«Імправізацыя» — такая рабочая назва дадзена прыведзенаму ніжэй урыўку пад час апошняй аўтарскай праўкі. Гэта — раздзел пад нумарам IV трэцяй часткі паэмы, надрукаваны ў першым выданні (Мн., 1918) і апушчаны ў чатырох наступных выданнях, а таксама ў зборах твораў Я. Коласа.
У апублікаваным у якасці першай рэдакцыі варыянце паэмы (т. VI, 1974) названы раздзел значна адрозніваецца ад выдання 1918 г., выпушчанага, як відаць, па часопіснай публікацыі і без непасрэднага ўдзелу аўтара — яго тады не было ў Мінску.
Уласна імправізацыя — перакладзены ў словы спеў скрыпкі — напісана пяцірадкоўямі. Пасля кожнага з іх ідзе прыпеў іншага рытмічнага ўзору, з усхваленнем творчага духу, божага, паводле Сымонкавага ўяўлення.
На усходзе слуп агністы
Ўстаў ад неба да зямлі,
I паліўся бляск празрысты,
Свет жаданы, свет прачысты,
Цені чорныя сышлі.
Хвала светламу дню, хвала!
Шлі дарогамі без долі
Людзі, пасынкі зямлі,
Дзеці здзеку і патолі,
Што знявагай і злой воляй
Цяжка скрыўджаны былі.
Радуйцеся, ўсе пакрыўджаныя!
Прыпеваў, а ўсяго іх дзевятнаццаць, у варыянце паэмы, пададзеным у т. VI, няма. Калі лічыць гэты варыянт першай рэдакцыяй, выходзіць, існавала яшчэ адна, прамежкавая, якая трапіла ў выданне 1918 г. і пры апрацоўцы паэмы ў 1923–1925 гг. была Коласам апушчана. Як і чаму пачалося аднаўленне і праўка апушчанага раздзела, расказана вышэй у кнізе.
Неўспагаднасць, насміханне!..
Спавівалі часта вы
Смуткам шэрага змяркання
Дух шукання, дух жывы.
I апойвалі атрутай
Сэрцы згнаннікаў святых,
Пацяшаліся пакутай,
Нешчаслівай доляй іх.
А за тых, з чыйго вы сэрца,
З чыіх вуснаў вы ішлі, —
У пагардзе, ў паняверцы,
Цяжкі крыж яны няслі,
I дарогі пракладалі
Праз гушчары у глушы,
Зерне праўды засявалі,
I ўсе сілы аддавалі,
Сокі сэрца і душы.
Беглі дні, ішлі нядзелі, —
Не змянялася карчма:
Так жа сцены тут глядзелі,
Дзверы гэтак жа рыпелі, —
Ім упынку ўсё няма.
I таксама, па заказу,
Граў Сымон па вечарох,
Дзе дух творчасці ні разу
Крыл сваіх разняць не мог.
I на волю хлопчык рваўся,
Толькі б зіму перабыць,
I памалу ён збіраўся
Долі новае ужыць.
Справіў вопратку на лета,
Грош такі-сякі урваў
I прастору, волі, свету
Зноў з надзеямі чакаў.
Меў тады адзін прыпынак
Для душы свае Сымон,
Гэта светлых мар будынак,
Дзе лунаў у думках ён.
I дзе толькі ні насілі
Мары-думачкі яго!
І аб чым ні гаманілі
Ні расказвалі чаго!
Раз карчма была паўнютка
I старых і маладых,
Вышаў хлопчык і ціхутка
Кінуў вочкамі на ўсіх;
На хвіліну завагаўся,
Потым скрыпку ўзяў і смык,
Усім сэрцам ім аддаўся,
I паліўся ціха зык.
Скрыпка штораз галаснее,
Прыямней звініць струна,
Скрыпка плача, скрыпка млее,
Выгаварвае яна:
«Творчы дух лунаў у высі;
Светы дзіўныя прад ім
Ў багнах тайнасці нясліся,
Песні светлыя ліліся
У прасторы векавым.
I збіраліся ў чароды
Хмары ў цёмнай глыбіні,
I вадзілі карагоды,
Шчасця поўныя і згоды,
Зоры, ззяючы ў агні.
Выплыў месячык двухрогі —
Тонкі срэбраны сярпок —
У неаглядныя разлогі,
Асвятляючы дарогі,
Сумны бляск яго пацёк.
А ў нізіне з-пад туману
Шэрай шлямай[32], як ралля,
Цемрай цяжкаю заткана,
Бы навекі пакавана,
Спала родная зямля.
Калі ўсё наўкол бліскала,
Ззяла ў полымі агнёў,
Дык зямля адна маўчала,
Пых і гожасць парушала
Урачыстасці вякоў.
І бліскучымі крыламі
Ціха творчы дух махнуў
Ўсемагутнымі вуснамі,
Паслухмянымі вятрамі
На зямельку ён дыхнуў.
