МУЗЫКІ


Аркестр роў ужо з паўгадзіны. Двое, з перавешанымі праз плячо гітарамі, верашчалі ў мікрафон. Трэці, то круцячы, то ківаючы, галавою, нібы б'ючы паклоны сваёй музыцы, валіў у бубны.

А ля святліцы вылі матацыклы, пішчалі тармазы машын. Прачытаўшы, у парасклейваных па ўсёй ваколіцы самаробных плакатах-запрашэннях, з'язджаліся на музыкі.

А аркестр рэзаў. I то гэтак, што, з пачаткам кожнага танца, на другім канцы вёскі з дзікім крыкам узнімаліся вароны і доўга-доўга кружылі.

Біляцёр, апаражніўшы невядома каторую бутэльку піва, якое прадавалі намесцы, падшчыпваў дзяўчат, радасна шчырачы зубы. Мясцовых пускаў дарам. Ды паспрабуй не пусці, а асабліва жанчын! Такую апінію выставяць, што век людзям на вочы не пакажашся. Як з Санькам было, калі Дарчынага сабаку прыбіў? I то ў сваім куратніку злапаў. Як пусціла тая пагалоскіі, што ён з сабак шкуры здзірае, дык па сённяшні дзень мясцовыя пальцам паказваюць ды „гаўкаюць", праходзячы ля яго хаты.

Бабы тут ого! Яшчэ на добра танцы не раскруціліся, а яны ўжо тут. Сплёўшы на грудзях рукі, паставілі пад сценамі ды выдаюць апінію: „А тая, то апранута, як ліхое, а гэта выкручваецца, як чарцяня, а што там за адна ў штанах?..

— Ты глянь, Волько, на Мішкаву, — ўголас суседцы Манька. — Бадай яе халера! Налажыла спадніцу на дзве пядзі, што аж зызу відаць, і скача, як нядобрае нейкае. Што за бацькі? Я б сваёй кудлы паабрывала. I чаго тут хлопцаў вініць, калі дзяўчаты самі налазяць.

— Яно так. I сораму ніякага няма. Антыхрыст умяшаўся. Калісьці наложыш саян да самых пят, а ўжо барані Божа, каб калена відаць было, — тлумачыць Волька. — I танцы як танцы былі, полька, казачок, а цяпер як чэрці выскакваюць. Адно другому кулакамі пад нос совае. Каб я так калісьці, як Дуньчына, выкручвалася, — адразу прыдуркам палічылі б.

— А гляньце, як Маньчына апранулася? Чума нейкая. Галава — хоць ты гняздо рабі, а юбка, аж па зямлі цягнецца. Не пасуе ўжо цяпер гэтак, — крычыць Міхаліха глухаватай Іванісе.

— Ты глянь, глянь, Яўдося! Дзямянчына зноў з ішным кавалерам. Валацуга! — паказвае галавой Кірыліха.

А зала аж гудзе. Пыл стаўбом. З-пад ног сыплюцца іскры гашаных у танцы папярос. У кагосьці выпала з кішэні бутэлька і па святліцы разліўся гарэлачны пах. У кутку ўжо за боркі хапаюцца. Духата. Па тварах дзяўчат сцюжкамі сплываюць тушы і пудры. Біляцёр сядзіць пасалавеўшы на скрыні з-пад піва і стараецца папасці бутэлькай у рот.

Раптам, махаючы абарваным ад кашулі рукавом, уляцеў у святліцу Ваня, якога мясцовыя музыкантам празывалі. Пальца вялікага на правай руцэ не хапала.

— Хлопцы! Нашых б'юць! — зароў перапітым голасам.

Усе гуртам кінуліся на двор. Вайна была ў поўным ходзе. Свістала каменне, трашчалі штахеціны, нехта шпурнуў бутэлькаю. Выйшлі і жанатыя. Хто з калом, хто ўручную. Васіль з цэпам прыпёр. Іван хваліўся, што зараз дзедаву гіру прынясе, але раптам замоўк. Біліся. Невядома, хто з кім, але біліся. Чуваць было, як Пятро да Васіля з мацюком кінуўся. А той, неразабраўшыся, цэпам яго па плячах. Піск, крык. Бабы разляталіся нібы гусі, калі нехта соваўся ў іх бок. Ваня-музыкант скакаў, як той заяц і, з бяспечнай адлегласці, вымахваў рукамі ды на крык браў. А аркестр іграў. Ды інакш і быць не магло, згоджаны. Маглі б не заплаціць.

Пачало світаць. Памалу ўзыходзіла сонца. Сям-там ляжалі п'яныя. На плоце вісеў нечы пінжак, нехта полем ішоў у напрамку суседняй вёскі, хтосьці хадзіў па святліцы ды нечага шукаў. Музыкі закончыліся.

Загрузка...