Як усё дзіўна ў гэтым жыцці бывае. Тут радасць — хоць ты поўнымі жменямі пхай у кішэні, то зноў надыдзе такое, што, душы, здаецца, не чуеш і толькі дурныя думкі ў галаву прыходзяць ды бяссільная злосць у сэрцы кіпіць. Жыццё — мастак сітуацый. Быццам бы сядзела яно пры шахматным полі і перасоўвала людзей нібы фігуркі. Так...
Час аднастайна тупаў зграбнымі стрэлкамі па цыфербляце прывакзальнага гадзінніка. Некалькі хвілін і паміж перонамі спыніўся, засопшыся, цягкік. Сустрэліся яны пры білетных касах. Ідучы праз парк, размаляваны восеньскай рукою, спехам запаўнялі сваё месячнае расстанне.
— Нічога асаблівага, так як дома, — прытуляецца да мужа Лена. — Некалькі начэй падрад суседка начавала, бо яе Андрэй зноў пачаў таўчы пасудзіну. А потым зноў нашыя з вёскі прыехалі. А ты?
— Ну, ведаеш, так як у камандзіроўцы — і адпачыць не адпачнеш, і напрацавацца не напрацуешся.
Уздымаючы нагамі асыпанае лісцё, ішлі яны ў напрамку сваёй хаты. Але раптам:
— Маё вітанне! — нехта махнуў нізка капелюшом ды заазіраўся.
Можа падвыпіўшы, можа не пазнаў. Лена нібыта крыху збянтэжылася, нібыта са здзіўленнем паціснула плячыма і глянула на Колю быццам бы шукала ў яго паяснення — Хто гэта, моў?
Але Коля спытаў у яе.
— Упершыню бачу. П'яны мабыць нейкі, а мо абазнаўся.
— Ну-ну. З незнаёмай так не вітаюцца. Хто гэта?!
— Далібог не ведаю. Я думала, што ён з табою.
— Не ведаеш? Гэта так — я ў камандзіроўцы, а ты гуляеш?!
— Ну, не знаю я яго!
— Утойвай — не ўтойвай і так дайду, валацуга ты!
— Дык у суседкі папытай. Хай скажа, ні я куды хадзіла?
— А навошта ж хадзіць, калі самі прыходзілі! Ёсць доказ.
— Я ж тое самае магла б падумаць і аб табе, калі тая бландзіначка была.
— Так?! Што ты тут школьную сяброўку мяшаеш?
— А па-сяброўску то не маглі...? Чаго ты да мяне прычапіўся? Месяц не было і зноў са сваімі падазрзннямі.
— Бо маю доказы. Незнаёмы кланяцца не будзе. Тут усё яўна відаць.
I слова па слове напружанасць узрастала. Дайшлі дахаты. Назаўтра тое самае. Напаслязаўтра яшчэ горш. Коля штораз пазней вяртаўся з працы. Авантураваўся.
— Я сваю дапільнаваў, — хваліўся, падвыпіўшы, суседзям.
А тут можа, проста, чалавеку было радасна ў гэты дзень. Ішоў ды вітаўся з усімі па чарзе. Мала гэта дзівакоў на свеце? Жыццё — мастак сітуацый.