I сказаў вятрам ён гэтак:
„Жыватворчасці мой дух
Вы нясеце на планетах
У падножжа зорных светаў,
Што разлегліся наўкруг.
I няхай зямля пазнае
Радасць светлую нябёс,
I ў марах вада ўзыграе,
I абніме моц святая
Горы, лес і сіняпёс.
I скажэце тым стварэнням,
Хто быў скрыўджаны людзьмі
I хто творчага натхнення
Прагнуў сэрцам як збавення, —
Духа творчасці прымі!“
I між цьмы зямлі нядбалай,
Дзе пануюць ноч і сон,
Над зямлёю заняпалай
Песняй згоды, громкай хвалай
Пройдзе голас іх, як звон.
Ціха неба скаланулі
I павеялі вятры,
Змрок ніжэй на дол прыгнулі,
Лес, ваду, зямлю кранулі
Духа творчага дары.
I зрабілася тут дзіва:
Абудзіліся лясы,
Дрэвы радасна, шчасліва,
Воды ў згодзе гутарліва
Злілі ў песню галасы.
А на ўсходзе слуп агністы —
Ад нябёс да быстрых рэк,
I паліўся бляск празрысты, —
Свет жаданы стаў і чысты,
Цень чарноты знік навек.
Па шляхах ішлі без долі
Людзі, пасынкі зямлі,
Дзеці здзеку і патолі,
Што знявагай і злой воляй
Цяжка скрыўджаны былі.
I на іх вятры дыхнулі
Духам творчасці святым
I ім сілы разгарнулі,
Душу праўдай ахінулі,
Асвяцілі сэрца ім.
I пайшлі яны, як стрэлы,
Громам голас іх гучаў,
Ды адгук на кліч іх смелы
Быў няпоўны і няцэлы —
Іх свет гэты не пазнаў».
Граў Сымон, і за ігрою
Шыбы тоненька гулі,
Гэтак першы гром вясною
Адгукаецца зямлі.
I дрыжалі жалем зыкі
У жальбе рвучы струну,
Нібы скрыпка і музыка
Дзве душы злілі ў адну.
Меў Сымонка іншы выгляд:
У вачах агонь блішчаў,
У душу глядзеў навылет,
Быццам нешта ў ёй чытаў.
Часам хлопец забываўся,
Дзе ён? Што з ім? — не ўчуваў,
Бы ад цела аддзяляўся
I свет гэты пакідаў…
Ён раптоўна абудзіўся…
— Годзе! Годзе! — чуе крык.
Момант творчасці разбіўся,
Змоўкла скрыпка, выпаў смык.
— У карчме ты ці ў касцёле?
На хаўтурах ты ці дзе?
Як уляпаў, ліха долі,
I канца няма — вядзе! —
Перад ім дзяцюк здаровы,
Задзірака і скакун,
Грозна ўстаў, насупіў бровы,
Вочы ўставіў, як каршун.
— Кантар Шлёмаў — расспяваўся!
Ты «Лявоніху» зайграй.
Раз наняўся, дык прадаўся,
А свайго не выдумляй! —
Адусюль нясуцца кпіны,
Гразь насмешак, жартаў бруд,
А за што? Якія віны?
Правініўся чым ён тут?
Бедны, збэшчаны музыка
Выглядаў, нібыта труп.
Не сарвалася ні зыку
З пабялелых тонкіх губ.
— Будзеш граць ці не ты, гніда? —
Насядаў другі дзяцюк,
Тонкі, доўгі, мэрам дзіда.
— Дай у карк яму, Паўлюк! —
Ўскочыў хлопец, не стрымаўся, —
Крыўда моцна дапякла:
Свет наўкруг у змрок заслаўся,
Заскакаў, закалыхаўся,
Злосць пружынай узняла.
— Я не буду граць вам!.. Свінні!..
Чуеш ты, даўгель-цыбук?
Граць не буду, чуй, — от згінь я!
Будзе здзеку з мяне, мук!..
Хоць парэжце на кавалкі,
Я і вокам не міргну,
А не буду граць з-пад палкі,
Спіны я вам не сагну!..
От я ўвесь тут перад вамі,
Біце ж вы мяне! Ну што ж? —
Шум пайшоў між дзецюкамі:
— Бач які — ідзе на нож! —
Сам сябе Сымон не помніў
I не ўзважыў сваіх слоў,
Але гэтым сябе ўроўніў, —
Большым стаў у дзяцюкоў.
— Што, Паўлюк? — пачулісь жарты, —
Зарабіў, брат, «цыбука»?
Справядліва — таго й варты:
Што ж ты лаеш хлапчука? —
А Сымон, як палатняны,
Погляд кінуўшы згары,
Праз карчму ішоў, як п’яны,
Без крывінкі у твары́.