Сусед, прыйшоўшы заказваць варту, убачыў, што Сцяпан не ўстае. Скрунуўшыся ў клубок, ён цяжка стагнаў. Забралі яго ноччу, на сігнале. Назаўтра ў вёсцы толькі і мовы, што пра Сцяпана:
— Памрэ, відаць. З галавою жарты малыя.
— А з Мікітам як яно было? Таксама галава ды галава... Пахнеў з паўгода і канцы.
— Шкада чалавека. Дабрашчы такі. Але так і пражыў цэлае жыццё адзінока — ні жонкі, ні дзяцей.
— То ж так. Нажываў, нажываў і пакінуў усё невядома каму. Нават каровам ніхто не падаваў, мычаць з голаду
— Сястру ж мае, брат ёсць!
— А хто іх тут калі бачыў?
I так ад раніцы жыўцом хавалі Сцяпана. Адны спачувалі яго адзіноце, іншыя шкадавалі гаспадаркі, што марна прападзе, наступныя сабачылі на абыякавасць брата і сястры.
Але тыя не былі такімі абыякавымі і гаспадарцы дарам загінуць не далі. Нібы па тэлефоне данеслася да іх, што са Сцяпанам безнадзейна. І вечарам ужо прыехалі. Нават цётка нейкая аб'явілася. Брат паляцеў да стадолы, сястра адразу па хлявах кінулася, а цётка за абразамі ды па каморы шнырыла. За ноч зніклі воз з веялкай, над раніцай кароў у хлявах ужо не было, а каля поўдня пачалося:
— Як роўна, дык роўна! — гарланіў брат. — Усе каровы папрадавала!
— А ў стадоле, што?! Менш было? — вымахвала рукамі сястра.
— I я ж нейкая сваячка. I маёй тут працы нямала, — не змаўчала цётка.
— О! Яе працы! — А хто тут цябе калі бачыў? — супольна кінуліся да цёткі. — Хопіць табе таго, што ў хаце знайшла.
— А ты тут да мяне не падмашчвайся, сама дам рады! — сунулася сястра да брата, убачыўшы, што той стае на яе баку. — Яшчэ Сцяпан не памёр, а ён ужо ўсю стадолу ачысціў!
— Гооо...! Тая, што ў хлявах нічога не чапала!
— А як ён і выйдзе, то хто яму гэтых кароў даіць будзе?
Ачысцілі. Задбалі пра ўсё. А кажуць, адзінокі быў...