— Ты, Кірыла, зрабі гэтак..., — зашаптаў нешта суседу Мікіта.
Назаўтра Кірыла збіў невялікую скрыначку, замкнуў, а ключык на шнурочку, нібы талісман, павесіў на шыю. З гэтай пары хадзіў ён ды пабразгваў змесцівам шкатулачкі. Нявесткі пераглядваліся паміж сабою і недаверліва паціскалі плячыма. Адносіны да Кірылы змяніліся. I да стала яго ветліва запрашаць пачалі, і больш смакавіты кусочак падложаць, і да працы не гоняць.
— Вы, тату, не ідзіце, вам цяжка. Мы і самі тую бульбу выкапаем, — прыдабралася малодшая.
— Так, паляжце лепш, адпачніце. Мы і малых з сабою возьмем, каб не перашкаджалі,.і кароў дарогаю перапнем, — не заставалася ў даўгу старэйшая.
А стары толькі сціскаў шкатулачку ды ласкавым словам успамінаў суседа.
На зіму Кірылу нават у хату са свіронка забралі.
— Ідзіце, ідзіце, там жа акасцянець можна. Што вы? Такі холад! Маладога дрыготкі бяруць, а старому і пагатоваму!
— Дык і ў нашай палавіне можна, хадзеце. Ложак ля сцяноўкі паставім, цёпла будзе, — лашчылася старэйшая.
— Чаго ж да вас? У нас і месца больш, і дзяцей няма. Старому спакой патрэбны, — не адступае малодшая.
А самі толькі глянуць на шкатулачку і ледзь да вачэй адна другой не скачуць.
Кірыла жыў, як у Бога за плячыма. I апраналі, і еў як чалавек, і грошы на папяросы давалі, і дарункі прыносілі. Адна толькі пойдзе, другая прыходзіць.
Пад весну стары занядужаў. З бакоўкі, дзе спаў, нявесткі не выходзілі. Адна другой так і спаглядала на рукі ці да ключыка не цягнуцца.
Пасля Вялікадня загаласілі. Ой, як плакалі! На труну падалі, а злосць у душы так і кіпела. Шкатулачка недзе прапала.
Калі людзі прыйшлі псалтыр чьгтаць, дык нявесткі ў бакоўку пабеглі. Шнырылі, заглядалі. Знайшлі яе за сундуком. Упала, відаць, з абяссіленай рукі. Кінуліся. Рвалі адна другой. Шкатулачка, нібы жывая, выслізгнулася з рук ды разбілася.
На покрыўку высыпаліся рознакаляровыя шкельцы ды дробныя каменьчыкі.