— О, тут! Тут! У прагон палезла! Ксы, Бобік! Ксы!
— Што там такое?
— Не ведаю, але палезла! Жну я на мяжы траву цяляці, аж раптам — як не запішчыць, а потым — як не забрэша Бобік ды як не кінецца за ім. А яно туды, то сюды і ўрэшце шмыг у прагон, — задыхвалася бабулька Кацярына.
— Ну, але што?
— А чорт яго там ведае! Такое з хвастом, з вушамі... О, вунь там, пад мастком сядзінь. Ксы, Бобік! Ксы!
— Лезь Іван!
— Ты што, здурнеў? Каб вочы выдзерла? Лезь сам, а я з другога боку папільную, каб у поле не ўцякло.
— От булава пустая! Бамбіза, а невядома чаго баіцца. I без цябе выганю. Вы, бабулька, паглядзіце, каб не ўцякло, а я саломы прынясу.
Уваліўшы пад масток два снапы немалочанага жыта, Мікалай чыркнуў запалкай. Агонь хутка разгарэўся і палез сваім вострым языком у прагон. Але вылазіць нічога не вылазіла.
— Сырога трэба падкінуць, каб больш дыму было, а то агонь толькі верхам цягне, — параіў Іван і кінуў падпашак, згорнутай з суседавага поля канюшыны.
— Ёсць! Гаў-гаў! Вылазіць! Тхор гэта! Тхор! — закрычалі пад брэх сабакі.
Іван і Мікалай кінуліся як не па сваё на другі бок дарогі. I Хведарчык, кінуўшы накладаць на воз жыта, з віламі пёр.
— Туды, Туды! З боку заходзь! — крычаў Іван.
— На мяне гані, я яго тут віламі, — даваў знаць аб сваёй гатоўнасці Хведарчык.
— У кусты наганяй! — верашчаў Мікалай.
Але тхорыка і паганяць не трэба было. Ён сам, думаючы, што знойдзе сховішча ад гэтай страншай пагоні, так і бег, скуліўшыся, проста на прыдарожны куст ракіты. Першы даляцеў Хведарчык, а дакладней яго вілы, якія з размаху ўеліся ў дрыжачае са страху цельца тхорыка. Потым Іван з Мікалаем падбеглі. Толькі Бобіка не падпускалі.
— Вон пайшоў! Футра яшчэ папсуеш! Вось жонцы радасць. Цудоўная шкурачка, — захапляўся Іван, трымаючы за хвост безуладнага тхорыка.
— Чакай-чакай,..! Чыя жонка? Я яго выгнаў і зараз жа мне яго палажы, — наступаў Мікалай.
— А жыта, то чыё ты прынёс? Нябось, са свайго поля не ўзяў, — не здаваўся Іван.
— Каб не мае запалкі, то якраз ён тваёй саломы спалохаўся б.
— Я яго забіў і мой ён, — адазваўся Хведарчык.
— Якраз цябе і прасілі, каб ты бег. I без цябе дагналі б. Заўсёды на чужым прывык нажывацца. Ты, во, у Івана і хамут украў, а кажаш, што ён твой.
— Та ты што, злодзеем абзываць уздумаў! — кінуўся Хведарчык да Мікалая.
— А што, можа не ўкраў? Ты ж толькі ведаў, што ў палоўніку трымаю, — не выцерпеў Іван, бачачы, што ёсць магчымасць сагнаць накіпеўшую злосць, і лясь Хведарчыка..
— Так-так, Іван! Не будзь дурнем, дай! Пастой за сваё, — паддаваў злосці Мікалай, сам разглядаючьтся за звярком.
Але не было ані тхорыка, ані Бобіка, ані бабкі Кацярыны.