАЛІ


Пакуль у Дзямяна стадола была ветрам крытая і хата, калом падпертая, крыва, на парослы травой пляцень узіралася, дык Даніла душа сусед быў. Хоць ты яго да раны прыкладвай. Заўсёды галубчыкам ды міленькім, міленькім ды галубчыкам называў.

— Калі б нешта табе трэба, дык заходзь. Дзверы маёй хаты табе заўсёды адкрытыя. Хто ж дапаможа, як не сусед суседу? — гаварыў.

Не ганьбаваў і старэнькай суседавай хатай. Пры кожнай нагодзе ў госці заходзаў. Навэт гусі, і тыя, кожны дзень па Дзямянавым панадворку хадзілі.

— Асцерагайся, Дзямян, свайго суседа, — гаварылі людзі. — Дрэнны ён чалавек, ашуканец вялікі. Пакуль руку яму падасі, перш пальцы пералічы. Так і глядзі, каб з аднаго не ўхапіў.

Але Дзямяну што, панадворка шкада? Як там гусь травы пашчыпае, то раптам ужо і бяда? Суседзі ж.

I жылі гэтак, пакуль Дзямян будавацца не пачаў. Але калі новыя і прыгажэйшыя, чым у Данілы, хлявы паявіліся і дачка ва ўніверсітэт дасталася, а суседаў сын нават матуры не здаў, дык сяброўства як ветрам развеяла. Пачаткова Дзямянавы куры адна за адной з перабітай нагой, або крылом з агарода пачалі вяртацца. Потым даносы пасыпаліся, што, моў, свіронак у Дзямяна не па плану пастаўлены ды святло ў хлявы без дазволу праведзена. А калі ніякіх адхіленняў не знайшлі, давай тады Даніла па вёсцы разносіць, што нібыта Марына, Дзямянава жонка, усіх у горадзе маслам замазала.

— А чаго ж яна туды кожны тыдзень ездзіла? Курэй возіць, а потым крычыць, што я ёй павыбіваў. Нават у Варшаве падлезла, каб дачку ва ўніверсітэт усадзіць, а майму Валодзьку і матуры не далі зрабіць. Долары ўсё! Сам бачыў, як лістонаш пісьмы з Амерыкі прыносіў, — расказваў па вёсцы.

А ўсё яно так, таму, што Дзямян жыць ад яго лепш пачаў. Хадзілі б далей Данілавы гусі па яго панадворку і сусед быў бы, хоць ты да раны прыкладвай.

Загрузка...