ДЗІВАК


Нездарма Яўфіма дзіваком празвалі. Як учаўпе нешта, як схлусіць, то і праўды ніхто гэтак не скажа. Ведаеш што хлусь, а паверыш. Потым толькі скрыганеш зубамі, плюнеш са злосці, але што ты, брат, зробіш? Хіба, што букецік народных эпітэтаў ды пажаданняў пашлеш.

Вось, прыкладна, святочная раніца. Павыходзілі людзі на вуліцу, паставалі і разгаварыліся. А тут і Яўфім ідзе люлькаю папыхваючы.

— То вы не ў горадзе? — пытае не даходзячы.

— Добра, добра! Знаем тваю палітыку! — адазваўся нехта з групы.

— Проста, так пытаю. Бачыў, што з суседніх вёсак едуць. Аўтобусаў нават сёння падбавілі. На прыпынку аж кішма кішыць, — дадаў і прайшоў побач.

У групе на хвіліну заціхла. Хто ў зямлю ўзіраўся, хто за папяросамі ў кішэнь палез...

— Што ж гэта можа быць? — спыніў хтосьці маўчанне.

А апошнія толькі на гэта і чакалі. Загаманілі, што, моў, нармальная нядзеля, а людзі ў горад так валяць. Чаго? А ехаць едуць. Васіль аж за стадолу выбягаў, каб на прыпынак глянуць. Сапраўды там поўна. Шмат чаго прадумалі, але нішто не пасавала. I развязку даў Іван:

— Няйначай, як крамы адкрытыя і нейкая агульная паслясезонная пераацэнка тавараў. Чаго ж бы інакш ехалі?

I так пачалі пераконваць адзін другога, што сапраўды паверылі. Абавязкова пераацэнка.

Першым з кампаніі адлучыўся Ванька, потым Грышун, тлумачачы, што забылі каней павыводзіць. За ім Васіль. I так, адзін па адным, паразыходзіліся.

Пакуль Яўфім дайшоў да канца вёскі - вуліцу, як вымела. Але ж раптам — Іван паявіўся. Ідзе, толькі полы плашча маталахаюцца. А неўзабаве і Ёзік ўдагонку яму кінуўся. Агародамі Санечка папёр. Выбралася з дзесяцёх. На аўтобус, што праўда, не паспелі, але трактар прычэпу цягнуў. Трактарыст знаёмы, дык спыніўся. Паўлазілі, а там ужо на дзве калоды ў дурня рэжуць.

— То і вы ў цырк? — спытаў нехта з сядзеўшых. СКР усім сваім працаўнікам білеты зафундаваў. А вы як — за свае, ці мо таксама дармовыя маеце?

— ??? За свае, — адказалі пераглянуўшыся.

Ой, і было! Цэлы тыдзень у вёсцы смяяліся, як Яўфім мужчын у цырк выправііў.

Або аднойчы як з мяшком выйшла! Толькі што святло людзі ў хатах запалілі, як прыбег Яўфім да Міколавага Кірылы і ад парога:

— Пазыч мне мяшок, бо мае ўсе заняты, а тут, як назарэз патрэбны. Торф Дзямян аддае. У горад да сына перабіраецца і аддае. Людзі па тры бяруць. Антошка возам паехаў. Мне то ён, праўда, і не патрэбны, але абы ласку зрабіць. Яшчэ падумае, што ганьбую. Пазыч, як можаш.

— Калі, знаеш, няма. Я б з прыемнасцю. Чаму не? Але няма. Занятыя.

I толькі за Яўфімам зачыніліся дзверы, як Кірыла фуфайку на плечы, укінуў у возік, што зелле возіць, пяць мяшкоў, і проста на Дзямянава тарфавіска. I толькі там успомніў, што той ужо гады два як торфу не капае.

Найцікавей аднак было, калі Яўфім дабро аднавяскоўцам зрабіць захацеў. Будучы неяк у горадзе, бочку піва купіў. I ў адну святбчную раніцу вынес яе на панадвбрак ды давай частаваць усіх, хто толькі вуліцай праходзіць. Сядзіць на парозе і запрашае. Пачаткова думалі, што нейкае новае ашуканства, ну бо хто гэта бачыў каб піва дарам раздаваць. Каб бутэльку ці дзве паставіў, але тут пі хоць ты лопні. Пра заплату і слухаць не хоча. Паспрабавалі адны — сапраўднае піва, ні дадаць, ні адняць.

— Піце, піце на здароўе, — частуе Яўфім. I пілі. Пачаткова культурна. Вып'е той-сёй кубачак і стане з боку, пакуль Яўфім зноў прыпросіць. Але, калі тое сваё рабіць пачало, дык культуру кот на хвасце панёс. Па голавах лезці пачалі, абы да бочкі хутчэй. Нават з пасудзінай сваёй прыходзілі — у каго квартачка, у каго каструлька. Ужо і да Яўфіма кідаюцца, чаму той чаргі не пільнуе. Найгорш было калі піва скончылася. Да бочкі лезуць, а піць няма чаго. Тады ўжо і Яўфім спалохаўся. А што, думаеце, народ раззлаваны.

— Што вам у голаву прыйшло? — пыталі потым у Яўфіма.

— Ат, стары я ўжо, паміраць хутка, а тут мо не адзін і ў крыўдзе ад мяне. Навошта ж грэх на той свет цягнуць? Дай, думаю, хоць раз дабро людзям зраблю. Пабачу, як гэта яно, калі ўсё супольнае будзе.

Дзівак быў Яўфім...

Загрузка...